Сімвалы твае, Жабінка!

Зараз край наш не забыты, як некалі пісаў вялікі паэт, чые ўгодкі будзем адзначаць 9 снежня. Наадварот, Жабінкаўшчына шырока вядомая сваімі дасягненнямі, а яе сімвалы добра распазнавальныя далёка за межамі горада-спадарожніка. 2 снежня 2008 года свет пабачыў Указ Прэзідэнта Беларусі № 659 “Аб зацвярджэнні афіцыйных геральдычных сімвалаў адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак Брэсцкай вобласці”. У гэтым дакуменце была скрупулёзна прапісана сімволіка 19 населеных пунктаў, што набылі свае адметныя геральдычныя знакі. Сярод гарадоў герб і сцяг упершыню набылі Бяроза, Івацэвічы і наша Жабінка. З гэтага часу кожны жабінкавец паважае свае сімвалы, стараецца зберагаць іх і з гонарам ужываць.

Самыя распаўсюджаныя пытанні

Ёсць тры пытанні, якія найчасцей задаюць госці нашага горада. Адказы на іх цікавяць і мясцовых жыхароў, асабліва юных жабінкаўцаў.

Па-першае, калі ўзнікла Жабінка? Па-другое, што значыць яе імя? Па-трэцяе, як патлумачыць сімвалы горада-спадарожніка?

На першае пытанне адказвае гісторыя. Навука, якая дазваляе зазірнуць у мінулае, тлумачыць: самая ранняя згадка пра паселішча з назвай Жабінка выяўлена ў сярэдзіне XVIII cтагоддзя. У самым пачатку 2021 года ў Архіве старадаўніх актаў былі адшуканы дакументы, якія дазволілі істотна “састарыць” Жабінку. На сённяшні дзень самая старажытная грамата са згадкаю пра Жабінку датавана маем 1746 года. А гэта значыць, што зусім скора жабінкаўцы змогуць адзначыць 280-я ўгодкі свайго населенага пункта.

Другое пытанне раскрывае філалогія, прынамсі, яе раздзел этымалогія, што вывучае паходжанне слоў. Навукоўцы перакананы: будучы горад атрымаў назву ад Жабінкі-ракі. Яна працягнулася на 25 кіламетраў па абшарах нашага раёна і ўпадае ў Жабінцы ў Мухавец. Аднак такое тлумачэнне звычайна не задавальняе слухачоў, бо міжволі выклікае новае пытанне: а адкуль у рэчкі такое імя? Тут і прыходзяць на дапамогу філолагі, якія тлумачаць, што рака Жабінка, на якой пазней узнік аднайменны населены пункт, узяла назоў ад балцкіх слоў, якія азначалі забалочаную раку з бабровымі запрудамі.

А вось на трэцяе пытанне адказ дапаможа адшукаць навука геральдыка.

Рэкі і кветкі сімвалізуюць родны край

Жабінка горад адносна малады. Да ХХІ стагоддзя ён не меў сваіх адметных сімвалаў, таму нашыя герб і сцяг адносяцца да новаўтвораных.

Герб, выраблены ў форме варажскага шчыта, складаецца з некалькіх элементаў. Тут усё мае сэнс.

Шчыт – блакітнага колеру. Менавіта такі колер прыняты Геральдычным саветам пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь для новаўтвораных сімвалаў Брэсцкай вобласці.

Герб разбіты на тры часткі сярэбранымі палосамі. Яны сімвалізуюць вусце рэчкі Жабінкі пры яе ўпадзенні ў Мухавец. У гэтых мясцінах некалі былі закладзены вытокі паселішча, што дало пачатак сучаснаму гораду, які дзесяць гадоў таму стаў яшчэ і горадам-спадарожнікам Брэста.

На сімвалах Жабінкі мы бачым геральдычныя кветкі расліны жабнік (па-руску яна завецца “водокрас”). Відарысы жабніка, змешчаныя на шчыце, азначаюць імя ракі, ад якой пазней атрымаў назву населены пункт. Колькасць кветак, як вы ўжо разумееце, таксама мае істотнае значэнне. Тры жабнікі нагадваюць пра мінулае населенага пункта і сведчаць аб трох Жабінках: вёсцы (ці хутары), вядомай з XVIII cтагоддзя; чыгуначнай станцыі, што ўзнікла праз век на гэтай зямлі; і мястэчку (пасёлку), які шпарка развіўся ў ХХ стагоддзі. Доўгі час вёска, станцыя і пасёлак суіснавалі побач, пакуль напрыканцы 1970 года на іх абшарах не ўтварыўся горад Жабінка – адзін з раённых цэнтраў Брэсцкай вобласці. Гэткім чынам паселішчы зліліся ў адзіны населены пункт, але памяць пра іх захоўваецца ў геральдычных сімвалах.

У сваю чаргу, сцяг Жабінкі ўяўляе палотнішча прамавугольнай формы з двума роўнымі сярэбранай і блакітнай палосамі, што адпавядаюць колерам гарадскога герба. А вось жабнік на сцягу толькі адзін. Кветка ў дадзеным выпадку азначае і раку, і горад Жабінку.

У шматлікіх месцах можна пабачыць нашыя бела-блакітныя сімвалы. Яны ствараюць сапраўднае свята, бо адметныя герб і сцяг па-сапраўднаму аб’ядноўваюць усіх, хто называе сябе жабінкаўцам, мае любоў і гонар да славутай малой радзімы.

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Кацярыны ЯКУБЁНАК

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav

Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.