ХМЕЛЕВА: мілая зямля, цудамі напоўненая

Хмелева – адзін з найбольш вядомых населеных пунктаў раёна. Сюды едуць паломнікі з усяго свету, каб памаліцца ў Спаса-Праабражэнскім храме, дакрануцца да цудатворнай іконы і атрымаць блаславенні ад бацюшкі Серафіма, здольнага спаталіць чужы боль, падарыць надзею нават у самых безнадзейных жыццёвых сітуацыях. Аднак хмелеўцы не толькі рады прыняць дарагіх гасцей – ім і самім не сядзіцца на месцы. У розных вёсках і гарадах Беларусі, у блізкім і далёкім замежжы шматлікія слухачы адчувалі асалоду ад творчасці тэатра народнага гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі” ды ўзорнага калектыву “Дараносіца”, якія неслі і нясуць па свеце самабытную культуру. Але ж у старадаўнім сяле (сучасным аграгарадку) умеюць не толькі выдатна спяваць. Багатыя тут традыцыі і ў апрацоўцы зямлі, таму годна сустрэлі на сёлетнім жніве працаўнікі ААТ “Хмелева” 75-я ўгодкі роднай гаспадаркі.

Гэтае месца – турыстычны рай…

Людзі ў Хмелеве вельмі самабытныя. Для іх усё народнае – вельмі роднае. Нездарма бібліятэкар Ала Мікуц сабрала цэлы слоўнік арыгінальных слоўцаў, якімі карыстаюцца толькі ў гэтай мясцовасці. А вялікае свята на Тройцу, калі па даўняй традыцыі “Хмелеўскія валацугі” і “Дараносіца” праводзяць абрад “Ваджэнне куста”, мае прыцягальную сілу не толькі для жыхароў тутэйшых, але і для гасцей заезджых.

Можна сказаць адказна: для турыстаў хмелеўскі край – сапраўдны рай, дзе беражліва, карпатліва ды з вялізнай любоўю збіраюць і зберагаюць родную спадчыну.

Не менш людна бывае і ў мясцовым храме, дзе нясе свой нялёгкі манаскі крыж ігумен Серафім (Пятручык). У 2000 годзе – на памежжы тысячагаддзяў – адбыліся дзве памятныя знакавыя падзеі: Хмелева наведаў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт, які асвяціў мужчынскую пустынь (сённяшні Спаса-Праабражэнскі манастыр), а яго настаяцель быў абвешчаны на Брэстчыне “Чалавекам года”.

Айцец Серафім карыстаецца непахісным аўтарытэтам і павагай. Нездарма восенню 2023 года ён стаў Ганаровым грамадзянінам Жабінкаўскага раёна. Хоць і перажывае бацюшка часам болі, але нікому не адмаўляе ў просьбе палячыць душу і цела, дапамагчы гаючым словам. Геаграфія паломнікаў, якія адольваюць сотні і тысячы кіламетраў, каб прыкласціся да святога абраза Маці Божай Чанстахоўскай, уражвае: Хмелева наведвалі вернікі не толькі з Цэнтральнай Расіі, Сібіры і Далёкага Усходу, Польшчы і Украіны, але нават з Аргенціны.

Зараз купал храма апрануўся ў будаўнічыя рыштаванні. Ідзе падрыхтоўка да яго 300-годдзя. Вялікі юбілей плануецца ў наступным годзе на Праабражэнне Гасподняе. А пакуль у адным з найстарэйшых храмаў жабінкаўскай зямлі шчыруюць майстры. Крыху паразмаўлялі з інакам Сергіем, які вось ужо дваццаць гадоў жыве за манастырскімі сценамі. Некалі ён сур’ёзна займаўся спортам, паказваў значныя вынікі ў міжнародных спаборніцтвах на баксёрскім рынгу, але аднойчы зразумеў, што мае наканаванне пакінуць мірское жыццё. За гэты час ён ніколі не пашкадаваў пра свой выбар, зроблены ў юнацтве на карысць духоўнага свету.

Поруч з інакам працуе брэсцкі майстар-бляхар Аляксандр Былкін, які раней рамантаваў вядомыя храмы ў вёсках Чамяры Слонімскага і Ражкоўка Камянецкага раёнаў. Робяць сваю справу Сергій і Аляксандр нетаропка і грунтоўна, шчыруюць працаўнікі сумленна, каб сустрэў Дом Божы свой шаноўны юбілей абноўленым і прыгожым.

