
Ёсць марскія глыбіні, цяжка дасягальныя, а ёсць вёсачка Глыбокае, да яе дабрацца няцяжка. Паселішча спрадвеку існавала ў глыбінях лесу. Ды і мясцовасць навокал знаходзілася ў нізіне адносна суседніх вёсак Барздзілы і Гарэлкі. Адсюль, імаверна, і атрымаў імя населены пункт.
Пункт і зараз населены, ды найлепшыя часы, на жаль, тут засталіся ў мінулым. У 1970 годзе жылі-былі на свеце 365 глыбокаўцаў. Цяпер гэта гучыць быццам казка. Бо сённяшняя быль не радуе: у Глыбокім жыхароў у дзесяць разоў паменела. Як прамовіла скрушна найстарэйшая жыхарка некалі шматлюднай вёскі Марыя Іванаўна Кухарчук: “Колісь дітэй було помного, а тэпэр по одному дітыне. Як тоды жызнь набежыть?”. Хоць тыя, хто абралі для жыцця гэты прыгожы куточак, любяць яго шчыра ўсёй душой.
У чатырох кутах
Сярод тых, хто глыбока любіць Глыбокае – Вольга і Уладзімір Мухі. Мы яшчэ не паспелі з кіраўніком спраў Крыўлянскага сельвыканкама Валянцінай Рубашэўскай і парог пераступіць у іх утульным доме, як пачулі шмат ласкавых слоў у адрас “Сельскай праўды” і “Зари”.

– Раённую і абласную газеты выпісваю 44 гады, з таго часу, як пайшла замуж, і ніколі ім не здрадзіла, бо кожнаму патрэбна ведаць, што адбываецца ў родным раёне і вобласці, – пераканана прамовіла Вольга Мікалаеўна.
Вясной 1980 года малады заатэхнік Вольга Савачка прыехала ў Глыбокае. Шлях у яе быў далёкі – з самага вялікага ў Беларусі Столінскага раёна да самага маленькага – Жабінкаўскага. А ўжо 19 ліпеня, калі ў Маскве запалаў агонь Алімпіяды-80, дзяўчыну павёў пад вянец мясцовы хлапец Валодзя Муха. Калгас “Світанак” пачаў будаваць для маладой сям’і прасторнае жытло. Пакуль дом будаваўся, стала Мух больш – выконвалі пажаданне калгаснага старшыні Віктара Замкаўца. Віктар Міхайлавіч, зацікаўлены, каб маладыя спецыялісты прырасталі каранямі да глыбокаўскай зямлі, з усмешкай сказаў:
– Старайцеся, каб у кожным куце было па дзіцяці.
Сказаў ды забыў, а вось маладыя не забыліся і чацвёра нарадзілі. А цяпер у Вольгі Мікалаеўны і Уладзіміра Іванавіча і ўнукаў чацвёра. Малодшыя Максімка, Данілка ды Савелій на шматлікія майскія выхадныя “акупавалі” дзедаву хату. Хлопчыкі для дзеда Валодзі сапраўдныя памочнікі. Старэйшы (якому толькі восем) з радасцю мотаблокам рулюе, а дзед за ўнукам прыглядвае ды крыху памагае.
І бабулі маладыя рукі патрэбныя.
– Я саджуся ў радок – і хлопчыкі побач, – гаворыць жанчына. – Ім пакуль сялянскія справы цікавыя. А як трохі ленавацца пачынаюць, кажу з хітрынкай: “Ой, бабульцы цяжка ўзнімацца. Трэба ёй мужчынская дапамога”. І бягуць мае хлопчыкі навыперадкі бабе памагаць. Мужчыны!
Клопатаў нямала ў старасты сяла
Ёсць у Вольгі Мухі і яшчэ адзін важны абавязак. З таго самага часу, як узнік інстытут стараст, яна – стараста вёскі Глыбокае. А цяпер яшчэ і суседнія Гарэлкі апякуе, дзе практычна не засталося тутэйшых, але многія хаты выкарыстоўваюцца пад лецішчы. Такія асобы, як Вольга Мікалаеўна, заўжды навідавоку. Тым больш, чым меншым становіцца населены пункт, тым часцей з’яўляюцца ў ім праблемы. Трэба паклапаціцца, напрыклад, каб не абмінала вёску, што раскінулася на некалькі кіламетраў, аўталаўка. І зазначым, адміністрацыя гандлёвага прадпрыемства, якое забяспечвае прадуктамі вяскоўцаў, прыслухоўваецца да просьбаў старасты.
Гэты год нездарма праходзіць пад зоркай юбілейнай даты вызвалення. 80 гадоў таму мірным стала неба не толькі над Глыбокім – над усёй Беларуссю. У дні вызвалення ў гэтых мясцінах ішлі жорсткія баі. Размяшчаўся медсанбат, у якім памерлі ад ран салдаты-вызваліцелі Аляксандр Гольцаў, Фёдар Гупала, Якаў Іваноў, Кузьма Кандрацьеў, Шалва Манідзэ, Аляксандр Мухін, Аляксей Паддубны, Рыгор Радзіёнаў, Аляксандр Сляпцоў, Леанід Трафімчанка, Васіль Фралоў і Рыгор Яструбінскі. Пасля вайны іх астанкі перанесены ў Жабінку, дзе яны знайшлі вечны спакой у Брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан.
Пра падзеі ліпеня сорак чацвёртага года нагадвае таксама помнік-абеліск пры дарозе з імёнамі 38-мі глыбокаўцаў, якіх забрала вайна.
Схілілі і мы галовы на раздарожжы, а затым звярнулі налева, бо ўказальнік засведчыў: зусім недалёка ад Глыбокага месцяцца Вярхі.
Туды і павядзе нас асфальтаваная дарога ў наступны раз.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%