
На гэты раз у фокусе праекта “Взгляд” – адзін з самых старажытных населеных пунктаў Беларусі – вёска Вежкі.
Гэтая кропка на карце ўзнікла больш за 500 гадоў таму, а некаторыя даследчыкі нават сцвярджаюць: сяло са сваімі ўмацаванымі вежамі існавала ўжо ў XIV стагоддзі, калі бараніла наш край ад польскіх князёў.
Вежкі – прыклад паселішча, якое на працягу доўгага існавання ніколі не заставалася на водшыбе гісторыі. Вось толькі адзін яскравы прыклад. Сёння Жабінку, дзе існуе вядомы завод, часам называюць “цукровым раем”. А першымі абрабляць буракі і вырабляць з іх салодкі прадукт на сваёй цукраварні пачалі вежкаўцы. І адбылося гэта яшчэ ў 1837 годзе!
Нездарма кажуць: у Вежках старажытнасць спалучаецца з сучаснасцю. Таму і маршрут нашай вандроўкі: ад Вазнясенскага храма па вуліцы Вазнясенскай да праўлення сельгаставарыства “Вазнясенскі”.
“Тут – назаўсёды!”
Пра сваё сяло і яго працаўнікоў дырэктар “Вазнясенскага” Надзея Кандрацюк гаворыць з ахвотаю і хваліць з асалодаю:
– Вежкі некалі жылі сваім нетаропкім жыццём. Калі толькі прыйшла ў гаспадарку, узнікла жаданне надаць вёсцы нейкай важнасці, а сельгаспрадпрыемству мо нават нейкага лоску. Ужо і газ тут падведзены, і дамы дагледжаныя, кантора з майстэрняй вока радуюць дый парк гожы закладзены, дзе ўтульна адпачыць пасля працы і ў святы. Гэтым напрамкам і надалей будзем рухацца. Ужо маем у планах былую школу-сад пераўтварыць у жыллё для маладых спецыялістаў. Да іх у нас асаблівая ўвага, таму моладзь у Вежках затрымліваецца, абжываецца ды сем’і стварае.
Быццам пацвярджаючы словы Надзеі Рыгораўны, гаворыць жыхарка вуліцы Вазнясенскай Таццяна Кузьміч:
– Адсюль – нікуды. Тут – назаўсёды! Разам з мужам укараніліся ў Вежках, прыраслі да зямлі, бачым сваё жыццё звязаным з гэтым куточкам жабінкаўскай зямлі.

Таццяна і Мікіта Кузьмічы – з Іванаўскага раёна. Яны былі і раней знаёмыя, а потым, як скончылася юнацтва, дарогі іх разышліся. Зноў сустрэліся 11 верасня 2014 года, на жалобным мітынгу ў мемарыяльным комплексе “Драмлёва”. Праз год распісаліся, янаўцы стварылі новую жабінкаўскую сям’ю. Цяпер яны бацькі трох дзяцей, і ў кожнага ў пасведчанні аб нараджэнні пазначаны Вежкі. Старэйшыя Арына і Яраслаў – вучні Крыўлянскай школы. (Да слова, 9 мая, калі ўся краіна будзе святкаваць 80-годдзе Вялікай Перамогі маленькаму Ярыку споўніцца сем).
Шматдзетная мама пакуль на працу не ходзіць, паколькі 2025 год пачаўся з выдатнай навіны: 24 студзеня ў сям’і Кузьмічоў з’явілася наймалодшая Варвара. Дзяўчынка дазволіла паразмаўляць з матуляй, бо падчас сустрэчы бачыла свае салодкія сны. Мама Таня крыху расказала пра сябе:
– Маю вышэйшую эканамічную адукацыю. Раней працавала ў ПМК-19, а гадоў пяць таму перайшла ў “Вазнясенскі”. Тут супала ўсё: гаспадарцы быў патрэбен спецыяліст, а нам зручней аказалася і дзяцей гадаваць, і працаваць у перспектыўным сяле. Мой муж крыху раней за мяне ўладкаваўся ў гаспадарку заатэхнікам-селекцыянерам, а зараз ужо галоўны заатэхнік у суседніх “Мацеевічах”. Жабінкаўская зямля стала нам другой радзімай, а дзецям – першай.
Кадлубовічы: раней і цяпер
Калі Кузьмічы – сям’я янаўская, што атрымала трывалую прапіску ў Вежках, дык Кадлубовічы – пара жабінкаўска-янаўская. Гаспадар хаты Міхаіл Мікалаевіч, якому ў лістападзе споўніцца 65, карэнны вежкавец. Таму можа параўнаць, як было раней і як цяпер сталася.