…і надзвычай адукаваны край

Да адукацыі і асветы хмелеўцы цягнуцца спрадвеку. Нездарма яшчэ ў жніўні 1908 года яны адкрылі ў Хмелеўскай народнай школе Паўленкаўскую бібліятэку. Яна атрымала імя ў гонар знакамітага расійскага кнігавыдаўца-мецэната Фларэнцыя Паўленкава (1839–1900), які перад смерцю выдаткаваў грошы, каб “заззяла святло асветы” ў далёкім палескім сяле.

Пасеянае зерне прыносіць усходы. Нездарма з Хмелева паходзяць Заслужаны настаўнік школ Беларускай ССР Дзмітрый Раманавіч Дошчык, які быў дырэктарам сярэдняй школы ў Камянцы, і вядомы паэт, лаўрэат літаратурнай прэміі Брэсцкага аблвыканкама імя Уладзіміра Калесніка Іван Арабейка. Роднаму сялу Іван Сяргеевіч прысвяціў шмат цёплых і кранальных радкоў.

Чым жыве сённяшняя Хмелеўская школа, даведаліся ад завуча па вучэбна-выхаваўчай рабоце Марыны Клецка. Што адразу кінулася ў вочы, гэта наколькі Марына Сяргееўна пяшчотна ставіцца да 68 хмелеўскіх навучэнцаў (мо нездарма яна нарадзілася 1 чэрвеня – у Дзень абароны дзяцей?!).

Навучальная ўстанова рухаецца экалагічным напрамкам – летась яе педагогі і вучні далучыліся да рэспубліканскага праекта “Зялёная школа”. Справа цікавая, пра адно шкадуе Марына Сяргееўна: дзетак у навакольных вёсках паменела, а значыцца, і класы, як птушыныя гнёзды па восені, пусцеюць… Сышлі-збеглі ў нябыт часы, калі гучалі ў школе сотні дзіцячых галасоў. Сёлета ў першы клас прыйшлі ўсяго тры хлопчыкі: Росцік, Глеб ды Арцём, якіх вядзе па сцяжынцы ведаў вопытная настаўніца Ларыса Марыніч, а вось выпускнікоў у Хмелеве ў гэтым годзе не будзе зусім… Як тут не прамовіш, нібыта запавет: “Вёсачка, жыві!”?

У цэнтры, як у сэрцы, пульс жыцця

Жыццё гуртуецца ў цэнтры аграгарадка – вакол гожага знака, які сведчыць, што налетась у сяло завітае не толькі храмавы юбілей, але і самому населенаму пункту споўніцца 460 гадоў.

У своеасаблівым сэрцы населенага пункта – помнік землякам, загінулым на вайне. У ліхалецце Хмелева праславілася як месца, дзе Феадосій Гацкевіч стварыў першую антыфашысцкую падпольную групу. Між іншым, хмелеўскія падпольшчыкі схавалі ў вуллі чырвоныя сцягі. Цяпер іх можа пабачыць кожны, хто наведае ў Мінску музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Побач з Хмелеўскай школай – праўленне сельгаставарыства, мясцовыя Дом культуры, магазін, аддзяленне сувязі і амбулаторыя.

Медустанова – адно з месцаў прыцягнення для вясковага чалавека. Калі хочаш даведацца, чым жыве, якія праблемы маюцца ў аграгарадку, – дастаткова пераступіць парог лякарні, дзе людзі не толькі чакаюць сваёй чаргі на прыём, але і дзеляцца чарговымі навінамі.

Што непакоіць “аграгараджан”? Сваім медыкам Дзмітрыем Пратасевічам яны цалкам задаволены. Аднак ёсць і тое, што задавальняе значна менш. Зараз урач з Хмелева, як сцвярджаюць хмелеўцы, па графіку абслугоўвае зранку крыўлянскую зону і толькі пасля абеду – іх аграгарадок. Зразумела занепакоенасць хмелеўцаў ад чутак, што ўрач іх амбулаторыі можа неўзабаве пачаць абслугоўваць яшчэ і Мацеевічы з наваколлямі.

Пасля развітання з Хмелевам і хмелеўцамі працягваем сваё журналісцкае падарожжа на поўнач – усё бліжэй да Белавежскай пушчы. Наступнай на гэтым шляху стане вёска Падлессе.

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.