Жабінкаўскае ДРБУ-103: Стужкамі пад ногі сцелюцца дарогі

У Год якасці вельмі прыемна прадставіць стабільную кампанію, якая ўжо доўгія гады паспяхова шчыруе ў сферы дарожна-будаўнічых работ. У ДРБУ-103 прысутнічаюць усе асноўныя складальнікі поспеху, а гэта вопытны калектыў, сучаснае абсталяванне, перадавыя тэхналогіі, уласны транспартны парк спецтэхнікі. Нездарма лозунг нашых дарожнікаў – “Якасць, надзейнасць, аператыўнасць!”. Гэтыя тры ёмістыя словы гучаць, як музыка, і галоўнае – не разыходзяцца са справамі. Карціна нашых дарог дзякуючы руплівым працаўнікам мяняецца штодня. На 1 ліпеня ДРБУ абслугоўвала 105 кіламетраў дарог з асфальтабетонным пакрыццём, паўсотні – з цэментнабетонным, больш за 150 км – з гравійным і чорным шчабёначным… Аднак пакуль гэты нумар “СП” дойдзе да чытача, асфальтаўкладчык пройдзе яшчэ метры-кіламетры, “абуваючы” нашы дарогі ў асфальт.

Шляхі, якія ДРБУ выбірае

У мінулай “Сельскай праўдзе” ў праекце “Весачка, жыві!” мы сказалі “бывай” Сцяпанкам. Аднак прасцей выехаць з аграгарадка, чым развітацца са сцяпанкаўцамі. Як высветлілася, начальнік ДРБУ-103 Яўген Хамюк – карэнны нараджэнец Сцяпанак. Але ў адрозненне ад доктара Вашчука (таго, што бываў на экватары), Яўген Віктаравіч літаральна прырос да роднай зямлі, на якой будуе-рамантуе дарогі, што затым стужкамі лёгка сцелюцца пад ногі.

Так, абнаўленне жабінкаўскага краю, ягоны рух у будучыню проста нельга ўявіць без працаўнікоў арганізацыі, якую ўзначальвае Яўген Хамюк. Дарожнікі якасна будуюць, рамантуюць і падтрымліваюць у належным стане не толькі транспартныя артэрыі нашага краю, але і займаюцца добраўпарадкаваннем аграгарадкоў, дзясяткаў вёсак, тэрыторый жывёлаводчых ферм і мехдвароў.

Нездарма прадпрыемства ў 2017, 2018, 2019 і 2021 гадах атрымоўвала граматы раённага выканаўчага камітэта, а па выніках дзейнасці дарожнікаў за 2018, 2019, 2021 гады назва “Жабінкаўскае дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне № 103” упрыгожвала Дошку гонару раёна.

Наша сустрэча з Яўгенам Хамюком адбылася ліпеньскім ранкам. Прагноз на дзень абяцаў гарачыню, таму пацікавіўся ў кіраўніка дарожнікаў:

– Пасля заканчэння зімовага перыяду людзі часам скардзяцца на стан дарог, але ж і ў спякотнае надвор’е, бывае, узнікаюць праблемы з абслугоўваннем шляхоў зносін. Што робяць вашы і нашы дарожнікі ў час, калі слупок тэрмометра перавышае +30?

– У зацяжную спёку, сапраўды, існуе праблема галоўным чынам з гравійнымі дарогамі, – патлумачыў Яўген Віктаравіч. – У такіх умовах, паводле тэхнічнага кодэкса ўсталяванай практыкі, якім мы карыстаемся, праводзіць работы па прафіліраванні гравійных дарог магчыма толькі пры аптымальнай вільготнасці. Трэба, каб нашы грамадзяне разумелі гэта і мелі крыху цярпення: як пройдуць нават невялікія ападкі, спецыялісты ДРБУ ў кароткі тэрмін пачнуць праводзіць неабходныя работы.

Пра тое, як умеюць шчыраваць дарожнікі, упэўніліся, калі разам з начальнікам прадпрыемства і галоўным інжынерам Сяргеем Главацкім наведалі некаторыя аб’екты.

