Лёс звязаў Марыну Дулевіч з культурай, а сэрца сваё жанчына дорыць дзецям, якія сталі для яе галоўным сэнсам жыцця. Таму Дзень культработніка і мацярынскае свята – чырвоныя дні ў яе календары.

Раніца пачалася з нечаканага званка і віншаванняў. Усю вялікую сям’ю ўзрушыла цудоўная навіна: Прэзідэнт Беларусі падпісаў Указ аб узнагароджванні ордэнам Маці шматдзетных жанчын, у іх ліку – жабінкаўчанка Марына Дулевіч.
– У мяне ўжо ёсць пяць узнагарод, – гаворыць яна з цёплай усмешкай. – І гэта мае дзеці. Вядома, прыемна атрымаць і дзяржаўнае прызнанне, бо быць мамай – вялікая няпростая справа, дзе часта не хапае сну і адпачынку, аднак удосталь любові.
Марына і Дзмітрый Дулевічы стварылі сям’ю 28 красавіка 2001 года. У той дзень бацькі маладога Лідзія Мікалаеўна і Сцяпан Дзмітрыевіч адзначалі 40-годдзе сумеснага жыцця. За вясельным сталом высветлілася, што і бацькі маладой – Ларыса Антонаўна ды Мікалай Канстанцінавіч – таксама ў гэтыя дні ў 1979-м святкавалі бяседу. А ўжо тое, што абедзве бацькоўскія сям’і шматдзетныя, і раней было вядома. Добра атрымалася: каравай выносілі ў гонар не толькі маладой пары, але і іх бацькоў. Марыне і Дзмітрыю жадалі працягнуць традыцыю, і яны, вядома, яе працягнулі.
Дзмітрый быў сёмым дзіцём у сваіх бацькоў. Калі тыя састарыліся, малодшы сын узяў іх да сябе. Пра адносіны свёкра і свекрыві нявестка ўспамінае з асаблівай павагай:
– Яны ўжо хварэлі, зусім не паднімаліся, але ж такое каханне мелі! Бывала, заходзіш у пакой, а яны, пасівелыя, ляжаць у сваіх ложках і за рукі трымаюцца. Для нашых дзяцей гэты прыклад стаў вялікай жыццёвай навукай. Малыя бачылі такое трапяткое і чыстае каханне бабулі і дзядулі. Сапраўдная лебядзіная вернасць была ў людзей. Яны век пражылі, як у царкве кажуць, і ў горы, і ў радасці. Нават лебядзіную песню мелі падобную і памерлі адзін за другім: спачатку Сцяпан Дзмітрыевіч закрыў навечна вочы, а праз пару тыдняў і душа Лідзіі Мікалаеўны ўслед за мужавай паляцела ў вырай.
У родзе Дзмітрыя шмат доўгажыхароў, а вось Марыніных бацькоў не стала ў адносна маладым узросце, у 43 гады.
– Я ўжо старэйшая за іх, – гаворыць Марына Мікалаеўна і ледзь стрымлівае сірочыя слёзы. – Як у народзе кажуць, давялося падымаць сваіх маленькіх без дапамогі дзядулечак і бабулечак. І не ў грашовай падтрымцы справа. Хацелася аднаго: каб толькі жылі на зямлі мае і Дзімавы родныя людзі, каб бачылі, што усё ў нас добра.
Марыніна мама яшчэ паспела пагушкаць старэйшую ўнучку Лізавету. А цяпер ганарылася б дзяўчынай, якая ўслед за матуляй вырашыла звязаць лёс з культурнай нівай. Марына Мікалаеўна згадвае як яна, улюбёная ва ўсё беларускае, паступала (лічыце, разам з малой дачкой) у Магілёўскі каледж мастацтваў. Тут інакш і не скажаш: прыхільнасць да культуры Ліза ўвабрала з малаком маці, а цяпер займаецца дызайнам у сталіцы.
У 2007 годзе, адразу пасля Жаночага дня, у Марыны Дулевіч з’явіўся найкаштоўнейшы падарунак – другая дачушка, якую ў сям’і ласкава завуць Ульяшай. А ў маі мама паехала па дыплом. Марына Мікалаеўна толькі выйшла з экзамену, а яе ўжо сустракалі муж з Лізай ды ружовай каляскай. Вось так яны і адвучыліся разам. Пагэтаму не дзіўна, што і Ульяна здаўна сябруе з творчасцю, вучыцца ў Брэсцкім музычным каледжы імя Рыгора Шырмы, хутка стане педагогам у народным хоры.