– Калісь пры лямпе і свечцы вучыўся, потым толькі на наш хутар электрычнасць прыйшла. Самі слупы ўкапалі, правады нацягнулі ды лямпачку ўкруцілі. О, гэта было нешта! І ўсё ж трохі мінулага шкада. Хочацца, каб не губляліся традыцыі. Як успомніш, колькі калядоўшчыкаў па хатах хадзіла!.. А цяпер людзі ў тэлефонах, інтэрнэтах схаваліся. Калі не мець зносін ужывую, чалавек чалавека не пабачыць. Хоць жыццё, канечне, непараўнальна лепшае, сучаснае, быццам у горадзе. Жывеш і жыць хочацца. Вось і вясна прыйшла, квецень, птушачкі – на душы ўсё адраджаецца. Рыгораўна папрасіла даглядаць за калгаснымі пчолкамі. Вуллі стаяць паблізу хутара, дзе я нарадзіўся. Хто не заходзіць – здзіўляецца: “А чаму ж ты маску не надзеў?”. А навошта, кажу: пчолкі мяне не джаляць, мабыць, любяць!
Гаспадар яшчэ прыгадаў 7 мая 1981 года, калі ён вярнуўся з арміі, а праз тыдзень і яго Надзея Сяргееўна ўладкавалася ў калгас.
Жанчына ўспамінае:
– Я пасля Гродзенскага сельгасінстытута размеркавалася ў Вежкі заатэхнікам. Думала, толькі на адпрацоўку, ды сустрэла сваю другую палавінку. Нарадзілі Сяргея, Вольгу (яны ў нас звязаны з медыцынай) і Дзмітрыя, які працуе на чыгунцы. Жывём – радуемся, каб так заўсёды было – пра большае і не марым.
Падарунак на “юбілей”
Стараста вёскі Марыя Галавейка падказала яшчэ адзін адрас на вуліцы Вазнясенскай. І вось мы ў гасцях у былой брастаўчанкі Віталіны Тарасюк. Яе бабуля Лукер’я Іванаўна Дулевіч жыла ў Палявой Рэчыцы, і маленькая Віта нярэдка прыязджала з горада ў вёску па вітаміны. Як толькі канікулы: бывай, Брэст, дзень добры, Рэчыца! Тады дзяўчынка, вядома, і не здагадвалася, што прыйдзе час і яна сама стане вяскоўкай. Бо покліч зямлі ў яе меўся з дзяцінства, нават навучылася на конях ездзіць і іншых дзяцей вучыла. Аднойчы Віталіна сустрэла Паўла, які тады служыў у пажарным дэпо ў Вежках. Неўзабаве вяселле згулялі, пасяліліся спярша ў Мацясах, а потым, як у “Вазнясенскім” прапанавалі працу і дом, усялякія ваганні былі адкінуты прэч: грэх ад такой прапановы адмаўляцца.
Ужо без малога дваццаць гадоў Тарасюкі – на вежкаўскай зямлі. Яна – асемінатар, ён – механізатар, абое працуюць-шчыруюць у “Вазнясенскім”. Як бачым, і Віталіна Мікалаеўна з Паўлам Паўлавічам моцна прыраслі да гэтай зямлі ды пусцілі карані, нарадзіўшы сына Уладзіслава і дачку Анастасію.
Гаспадыня правяла па ўчастку каля дома. Усё дагледжана, зроблена з густам, ну, і на градках поўны парадак. З асаблівай радасцю жанчына прадэманстравала лазню.

– Гэта мой падарунак каханаму мужу, каб было дзе пажадаць: “З лёгкай парай!”. Доўга ён пра лазенку марыў. Вось і замовіла праз інтэрнэт на Пашаў “юбілей”.
– І колькі тады споўнілася гаспадару?
– Пяцьдзясят два.
Вось так: бываюць юбілеі круглыя, бываюць “шчарбатыя”, а тут штогадовыя! Адразу бачна: у сям’і павага, лад і шмат кахання.
– Я і сабе год таму падарунак зрабіла, – засмяялася Віталіна. – Здала на правы, цяпер на машыне езджу, як сапраўдная аўталэдзі. Адным словам, жыві ды радуйся: усё ёсць – працуй, не лянуйся!
І мы парадаваліся за вежкаўцаў, пажадалі ім добрых майскіх святаў ды рушылі праз чыгунку ў вёску Пруску, дзе таксама здаўна жывуць цікавыя людзі.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
