Жабінкаўскі гандаль – рухавік прагрэсу

Так супала, што Год якасці для нашых работнікаў гандлю – скрозь юбілейны. Мяркуйце самі. Створанае 85 гадоў таму спажывецкае таварыства ў Жабінцы, адрадзілася ў якасці Жабінкаўскага райспажыўсаюза адразу пасля вызвалення летам 1944-га. Акрамя таго, хутка міне дзесяцігоддзе з таго дня, як у снежні 2014 года гандлёвая арганізацыя ў горадзе-спадарожніку стала філіялам Брэсцкай міжрайбазы.

А яшчэ ніяк нельга забыць, што заўтра споўніцца роўна сто гадоў органам гандлю Беларусі. За час адліку прынята браць 25 ліпеня 1924 года, калі ўзнік Народны камісарыят па ўнутраным гандлі БССР – сённяшняе Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь.

Аднак і гэта яшчэ не ўсё. У нядзелю ў краіне адзначаецца Дзень работнікаў гандлю. Прычым, значная іх частка ўсе пералічаныя святы будзе сустракаць на працы, задавальняючы патрэбы пакупнікоў.

Узважым уважліва іх дасягненні

Нехта мудры казаў: “Гандаль – рухавік прагрэсу”. І гэта сапраўды так, калі ацаніць працу і поспехі работнікаў філіяла “Жабінкаўскі”. На гандлярскіх вагах прадаўцы штодня ўзважваюць тавары. Мы ж паспрабуем у гэтыя святочныя дні ўзважыць дасягненні саміх работнікаў гандлю.

Асноўны паказчык іх працы – тавараабарот – як заўжды, на вышыні. І тэмпы росту ў суадносных цэнах летась склалі больш за 107 працэнтаў у параўнанні з мінулагоднімі паказчыкамі. 2023 год перагарнуў апошнюю старонку календара шэсць месяцаў таму, і вынікі за паўгода ў 2024-м таксама задавальняюць работнікаў прылаўка.

Зразумела, па працы і адзнака, а за ёй – і ўзнагароды, якія штогод не абмінаюць нашых гандляроў.

Прыкладам, летась граматай райвыканкама была адзначана актыўная і плённая дзейнасць на ніве кааперацыі дырэктара філіяла “Жабінкаўскі” Жанны Рак. У той самы год вышэйшую ацэнку ад Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў (грамату Белкаапсаюза) атрымала вядучы інжынер па якасці Людміла Баравік.

“Зарапад” узнагарод ёсць ужо і ў гэты год. Па-першае, крама № 15 “Родны кут”, размешчаная ў мікрараёне райбальніцы, заняла першае месца ў Брэсцкай вобласці сярод магазінаў спажывецкай кааперацыі. Пагэтаму зусім нездарма імя прадаўца 6-га разраду Ірыны Казулькі, якая больш за дзесяць год узначальвае выдатны калектыў, сёлета занесена на Дошку гонару раёна. А па-другое, прадавец 6-га разраду Лідзія Буза на ўрачыстасцях, прымеркаваных да стагоддзя органаў гандлю, атрымала ганаровы нагрудны знак “40 гадоў працоўнай дзейнасці ў спажывецкай кааперацыі”. Па-трэцяе, Ганаровай граматай аблспажыўтаварыства адзначаны справы начальніка аддзела арганізацыі гандлю Аліны Давідовіч.

І такіх працавітых ды адказных людзей у гандлёвай сферы досыць шмат. Нездарма да прафесійнага свята яшчэ тры дзясяткі работнікаў філіяла “Жабінкаўскі” атрымалі ўзнагароды ад кіраўніцтва ГУП “Брэсцкая міжраённая гандлёвая база”.

Стараюцца, каб кожны застаўся задаволены

Адкрыццё кожнай абноўленай крамы, асабліва ў вясковай мясцовасці, ператвараецца ў сапраўднае свята.

