
Праект “Взгляд” сёння дазваляе ўважлівей прыглядзецца да вёскі Пруска (або Пруск). У сваёй назве яна захоўвае памяць пра племя прусаў, якое канчаткова знікла ў ХVІІІ стагоддзі. Энцыклапедыі, аднак, сцвярджаюць: імя старажытнага народа яшчэ і сто гадоў таму захоўвалася ў назвах 30 вёсак ад Балтыкі да Палесся. Даследчыкі лічаць, што і назва горада Пружаны звязана з прусамі. З часам многія дробныя Прускі канулі ў Лету, а вось наша існуе і зараз.
Пра сваю даўніну прускаўцы ведаюць і ёю ганарацца. Таму пры ўездзе ў іх паселішча падарожнага сустракае прыгожая шыльда са згадкай пра гістарычную падзею. Яна адбылася 13 красавіка 1534 года. У той дзень Пруску і суседнія Якаўчыцы наведала знакамітая каралева Бона.
Такім чынам, ужо мінуў 491 год, як Пруска існуе ў пісьмовых крыніцах. А вось пра сучаснае жыццё старадаўняга сяла ахвотна расказалі яго сённяшнія жыхары.
Абмялела людская “рака”
Былая настаўніца Галіна Жыгман каля сарака гадоў жыве ў Прусцы. Пасля Брэсцкага педінстытута імя А.С. Пушкіна яна прыйшла ў Якаўчыцкую школу, дзе да самай пенсіі выкладала матэматыку. На Пакровы 1968 года Галіна Мікалаеўна стварыла сям’ю з Антонам Жыгманам. На жаль, мінула больш за пяць гадоў, як Антон Антонавіч пайшоў у іншы свет. Чалавек ён быў гаспадарлівы, разам з жонкай каля ўласнай хаты ствараў прыгажосць, а яшчэ – вельмі клапаціўся пра родную Пруску. Нездарма людзі аказалі яму давер, абраўшы вясковым старастам. Дзякуючы намаганням Антона Жыгмана была, напрыклад, абноўлена лінія электраперадачы.

Галіна Мікалаеўна параўноўвае Пруску ранейшую з сучаснай:
– Людзей калісь было шмат, у вёсцы пасвілі ажно тры калейкі кароў, а зараз ужо ніводнай рагулі не засталося, усё цяпер магазіннае. Аўталаўка ад міжрайбазы прыязджае па аўторках, чацвяргах і суботах, таму з прадуктамі праблем няма. А вось “Еўраопт” некалі таксама наведваўся, але пра Пруску “забыўся”. А было б добра, каб і ён хоць пару разоў у месяц бываў у нас. Тады можна было б не толькі харчы купіць, але і прамысловыя тавары заказаць.
Аднак ёсць рэчы, якія ні ў якой краме не замовіш. Хоць у Пруску вельмі шмат буслоў у буслянках, ды дзіцячых галасоў амаль не чуваць. Яны пачынаюць “шчабятаць” хіба што летам, калі наведваюцца так званыя “дачнікі” – былыя вяскоўцы і іх нашчадкі – цяпер даўно ўжо гараджане.
– А раней, – успамінае колішняя настаўніца, – прускаўскія дзеці кожную раніцу цэлымі групкамі цягнуліся ў Якаўчыцы па веды. Думала, так будзе заўсёды, ды змяніўся час… Тыя дзеці выраслі і з’ехалі, а бацькі іх паўміралі, вось і абмялела людская “рака”. Не, дамы, што пасля іх засталіся, у асноўным не пустуюць, іх купляюць “дачнікі”. Мясцовых тут, лічыце, амаль не засталося, хіба што Вова Козел. Ён хворую маці даглядае, можаце з ім паразмаўляць.
Узнагароды з рук Прэзідэнта
Хутка мы былі на падворку Козелаў.
– А вы выпадкова не выкладалі ў Якаўчыцкай школе? – прыжмурыўшы вока, спытаў Уладзімір Уладзіміравіч.
– Зусім не выпадкова: быў там настаўнікам з 1991-га па 1998 год.

