Для жыхароў горада-спадарожніка мінулыя 12 месяцаў запомняцца мноствам добрых момантаў. Відавочна, шчасце найчасцей спрыяе актыўным і крэатыўным. І 2025 год не стаў у гэтым плане выключэннем. Нехта атрымліваў вялікі зарад у сямейным жыцці, іншыя ў працы або захапленнях дакраналіся да жыццёвых вяршынь. Згадаем і мы некалькіх жабінкаўцаў, каму год, які праз лічаныя гадзіны стане часткаю гісторыі, падараваў прыемныя ды вельмі запамінальныя імгненні.
Серабро з Паднябеснай
Сувязі нашага горада-спадарожніка з Кітаем, які нярэдка называюць Паднябеснай дзяржавай, мацнеюць і развіваюцца па многіх накірунках, найперш у навучанні ды культуры. Нездарма жабінкаўцы нярэдка звяраюць жыццё не толькі з еўрапейскім, але і кітайскім календаром (Мо таму і ведае кожны з нас пра набліжэнне года Вогненнага Каня?!). Аднак ёсць у нас і сувязі спартыўныя. Нядаўна гэта ў чарговы раз пацвердзіў Максім Рыбак.

Для Жабінкі даўно стала звыклым называцца сталіцай бокса. Максім – адзін з тых, хто сваімі частымі поспехамі на рынгу ўмацоўвае гэты паважаны “тытул” за родным горадам. Майстру скураной пальчаткі часам даводзіцца выступаць далёка ад роднага парога, абараняючы гонар не толькі раёна, вобласці, але і ўсёй краіны.
Вось і цяпер, напрыканцы 2025 года, юнак у складзе беларускай каманды выправіўся на поўнач Кітая. Там праходзіў міжнародны турнір по боксе сярод моладзі. Акрамя гаспадароў спаборніцтваў, у ім паўдзельнічалі спартсмены з Беларусі, Казахстана і Расіі, Таджыкістана, Узбекістана і Манголіі. У складзе нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь наш зямляк Максім Рыбак вельмі паспяхова выступіў у горадзе Харбін, і стаў сярэбраным прызёрам у вагавой катэгорыі да 71 кілаграма.
З радасцю далучаемся да віншаванняў у адрас жабінкаўскага спартсмена і яго трэнераў Юрыя Аўчыннікава і Яўгена Градаўляка. Жадаем Максіму і яго таварышам па камандзе і ў годзе, які надыходзіць, прадоўжыць і памножыць пераможныя традыцыі!
Пажаданні ад казачнай ўнучкі

Нельга ўявіць Новы год без Дзядулі Мароза і Снягурачкі. Яны заўсёды прыходзяць у добры час і выконваюць пажаданні, нават калі снегу няма і мароз не лютуе. Казачны дзед і яго ўнучка, што сёлета завіталі на галоўную гарадскую ёлку, аказаліся надзвычай таленавітымі. Незадоўга да першых удараў курантаў, якія павінны абвясціць пра змену гадоў, сустрэліся з Анастасіяй Прудзелюк. На гэты раз у дзяўчыны была выдатная роля: Насця ўпершыню стала галоўнай Снягуркай раённага фэсту і разам з Марозам Іванавічам, ролю якога выканаў Ілья Учаеў, дапамагла жыхарам горада-спадарожніка запаліць навагоднюю ялінку, а разам з ёй упусціць у Жабінку шчасце, радасць і добры настрой.
Адразу заўважым: наша Снягурачка нарадзілася зусім не за Палярным кругам, а ў аграгарадку Ленінскі. Яна выдатна спявае ў “Каларыце” ды “Скарбніцы”. Пасля заканчэння Брэсцкага музычнага каледжа імя Рыгора Шырмы дзяўчына стала дырыжорам акадэмічнага хору. Яна прызнаецца, што асабліва любіць сваю працу ў культуры, калі адбываюцца чароўныя ды непаўторныя святы – такія, як адкрыццё галоўнай ёлкі ў райцэнтры. Свае пажаданні Анастасія, вядома ж, Дзеду Марозу ўжо перадала, аднак расказваць пра іх не збіраецца, каб не сурочыць. У любым выпадку яны тычацца самых родных людзей. З дзяцінства ў Новы год яе вабіць шчодры навагодні карагод ды стол, за якім збіраюцца бацькі, Насця (яна ў шматдзетнай сям’і найстарэйшая), брат Вадзім ды сёстры Каця і Паліна.
Адразу бачна: наша Снягурачка – чалавек цёплы і ўсмешлівы, проста створаны для святаў. Усім-усім-усім яна жадае дабрабыту, каб кожны меў, як у песні пяецца, “харошых і добрых таварышаў”, а яшчэ – паболей магчымасцяў для падарожжаў па нашай цудоўнай планеце. Сама Анастасія часта і многа вандруе з сябрамі па роднай Беларусі. Адкрываць і ў сэрца запускаць родныя краявіды – галоўнае пажаданне жабінкаўскай Снягуркі на 2026 год, адрасаванае землякам.
Найлепшы падарунак у Новы год
Таццяна Семянюк працуе бухгалтарам на камбікормавым заводзе. Жанчына заўсёды на добрым рахунку на прадпрыемстве, і 2025 год прынёс ёй безліч прыемных хвілін, поспех ды павагу ад калег. Дый навагодняе свята не прыходзіць адно – яно адразу некалькі дарункаў нясе. Таццяна Вітальеўна і сама, нібыта шчодры падарунак. Гэта ж трэба было так умудрыцца ў апошні дзень года нарадзіцца!

