Культура ў Жабінкаўскім раёне: спалучэнне земляробства і мастацтва

У слова “культура” сотні вызначэнняў. Аднак самыя даўнія і асноўныя два: перш-наперш, культура азначае ўменне апрацоўваць зямлю; а яшчэ культура – гэта ўсё на Зямлі, што створана чалавечым розумам і рукамі.

Паколькі культуру земляробства немагчыма аддзяліць ад мастацтва, ва ўсе часы людзі працавалі і пры гэтым спявалі, а як завяршалі палявыя работы, ткалі, вышывалі, расказвалі казкі… І гэтаму няма канца, пакуль жыве чалавечы род.

Прыкладам, такая вось звычайная сучасная карціна: гарачае жніво, абедзены перапынак, а пакуль хлебаробы адпачываюць, для іх спяваюць самадзейныя артысты. Усё ж нездарма беларусы спрадвеку казалі: “Не хлебам адзіным жыве чалавек”. Жыве наш чалавек яшчэ і з дапамогай песні, танца, прыгожага мастацтва. Усё гэта цалкам забяспечваюць каля 80-ці асоб, што працуюць у Жабінкаўскай раённай цэнтралізаванай клубнай сістэме.

Пра дойліда і ачаг культуры

Сэрцам горада-спадарожніка можна лічыць галоўную плошчу, на якой месціцца ГДК. Гэтыя тры літары ведае кожны жабінкавец, бо самыя адметныя ўрачыстасці Жабінкі, як правіла адбываюцца, менавіта ў гарадскім Доме культуры. Адлік сваёй гісторыі ён бярэ са жніўня 1949 года, а вось сённяшні гожы выгляд і плошча, ГДК набылі ў 2007-га, калі наш горад стаў сталіцай абласных “Дажынак”.

За дзесяцігоддзі жабінкаўскі ачаг культуры, якім заўсёды заставаўся ГДК, перажыў шмат навацый. Старажылы дасюль згадваюць, як у Доме культуры ладзіліся не толькі конкурсы агітбрыгад або выступленні вялікіх хораў, але й Усесаюзны фестываль самадзейнага мастацтва ды ўрачыста заключаліся шлюбы ці камсамольскія вяселлі.

Памятным стаў 1979 год. Тады, сорак пяць гадоў назад, для творчага развіцця жабінкаўцаў усіх узростаў шырока расчыніліся дзверы сённяшняга будынку на вуліцы Кірава ў доме № 91.

Тут зазначым, што спраектаваў яго наш зямляк Рыгор Будзько (1933 – 2017). Рыгор Рыгоравіч меў багаты паслужны спіс выдатных дойлідскіх работ, што знайшлі ўвасабленне па ўсёй Брэстчыне. Будуючы паўсюль дамы, таленавіты архітэктар з вёскі Арэпічы, вядома ж, не забываў і малую радзіму. Ён спраектаваў не толькі Жабінкаўскі ГДК, але і школы ў Жабінцы і Крыўлянах, Хмелеве і родных Арэпічах. Рыгор Рыгоравіч парупіўся таксама над стварэннем брацкай магілы савецкім воінам і партызанам, каля якой адбываюцца самыя значныя гарадскія святы.

Верыцца, што прыдзе час, імя выдатнага дойліда будзе годна ўвекавечана ў назве жабінкаўскай вуліцы альбо нейкай установы культуры ці адукацыі. Бо нездарма пісаў паэт:

 Заўважыце, як пройдеце прамком,
Што горад наш прыгожы, як ніколі…
Тут шчыраваў калісь Рыгор Будзько,
Для Жабінкі жадаў шчаслівай долі.

А спадарожніцай шчасця заўсёды з’яўляецца песня. Сапраўдным узлётам жабінкаўскай культуры стаў канец мінулага стагоддзя, калі папулярнымі былі рэспубліканскія агляды-конкурсы, кшталту “Увайдзі ў кожны дом, песня!”, “Беларусь – мая песня”, “Майстры мастацтваў – працаўнікам сяла”. Жабінкаўская культура тады загучала ва ўсіх сэнсах гэтага слова.

Мабыць, першым яркім і прыкметным крокам стаў 1981 год, калі Мікалай Зіноўеў разам з Валерыем Неменьшым, Леанідам Дашкевічам, Паўлам Карнеевым, Васілём Ільюком і Уладзімірам Абрамчуком заснаваў пры ГДК вакальны ансамбль “Каларыт”.