Ганаровы па званні і па наканаванні

Вышэйшай адзнакай у галіне з’яўляецца званне “Ганаровы дарожнік Рэспублікі Беларусь”. Першым яго атрымаў былы начальнік прадпрыемства Ігар Васільевіч Селіванюк, якога ўжо няма сярод нас. На заслужаным адпачынку былы прараб Дзмітрый Іванавіч Старыкевіч, а вось “Ганаровыя дарожнікі” ІІ ступені механік Віктар Галавейка і вадзіцель пагрузчыка Аляксандр Голях дасюль у страі.

З Аляксандрам Станіслававічам сустрэліся на ўчастку абслугоўвання вытворчай базы, дзе вадзіцель пагрузчыка рыхтаваў і грузіў матэрыялы, якія неўзабаве лягуць на дарогу. 38 гадоў таму ён выпадкова пабачыў аб’яву: ДРБУ запрашала на працу, і тады яшчэ юнак Аляксандр Голях адгукнуўся на гэтае запрашэнне. З тае пары ў яго працоўнай кніжцы ўсяго адзін запіс, што сведчыць пра вернасць і адказнасць. Такім чынам, Аляксандр Станіслававіч раз і назаўжды звязаў лёс з ДРБУ-103. Усяго на пару-тройку хвілін спыніў сваю працу “Ганаровы дарожнік Рэспублікі Беларусь”, каб праз лічаныя імгненні зноў моцна загучала музыка матору магутнага пагрузчыка, падуладнага рукам выдатнага работніка.

“Апранаюць” чарговую дарогу

Адзін толькі пералік шляхоў, якія за 66 гадоў існавання сваёй арганізацыі пабудавалі і адрамантавалі нашы дарожнікі, зойме не адну старонку. Таму абямяжуемся апошнімі гадамі: дарога Н-136 Залуззе – Якаўчыцы – Агароднікі; Н-141, якая злучыла Арэпічы з цукровым заводам; Н-133, што працягнулася ад Брэста праз Старое Сяло да Гайкоўкі Кобрынскага раёна; Н-150 Хмелева – Рачкі.

Вядома ж, і ў Год якасці ўзровень работ не зніжаецца. Пра тое не раз пісала сярод іншых і раённая газета. “Сельскапраўдаўцы” ўсялякі раз з задавальненнем згадвалі, як шчыруюць дарожнікі ў раёне Селішчаў і Рудкі, Замошанаў і Дзягляў, Гарэлак і Арэпіч…

Днямі пабывалі на дарозе Н-164 Стаўпы – Вежкі – Агароднікі, дзе працуюць 15 чалавек, узброеных сучаснай тэхнікай. Тут, на адрэзку ў 3,4 кіламетра, зладжана рупіцца брыгада майстра Юрыя Сахарчука. Юрый Вітальевіч мае за плячыма больш за два дзясяткі гадоў працы ў дарожным рамонтна-будаўнічым упраўленні, а літаральна на днях у калектыў уліўся яшчэ адзін майстар – Аляксандр Неўдах. Малады спецыяліст з першага дня набіраецца вопыту. Для яго дарога паблізу Стаўпоў, лічыце, першая, а таму і самая галоўная ў працоўнай біяграфіі. Спадзяемся, у гэтай біяграфіі будуць яшчэ шмат выдатных старонак і толькі адзін запіс у працоўнай кніжцы…

Як патлумачыў начальнік ДРБУ-103 Яўген Хамюк, работы на Н-164 распачаліся 8 ліпеня і завершацца да канца месяца. Для таго, каб у хуткасці вадзіцелі з радасцю змаглі праехацца па абноўленай дарозе, будзе скарыстаны амаль мільён рублёў, выдаткаваных з рэспубліканскага дарожнага фонду.

Праца спорыцца. Услед за кіроўцам катка Віталем Жоўклым паўторым:

– Ну, паехалі!

Ці гэта Гагарын казаў?.. І хто пасля такіх слоў не пагодзіцца, што ў дарожнікаў касмічная работа?!

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.