МАЦЯСЫ: напярэдадні агульнага Вялікадня

Сёння «Жабінка актуальна» распачынае новы праект «Взгляд / Погляд», які складаецца з артыкулаў, аб’яднаных рубрыкамі «Что ты сделал для Родины?» і «Кропка на карце». Першай такой кропкай стала вёска Мацясы.

Цяпер ужо, мабыць, ніхто не даведаецца, кім быў той Мацяс (Мацвей), у гонар якога вёска атрымала імя. Паселішчу, якое ў XVI стагоддзі называлася Мацясамі, ці Церабесамі, налетась споўніцца 460 гадоў. Таму ўжо зараз мацясоўцы могуць пакрысе рыхтавацца да юбілею. А цяпер набліжаецца іншае значнае свята: праз чатыры дні і праваслаўныя, і каталіцкія вернікі накіруюцца ў храмы, каб адзначыць Вялікдзень. Свята вялікае і радасць агульная. Адметнасцю вёскі Мацясы спрадвеку было тое, што тут жылі ў міры і згодзе прадстаўнікі абедзвюх хрысціянскіх канфесій. І нярэдка такое, як у песні, бывала: «Яна – праваслаўная, я – каталік». Прыкладна палова мацясоўцаў наведвалі касцёл у Ківацічах, а іншыя ішлі, каб Богу памаліцца, у Вежкаўскую царкву.

Як Вайтовіч прозвішча мяняла

Сярод узнагарод найстарэйшай жыхаркі Мацясоў Лідзіі Вайтовіч самая дарагая – медаль Мацярынства ІІ ступені, якім у Савецкай краіне ўзнагароджвалі жанчын, што нарадзілі і выхавалі пяцёра дзяцей. Лідзія Канстанцінаўна пяць разоў зведала гэтае шчасце – даць жыццё новаму чалавеку. На жаль, адзін з сыноў гадоў дзесяць таму трагічна загінуў, але іншыя дзеці – Марыя, Ганна, Дана і Віктар – з пяшчотай адносяцца да маці. Не абмінаюць яе хату і васьмёра ўнукаў ды пяцёра праўнукаў. Гэткім чынам, Лідзія Канстанцінаўна ганарыцца сваёй вялікай сям’ёй.

А пачыналася яна, тая сям’я, прыгожым сакавіцкім днём 1959 года, калі Ліда і Казімір разам пешшу прыйшлі ў Крыўлянскі сельсавет.

– Якое прозвішча вы хочаце насіць пасля шлюбу? – спыталіся ў нявесты.

– Вайтовіч, – адказала тая.

Старшыня сельсавета зірнуў у Казіміравы дакуметы і азадачыўся:

– Вы што, сваякі?

– Суседзі, – адказаў жаніх. – Ліда з аднаго хутара, а я з суседняга. У нас Вайтовічаў, лічы, паўсяла.

Акрамя таго, Лідзія Вайтовіч была з праваслаўнай сям’і, а Казімір Вайтовіч – з каталіцкай (зноў жа, як у песні). Вось і атрымалася: прозвішча нявесце мяняць не давялося.

Чвэрць веку яна пражыла са свёкрам і свякроўю Анэляй і Паўлам, якія пахаваны ў Ківацічах на каталіцкіх могілках. Хоць і рознай былі веры, ды жылі душа ў душу. Свёкра, калі ён захварэў, нявестка даглядала да смерці. Гадавала дзяцей – не дзеля медалёў, а каб было шмат на зямлі Вайтовічаў.

Ну, і працу, канечне, ніхто не адмяняў. Гэта быў час меліярацыі, і Лідзія Канстанцінаўна ўладкавалася буфетчыцай, каб хлопцы-меліяратары заўсёды маглі падсілкавацца, змагаючыся з векавечнай дрыгвой. Як яны пайшлі далей ад Мацясоў асушваць балоты, Лідзія Вайтовіч уладкавалася падлікоўцам трактарнай брыгады, а з 1974 года і да выхаду на пенсію – загадчыкам склада ў родных Мацясах.

Калі калгасу імя Чапаева (сённяшні ААТ «Вазнясенскі») споўнілася 60 гадоў, муж і жонка Вайтовічы атрымалі граматы за шматгадовую плённую працу ў гаспадарцы. А на Дзень маці ў 2010 годзе – і гэтым таксама надзвычай ганарыцца Лідзія Канстанцінаўна – ёй як шматдзетнай матулі ўручылі віншаванне ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Значна больш узнагарод меў Казімір Паўлавіч, які пайшоў у іншы свет у самым пачатку новага веку. Муж быў вядомы механізатар, кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга. Пра яго поспехі не раз пісала «Сельская праўда», а цяпер згадвае і «Жабінка актуальна». У 1975 годзе Казімір стаў пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва, а Лідзія атрымала медаль Мацярынства.