Аднак жыццё мяккім ручніком пад ногі не сцялілася. Даводзілася прайсці праз выпрабаванні, асабліва калі раптоўна захварэла Ульяша. Звярталіся да ўрачоў і да царквы. Марына Мікалаеўна лічыць цудам дзень, калі разам са сваёй дзяўчынкай акунулася ў святую жыровіцкую крыніцу. І тады падалося: прыйшло нейкае прасвятленне. Пазней нават урачы не верылі, што хвароба раптоўна знікла, быццам яе і не было ніколі… Трэба верыць у цуд, і ён збудзецца, лічыць жанчына. З таго дня сям’я стала бліжэй да храма.
У 2011 годзе перад Днём касманаўтыкі тата чакаў нарэшце сына, ды на сямейнай “арбіце” з’явілася… “касманаўтка”.
– Я песню любіла пра Алесю, так яе і назвала. А наконт “касманаўткі” – у самы яблычак: яна сапраўды вельмі рухавая і ў справах, і ў марах, – гаворыць матуля. – У свае 14 гадоў Алеся ўсё вырашае, кім стаць, куды падацца ў гэтым хуткасным жыцці.
Асаблівым стаў 2013 год. Нарэшце нарадзіўся доўгачаканы хлопчык, якому даўно прыдумалі імя: Святаслаў. У гэты самы год сям’я стала яшчэ і апякунскай, паколькі пачалі выхоўваць Марыніных пляменнікаў, што засталіся без бацькоўскага нагляду. Такім дзецям патрабавалася двайная цеплыня, каб яны хутчэй душою адагрэліся.
Значнай аказалася дзяржаўная падтрымка. Шматдзетная сям’я атрымала ключы ад кватэры ў новым доме.

Пры размове Марына не раз згадвала мудрую бабулю Веру Сідараўну. Тая казала: “Вянчайцеся абавязкова, каб Бог рукі і сэрцы злучыў. А вяселле ў маі не рабіце і дзяцей у маі не нараджайце”.
– Ну, з вяселлем зразумела: ёсць выбар. А вось з дзецьмі… паспрабуй загадай. Ды яны “паслухаліся”: нараджаліся ў розныя месяцы года, за выключэннем пятага. Наймалодшы Даніл ашчаслівіў нас сваім казачным з’яўленнем у ліпені 2023 года. Як у казцы пра старых: “Жылі-былі ды сыночка дачакаліся!” – шчасліва смяецца шматдзетная маці. – Старэйшая Ліза мне гаворыць: “Мама, у вас такіх дзяцей яшчэ не было. За ім набегаецеся!” І бегаем, як за мячыкам!
Затое наколькі парадак у свае два гады любіць! Усялякай рэчы месца знойдзе, сочыць, каб ніякай паперчыны не было на падлозе. А матуля, як пачула, што сын смяецца ў суседнім пакоі, праглядаючы мульцікі, яшчэ больш заўсміхалася, нібыта прыняла лекі для душы.
– За многае ўдзячная мужу. Дзіма сапраўдны мужчына з залатымі рукамі. Я часам смяюся: “Ты ў мяне хуткая дапамога”. Ён і людзям многа дабра робіць. Ніякіх Дубаяў нам не трэбна, папрацуеш усёй сям’ёй на дзедаўскай спадчыне – вось вам і Дубай. У нас усё разам: і праца, і падарожжы. Я ведаю пра мару мужа. Ён ніколі не бачыў піцерскіх белых начэй. У наступным годзе ў нас сярэбранае вяселле, вось і паляцім разам на тыя ночы палюбавацца…
Хутка маме Марыне будуць уручаць дзяржаўны ордэн. Завітаюць на свята, вядома, і ўсе яе “ардэночкі” – сыны і дочкі. Хоць яна і работнік культуры ды не раз выходзіла на сцэну, аднак прызнаецца:
– Ужо нават цяпер крышку хвалююся: усё ж прэзідэнцкая ўзнагарода. Мне здаецца, што кожная жанчына заслужыла такі ордэн, нават калі толькі адно дзіця нарадзіла. Бацькам жадаю цярпення і здароўя. Бабуля Вера казала: “Як праўнукаў дачакаўся, дык пражыў жыццё недарэмна”. Што яна казала, тое збывалася. Яна дачакалася, і вы дачакайцеся, даражэнькія.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Дзіяны МЕЛЬНІКАВАЙ і з архіва сям’і ДУЛЕВІЧАЎ
Popularity: 1%




































































































































































































































