Такі вось найлешы падарунак мама Наталля Іванаўна зрабіла сабе і мужу Віталю Мікалаевічу 31 снежня 1981 года. Заставаліся лічаныя гадзіны да свята, калі дзяўчынка абвясціла ўсяму свету пра свой радасны прыход. Скрутачак, абвязаны ружовай стужкаю, важыў крыху больш за тры з паловаю кіло, а рост у тагачаснай маленькай жыхаркі Ракітніцы быў усяго каля паўметра.
З тае пары ў Таццяны Вітальеўны воляй-няволяй склалася традыцыя. Штогод госці збіраюцца 31-га, але не для провадаў старога года, а каб павіншаваць гаспадыню дома з чарговым днём варэння. За сямейны стол сядаюць самыя блізкія людзі, якія прыязджаюць у такую чароўную ноч на вуліцу Лесапаркавую. У іх ліку – тата з мамай, муж Сяргей, які людзям дапамагае, працуючы ў МНС, сын Кірыл і дачка Вераніка, брат Таццяны Мікалай і яе сястра Марына з сем’ямі, мужавы бацькі Аляксандр Барысавіч і Зоя Васільеўна ды мужаў брат Ігар з сямействам, а яшчэ добрыя сябры – тыя, з кім прыемна сустрэць свята, бо гэта не простая змена каляндарных дат, але і гадоў, пражытых у шчасці побач з гэтымі выдатнымі людзьмі. Кожнаму з іх асобна Таццяна Семянюк гатова падараваць часцінку свайго свята, усім жадае здароўя, выканання пажаданняў і светлага міру ў кожны дом.
Трыумф на Міжнародным конкурсе
Запамінальным стане 2025 год і для Яўгеніі Зотавай. Ён, канечне, мінае, але пасля сябе пакідае прыемны музычны шлейф, прасякнуты духам перамогі. Дзяўчына, якую ў Жабінкаўскай дзіцячай школе мастацтваў называюць выключна “нашай зоркай”, напярэдадні Новага года прымае шматлікія віншаванні. І прычына самая найлепшая! Мяркуйце самі: зусім нядаўна Яўгенія пакарыла чарговую вяршыню – перамагла на Міжнародным конкурсе піяністаў “Royal bianca” (“Белы раяль”). Вялікая ўпартая праца прынесла поспех, да якога выпускніца Жабінкаўскай ДШМ ішла вось ужо не адзін год. Падчас выканання конкурснай праграмы яе рукі, як матылькі, літаральна ўзляталі над клавішамі і краналі іх з вялікай пяшчотай. У выніку выступленне юнай жабінкаўчанкі было ацэнена на выдатна. Яна нават узяла Гран-пры ў намінацыі “Сола з аркестрам”, а таксама атрымала спецыяльны прыз ад патрабавальнага журы.

Да такой цудоўнай перамогі дзяўчыну прывяла педагог Святлана Антановіч. Асаблівую падзяку заслужыла і яшчэ адна жанчына са светлым імем – мама Святлана Зотава. Святлана Іванаўна вельмі моцна звязана з музыкай. У дзіцячай школе мастацтваў яна кіруе народным аркестрам народных інструментаў настаўнікаў музычнай установы, дзе выхоўваецца вельмі шмат таленавітых дзяцей. Цяпер з вялізнай радасцю матуля падзяляе перамогу дачкі, для якой некалі адкрыла шлях у свет прыгожага.
Анатоль БЕНЗЯРУК, Наталля КАВЯРГОВІЧ
Фота Дзіяны МЕЛЬНІКАВАЙ і з архіва герояў
Popularity: 1%



















































































































