Радавод на прыгожай карціне

Набліжаецца яшчэ адно вялікае свята – 80-годдзе Перамогі. Напярэдадні юбілейнай даты нельга было ў размове абмінуць пытанне: што памятае Лідзія Канстанцінаўна пра ліхалецце? І яна расказала, ледзь стрымліваючы слёзы.

Калі пачалася вайна, Лідачцы было амаль чатыры гады. Аднак часы акупацыі дасюль прапісаліся ў памяці. Выкрасліць такое немагчыма.

– Калі нашы адступалі, – згадвае Лідзія Вайтовіч, – немец падбег да майго дзеда Канстанціна і запытаўся, ці далёка да Масквы. «Не, недалёка, – адказаў дзядуля, – пару кіламетраў – і будзе табе Масква». А сабе самому сказаў: «Не, хлопча, не патрапіш ты ў Маскву!» У Свішчах стаялі немцы, партызан шукалі, а мы жылі пад страхам Божым, бо сусед Вікенцій Вайтовіч быў партызанам. Вось мама Марыя і папрасіла: «Бяжы хутчэй да суседзяў, каб не выходзілі, бо немцы з сабакам па хатах ходзяць». Калі нашыя гналі немцаў, тыя спалілі касцёл у Ківацічах ды гожую школу ў Свішчах. Зноў страху было шмат.

– Пра адно шкадую: не захавалася бацькавай картачкі, – уздыхнула Лідзія Канстанцінаўна. – Дзесьці была, ды згубілася.

– Як жа, мама? Ёсць-ёсць! – запярэчыла старэйшая дачка Марыя Жук з Малых Якаўчыц, якая наглядае за Лідзіяй Канстанцінаўнай.

Жанчына пашукала па хаце і хутка прынесла вялікую сямейную карціну – сапраўдны радавод, на якім партрэты не толькі пяцімесячнай Ліды Вайтовіч, але і яе бацькоў Марыі Сяргееўны і Канстанціна Канстанцінавіча ды бабулі Ганны Васільеўны з дзедам Канстанцінам Мікалаевічам.

Чужых клопатаў у старасты не бывае

Сустрэцца са старажылам дапамагла вясковы стараста Таццяна Лінік. Таццяна Мікалаеўна перажывае за кожнага мацясоўца як за роднага. Хоць яна родам з Пружаншчыны, але ж восенню 1994 года Мацясы сталі для яе лепшай кропкай на карце і ў жыцці. Прычына простая і зразумелая: у Жабінкаўскі раён дзяўчына выйшла замуж, а значыцца, і сямейнае шчасце набыла тут. Пасябравала з першага дня са свякроўкай (тая, да слова, з адной вёскі Чабахі, што і нявестка). Жанчыны сына і мужа не дзеляць. Васіль Уладзіміравіч – трактарыст у «Вазнясенскім», у той жа гаспадарцы і жонка працуе. Дзеці – Надзя і Андрэй – выраслі, будуюць уласныя жыцці, але ніколі не забываюцца пра свае мацясоўскія вытокі.

Тры гады таму Таццяна Лінік стала старастай. Тады яна была ў вёсцы паштальёнам. А хто больш за пісьманосіцу ведае людскія патрэбы? Пытанне, згадзіцеся, рытарычнае.

– Людзей у Мацясах стала прыкметна менш, – расказвае Таццяна Мікалаеўна. – Нехта з’ехаў на вучобу, працу, імёны-прозвішчы іншых, на жаль, цяпер, толькі на дамавінах прачытаеш. У асноўным старыя тут жывуць.

Лёс Ніны Іванаўны, свекрыві вясковай старасты, у нечым падобны. Тая прыехала ў гэтыя мясціны на чвэрць веку раней за нявестку. Тады навокал было шмат хутароў, але яны паступова знікалі. Вось і Лінікі пабудаваліся бліжэй да людзей і перасяліліся са сваёй сялібы ў вёску.

Яна – тая вёска, якой ужо няма – яшчэ не мела шмат дамоў, але была напоўнена дзіцячымі галасамі, ды і людзі будаваліся актыўна. У жніво да сотні жанчын выходзілі штодня ў поле. Цяпер ураджай збіраюць не жнейкі, а камбайны.

– І гэта добра, гэта правільна – новы век, ён чалавеку ў дапамогу, – згаджаюцца мацясоўкі. – І ўсё ж застаецца нейкі сум па былым…

Ёсць і праблемы, з якімі звяртаюцца да старасты аднавяскоўцы. Яна стараецца дапамагчы, даводзіць начальству, напрыклад, што не мае «даху над галавой» аўтобусны прыпынак, было б добра таксама, каб на вясковай вуліцы быў адрамантаваны асфальт. Тады б засталіся задаволенымі і пешаходы, і вадзіцелі.

А наш рэдакцыйны «жыгулёнак» рушыць далей. Шлях недалёкі: ад Мацясоў да Вежак – лічаныя кіламетры. А ў гістарычным плане яны яшчэ бліжэй.

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav

Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.