А праз пару гадоў Ірына Румко арганізавала дзіцячы танцавальны калектыў “Каруначкі”, які хутка атрымаў званне “ўзорнага”.

“Каларыт” ды “Каруначкі” і сёння з душэўнай песняю і ў рытме гарэлівага народнага танца рухаюцца па жыцці, радуюць гледачоў не толькі горада-спадарожніка, але і за яго межамі (нават калі тыя межы праходзяць у блізкім ці далёкім замежжы!).

Спадчына – ласка матчына

Амаль пятнаццаць гадоў, з лістапада 1997-га да лютага 2013 года, на чале гарадскога Дома культуры стаяла Галіна Іванаўна Турыцына. У гэты час у асаблівым фаворы знаходзілася захаванне і памнажэнне роднай спадчыны. Нездарма нават была распрацавана аднайменная праграма, што дазволіла ўзняць у раёне нацыянальную культуру на новы, пачэсны ўзровень. У гэты перыяд абудзілася цікавасць да беларускага мінулага, развіваліся фальклорна-этнографічныя калектывы. Сярод іх зоркамі першай велічыні сталі самадзейныя артысты з Хмелева – народны тэатр гумару і песні “Хмелеўскія валацугі” і ўзорны ансамбль “Дараносіца”. Хоць за гэты час змяніўся не адзін склад удзельнікаў, аднак калектывы дасюль на слыху, радуюць сваёй творчасцю, збіраюць па крупіцах абрады, спевы, танцы, якімі карысталіся яшчэ далёкія прашчуры.

Калі ўжо згадалі галоўную плошчу, нельга не ўспомніць, як з канца мінулага стагоддзя ў Жабінцы адрадзіўся звычай праводзіць у цэнтры горада асенні “Пакроўскі кірмаш”. За 115 гадоў ён стаў сапраўднай візітоўкай горада-спадарожніка. Пагэтаму штогод многія жабінкаўцы з нецярплівасцю чакаюць, калі надыдзе сярэдзіна кастрычніка. У такую часіну яны спяшаюцца на плошчу перад ГДК не толькі, каб набыць дары садоў ды агародаў. Не меншае захапленне выклікаюць у гасцей кірмашу самадзейныя артысты, і сярод іх – крыўлянцы, салісты міні-тэатра гумару і песні “Спявай, душа!”

У такі дзень можна прыкупіць не толькі прадукты да стала. Калі ёсць патрэба і жаданне ўпрыгожыць жыццё, зрабіць сваю кватэру ці дом больш утульным, на дапамогу прыйдуць народныя ўмеліцы, якія звычайна не абмінаюць са сваімі вырабамі “Пакроўскі кірмаш” ды іншыя раённыя і гарадскія святы. У іх ліку – жыхарка Жабінкі, народны майстар Беларусі па саломапляценні Ірына Коваль. Ірына Міхайлаўна са сваёй “Чароўнай саломкай” неаднаразова выдатна прадстаўляла наш горад. Вось і сёлета яна ўжо пабывала на Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве, дзе ў студзені праходзіў Міжнародны форум “Расія”. А гэтым летам хараство з саломкі, зробленае рукамі майстрыхі, радавала ўдзельнікаў знакамітага рэспубліканскага свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”) і прэстыжнага ганчарнага фестывалю ў вёсцы Гарадной Столінскага раёна.

Увогуле, цяжка нават палічыць усе тыя падзеі, якімі зараз насычана жыццё работнікаў культуры. І нічога тут не паробіш: яны працуюць, калі іншыя святкуюць. Бо і самое свята без іх бывае “прэсным і неінтарэсным”.

Тут прыгадаем толькі крышачку самых апошніх і запамінальных мерапрыемстваў, дзе праявілі сябе нашыя артысты. Найперш, гэта святкаванне 80-годдзя вызвалення Беларусі і Дзень горада Жабінкі, сустрэчы шматлікіх дэлегацый у мемарыяле “Драмлёва” і Першы абласны медыяфорум, што ладзіўся ў Жабінцы і наваколлях у апошні ліпеньскі дзень…

Цяпер жа на павестцы ў работнікаў ГДК і іншых устаноў культуры – раённыя “Дажынкі”, якія ў бліжэйшую суботу прымае Ракітніца. А гэта значыць: зноў шмат добрых слоў і звонкіх песень пачуюць ад артыстаў земляробы. Паколькі нездарма падмечана ў народзе, што не адзіным хлебам жыве на гэтым свеце чалавек.

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Кацярыны ЯКУБЁНАК

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.