Так
гаворыць пра экскаватаршчыка Аляксандра
Мышкаўца намеснік начальніка па
меліярацыі ПМК-19 Васіль Хлус. І дадае:
“Сапраўдны ас у сваёй справе!” Пра
руплівага працаўніка гаворыць з павагай
і старшыня прафсаюзнай арганізацыі
Алена Завяржэнец.
Сам ас аказаўся
чалавекам сціплым, нават крыху сарамлівым,
мабыць, таму, што давялося пра сябе
расказваць, а хацелася пра іншых:
–
Ды
не рабіце з мяне нейкага героя. У нас
справа агульная, усе хлопцы шчыруюць
на выдатна, працуюць адказна, бо разумеюць:
нашу работу за нас ніхто не зробіць, –
і з удзячнасцю пералічвае экскаватаршчыкаў
Анатоля Андрэева і Валерыя Вайтовіча,
Васіля Жоўклага і Валерыя Федарука, не
забываецца і пра наймалодшага калегу
Пятра Міхневіча.
І
ўсё ж па нашай просьбе Аляксандр Мікітавіч
прыгадвае сваю жыццёвую адысею, якая
аднойчы і назаўсёды прывяла ў родную
ПМК.
У
яго за плячыма дзве школы: першая
гарадская ў Жабінцы, дзе Аляксандр
атрымаў атэстат сталасці, і ДТСААФ у
Гродна, у якой юнак вывучыўся на вадзіцеля
і адначасова набыў вайсковую спецыяльнасць
кіроўцы БМП. Гэтая навука хутка
спатрэбілася, калі трапіў у армію.
Савецкі
Саюз меў вялізныя адлегласці ад Брэста
да Курылаў. Аляксандру Мышкаўцу давялося
праехаць амаль ад самай заходняй да
ўсходняй кропкі, бо служыў юнак на
Сахаліне. Напярэдадні новага 1978 года
яго з радасцю сустракалі ў родным доме
тата Мікіта Паўлавіч і матуля Марыя
Станіслаўна ды малодшы брат Валерка.
Мінуць гады, і малодшы абярэ ў жыцці
армейскую службу, пройдзе агнявымі
афганскімі дарогамі, а старэйшы прысвяціць
сябе выключна мірнай справе.
Пасля
войска Аляксандр Мышкавец працаваў
вадзіцелем у райвыканкаме і Брэсцкім
аўтакамбінаце №3. Сорак гадоў таму
Аляксандр Мікітавіч зразумеў: прыйшоў
час і свой сямейны кут займець, тым
больш, што ў яго з жонкай Лідай ужо
гадаваліся дзеці Сяргей ды Іра.
Тут і паклікала
зноў малая радзіма. Аднойчы намеснік
па механізацыі ПМК-19 Мікалай Якімаў
прапанаваў:
–
Саша,
ідзі да нас! Будзеш працаваць на бульдозеры
ці экскаватары.
–
Ды я
ж не ўмею, – засумняваўся Мышкавец.
– Нічога – не
богі гаршкі абпальваюць. Ты хлопец з
галавой, тэхніку, бачу, любіш, на раз-два
асвоіш!
“Напрарочыў”
Мікалай Нічыпаравіч. Канечне, гэта ў
казках бывае, што па шчупакоўскім жаданні
ўсё адбываецца – у жыцці патрэбна да
ўсяго сваім розумам дайсці. Аляксандр
адвучыўся ў вучылішчы механізацыі ў
Чарнаўчыцах, дзе будучы ас асвоіў азы
працы на сур’ёзнай меліярацыйнай
тэхніцы, і ўжо праз месяц стаў памочнікам
экскаватаршчыка Міхаіла Лукашука. Яго
ўжо няма сярод нас, тым большую ўдзячнасць
адчувае зараз да настаўніка Аляксандр
Мікітавіч.
Ужо чатыры
дзясяткі гадоў ён трымае ў руках “тэхніку,
бы цацку”, упраўляецца з каўшом
экскаватара, быццам гуляецца. Таму і
сутрэча наша адбывалася паблізу канала
на ўскрайку вёскі Целякі. Працаўнік
пагадзіўся на хвіліну-другую заглушыць
матор сваёй магутнай машыны.
–
Спраў
тут нямала, – дзеліцца экскаватаршчык.
– Канал працяглы, і што вельмі важна –
магістральны. Ужо не першы месяц шчыруем
у гэтых мясцінах, ідзем крок за крокам,
абнаўляем магістральны ды іншыя каналы,
чым дапамагаем сельгаспрадпрыемствам.
Зразумела,
як гаворыцца, па працы і пашана. Аляксандр
Мышкавец нават не бярэцца пералічваць
усе свае ўзнагароды, атрыманыя ад раённых
і абласных уладаў, ад роднага трэста
“Брэстводбуд”.
Напярэдадні
прафесійнага свята меліяратар з вялікім
стажам зычыць калегам міру, шчасця,
дабрабыту і дадае:
–
Будзьце,
хлопцы, моцнымі, бо праца наша хоць і
пачэсная, ды вельмі няпростая. Тут і
адказнасць на кожным, і ўменняў трэба
мець нямала, каб надзейны мост пабудаваць
або канал уладкаваць ды многае іншае
карыснае зрабіць.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
Popularity: 1%