Тут і высветлілася, што сустрэліся не проста журналіст з вяскоўцам, а былы настаўнік з колішнім вучнем. Канечне, за дзесяцігоддзі Уладзімір Козел прыкметна змяніўся, ранейшай хіба што засталася ўсмешка. Яна так і не сыходзіла з яго вуснаў на працягу ўсёй размовы.
Па жыцці Уладзімір Уладзіміравіч пайшоў вайсковай дарогай, калі дакладней – стаў памежнікам. Прычым, у сваёй ваеннай прафесіі дасягнуў значных вышынь: за гады службы старшы прапаршчык Уладзімір Козел затрымаў 19 парушальнікаў граніцы – больш за іншых у Чырванасцяжнай пагранічнай групе імя Ф.Э. Дзяржынскага.
Зусім нездарма прускавец быў уганараваны медалямі “За бездакорную службу” ІІІ і ІІ ступеняў. Узнагароды старшаму прапаршчыку асабіста ўручаў у Мінску ў 2009 і 2017 гадах Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка.
Акрамя таго, за адзін толькі 2006 год Уладзімір Козел атрымаў нагрудныя знакі “Выдатнік пагранічных войскаў Рэспублікі Беларусь” І і ІІ ступеняў. Кіцель былога вайскоўца таксама ўпрыгожваюць шматлікія юбілейныя медалі. У 2019 годзе Уладзімір Уладзіміравіч выйшаў у адстаўку і вярнуўся ў родную Пруску. Аднак людзі ў пагонах у сям’і на ім не скончыліся. Старэйшая дачка Ксенія працуе ў міліцыі ў Пружанах. Як і ў бацькі, на яе пагонах па тры зорачкі, аднак больш важкія, афіцэрскія: участковы інспектар Ксенія Козел – старшы лейтэнант міліцыі.
А вось яе сястра Дзіяна вывучае ва ўніверсітэце ў Баранавічах замежныя мовы, аддае перавагу кітайскай і англійскай. Падрастае і сын-падлетак Максім. Бацька гаворыць:
– Дзецям, калі прыязджаюць у Пруску, вельмі падабаецца вясковы спакой.
Яны ўхваляюць, што тата даглядае бабулю Раісу Аляксееўну і падтрымлівае парадак у доме і навокал яго.
Нядаўна Арцём і Дзяніс – пляменнікі Уладзіміра Уладзіміравіча, якія жывуць у Сыктыўкары, – звярнуліся да дзядзькі з просьбай дапамагчы скласці радавод. І старэйшы Козел, вядома, чым мог памог, бо вельмі цэніць мінулае сям’і і ўжо не бачыць для сябе жыцця ў іншым месцы, чым тое, адкуль паходзяць яго карані.
Ужо заўтра – у паход
Калі для Уладзіміра Козела доўгая вайсковая служба скончылася пяць гадоў таму, дык для наступнага нашага героя яна толькі пачынаецца.
Пра адно пашкадаваў Іван Зыковіч, што не зможа прачытаць артыкул пра сваю вёску, бо ўжо заўтра адбывае ў Барысаўскі раён, дзе будзе праходзіць тэрміновую службу ў айчынным войску.

Тут давялося яго супакоіць: у сям’і, як бачна, раёнку выпісваюць, а таму матуля Марыя Васільеўна абавязкова захавае гэты нумар газеты, каб потым паказаць сыну. Дый на сайце “Жабінкі актуальна” з часам з’явіцца матэрыял пра Пруску і прускаўцаў. Таму Ваня і яго аднавяскоўцы бясспрэчна атрымаюць сваю “хвіліну славы”.
У апошні дзень зімы 19-гадовы юнак скончыў Брэсцкі дзяржаўны політэхнічны каледж, а ўжо праз лічаныя тыдні атрымаў позву з ваенкамата. 16 красавіка, як пра тое расказвала наша газета, быў на Дні прызыўніка ў Жабінцы і вось цяпер адбыў да месца службы. У планах Івана Зыковіча скончыць школу падрыхтоўкі сяржанцкага саставу і з часам далучыцца да кантрактнай службы.
– Выбар у мяне свядомы, заўсёды хацеў служыць Айчыне, як гэта заведзена ва ўсіх мужчын нашага роду, – дзяліўся пры нашай сустрэчы будучы ваеннаслужачы Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Яго сям’я два дзясяткі гадоў таму пераехала з Якаўчыц у суседнюю Пруску. Тут збудавалі гожы сучасны дом. Ім спадабаўся вясковы спакой, але ж і працы жыццё на зямлі вымагае шмат: каб стварыць такое хараство навокал, нельга ленавацца. Бо даводзіцца не толькі хатнюю гаспадарку трымаць і зямлю абрабляць, каб сябе пракарміць, але і дзеда Васіля Філіпавіча і бабулю Любоў Іванаўну падтрымліваць.
Так, спраў усім хапае, але й асалода ад іх ёсць. Бачна, што ў сям’і і працаваць умеюць, і святкаваць любяць. Святы, асабліва вялікія царкоўныя, збліжаюць родных людзей.
Мы пажадалі Івану лёгкай службы і развіталіся з ім і вёскай, дзе некалі жылі прусы, а зараз – беларусы.
Наступным разам пабываем адразу ў двух паселішчах – у Панцюхах ды Бабрах. Так сталася, што сёння яны ўжо амаль зліліся, нібы сіямскія блізняты. Жывуць у агульным, лічы, населеным пункце толькі 50 чалавек, прычым у першай вёсцы – 47 жыхароў, а ў другой – усяго трое. У народзе нават склалі прыказку пра вёскі-суседкі: “Цюх-цюх – да Панцюх, а затым цераз роў – да Баброў!”
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