Летась такіх святаў дачакаліся жыхары не толькі вёскі Федзькавічы, але і аграгарадка Сцяпанкі, дзе ладзіліся раённыя “Дажынкі”. З праектам “Вёсачка, жыві!” мы ўжо раней бывалі ў сцяпанкаўскім “Родным куце”. Такі асартымент тавараў для дома і сям’і, увогуле для паўнавартаснага жыцця, яшчэ не ў кожным горадзе можна пабачыць. Дый прадаўцы стараюцца, каб усялякі пакупнік застаўся задаволены і жадаў зноў пераступіць праз іх парог.

У Год якасці ў прызначаныя тэрміны свята расчыніла дзверы перад крыўлянцамі, стрыганчукамі ды ленінцамі. Прычым, назва ў таго свята аднолькавая – “Родны кут”. Можна нават сказаць: гэтае імя аднолькава прыемнае, бо магазіны пасля рамонту проста не пазнаць!

Да слова, адкрываючы краму на Ленінскім, генеральны дырэктар Брэсцкай міжраённай гандлёвай базы Сяргей Пашкевіч заўважыў: “Магазін у аграгарадку стаў для раёна ў нечым наватарскім – тут упершыню на Жабінкаўшчыне ўкаранілі халадзільны “пакой”.

Тавараў мноста, літаральна ўсё патрэбнае на розныя моманты жыцця. Таму і вочы ў пакупнікоў разбягаюцца ад багацця выбару. Падобныя карціны можна назіраць і ў Стрыганцы, і ў Крыўлянах.

Добра. У населеныя пункты, дзе колькасць жыхароў ідзе на сотні, свята, як Дзед Мароз пад Новы год, прыходзіць і задавальненне прыносіць, набліжаючы ўмовы жыцця вяскоўцаў да гарадскіх… Аднак, як справы ў вёсках дробных ды яшчэ драбнейшых? Там таксама жывуць людзі, якім патрэбна “піці, есці, адпачынак меці”.

Выхад знойдзены даўно. Для іх забеспячэння існуюць у міжрайбазе аўталаўкі. Шэсць разоў на тыдзень “магазіны на колах” выпраўляюцца ў населеныя пункты, дзе няма стацыянарных гандлёвых кропак. І гэта робіцца, каб тутэйшыя жыхары мелі свежыя прадукты ды патрэбныя рэчы на стале і на падворку. Калі нешта асаблівае патрэбна, можна і заказ аформіць – аўталаўка ў наступны раз абавязкова завітае да вас, каб узрадаваць, што заказ выкананы.

…Увогуле, пералічыць усе добрыя справы, да якіх маюць дачыненне работнікі філіяла “Жабінкаўскі”, – няпростая задача. Ад сябе яшчэ зазначым: ніводнае буйное гарадское альбо раённае свята не абыходзіцца без удзелу нашых гандляроў. Вось і на нядаўнім Дні горада Жабінкі іх палаткі з прысмакамі прыцягвалі магнітам тых, хто завітаў на свята. Як у старажытнасці казалі: “Быў хлеб, былі і відовішчы”.

Шмат спраў і ў работніц рэстарана. Тут, напрыклад, сталаваліся ўдзельнікі маладзёжнага міжнароднага турніру па боксе, які ладзіўся ў Жабінцы (зусім нездарма горад-спадарожнік называюць “сталіцай бокса”). Калі праходзілі экзаменацыйныя іспыты, “Вясёлка” забяспечвала таксама харчаваннем выпускнікоў. А ў жніўную гарачую пару работнікі гандлю жадаюць “Смачна есці!” працаўнікам нашых палёў, і чуюць у адказ толькі падзячныя словы.

Гэткім чынам, і ў спартыўных, і ў вучнёўскіх, і ў хлебаробных поспехах існуе пэўная заслуга тых, хто святкуе ў нядзелю Дзень работнікаў гандлю.

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Кацярыны ЯКУБЁНАК

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.