
Хутка будзе 570 гадоў, як старажытныя Сцяпанкі верхаводзяць над наваколлямі. Аднойчы пачуў ад мясцовых выслоўе “Сцяпанкі – самі сабе падпанкі”. Вядома, у паны сцяпанкаўцы не імкнуліся, але ўласны гонар і сялянскі розум заўжды мелі… Напярэдадні 80-годдзя вызвалення раёна нельга не згадаць пра ахвяры, што ўзяла вайна. Асобнай старонкай у шматвекавой гісторыі Сцяпанак стаіць дата 11 верасня 1942 года, калі зусім паблізу, у Драмлёве, здарылася страшная бяда. Ахвяры “вогненнай вёскі” знайшлі апошні свой спачын на тутэйшых могілках. Амаль 70 жыхароў сельсавета, з іх шасцёра: Аляксандр Андрайчук, Сяргей Будзько, Мікіта Ляўчук, Мікалай Малецкі, Марк і Міхаіл Завяржэнцы – не вярнуліся з вайны. Не раз згадвалі пра ліхалецце і сцяпанкаўскія старажылы Вера Кірыльчук і Васіль Вашчук. Да слова, Васілю Васільевічу пашчасціла праславіць наш край далёка ад роднага парога.
Як доктар Базіль у Афрыку хадзіў
Магчыма, некалі ў аграгарадку з’явіцца ўказальнік: “3616 міль – адлегласць ад Сцяпанак да экватара”. Гэта стане своеасаблівым помнікам па доктары Базілю – Васілю Васільевічу Вашчуку, які першым з жабінкаўцаў, быццам па бульвары, шпацыраваў па… экватары!
Гэтак далёка ад роднага парога нараджэнец невялічкай палескай вёскі Сцяпанкі апынуўся не з пустой цікавасці. Кандыдат медыцынскіх навук, хірург-практык Васіль Вашчук у 1985 – 1988 гадах узначальваў групу савецкіх урачоў у Рэспубліцы Бурундзі. Гэта была яго другая афрыканская вандроўка. Пасля Малі і Конга доктара Базіля, як звалі Вашчука на Чорным кантыненце, чакала адказная праца ў невялічкай краіне, размешчанай на ўзбярэжжы велічнага возера Танганьіка. (Па плошчы Бурундзі крыху большая за Жабінкаўскі раён).
Сялянскі адукаваны род, з якога паходзіў Васіль Васільевіч, узгадаваў не аднаго таленавітага ўрача, у тым ліку акадэмікаў Данііла Крыўчэню і Рыгора Шораха. Залатыя рукі самога Васіля Вашчука правялі шмат аперацый, з іх больш за дзве з паловай тысячы – у Экватарыяльнай Афрыцы. Урач са Сцяпанак стаў першаадкрывальнікам, вывучаючы на практыцы пытанні ВІЧ-інфекцыі. Гэта было ў той час, калі пра каварную хваробу амаль нічога не было вядома. У выніку Васіль Васільевіч стварыў першую ў СНД манаграфію “СНІД у хірургічнай клініцы”.
Працуючы ў бурундзійскай сталіцы горадзе Бужумбура беларускі доктар Базіль аднойчы вырашыў наведаць музей на беразе возера Танганьіка, дзе сустрэліся Давід Лівінгстан і Роберт Стэнлі. Тады і “прагуляўся” наш зямляк па экватары, дакрануўся да вялізнага валуна, усталяванага на месцы, дзе ў 1871 годзе паціснулі рукі два выдатныя даследчыкі Афрыкі.

Згадваючы свае далёкія вандроўкі, Васіль Вашчук, узнагароджаны знакам “Выдатнік аховы здароўя”, гаварыў:
– Успамінаю Афрыку з задавальненнем і ўдзячнасцю. Але самае галоўнае, што тысячы жыхароў далёкай краіны, чые жыцці выратавалі савецкія ўрачы, не з меншай удзячнасцю ўспамінаюць пра нас.
88-гадовая Вера Самсонаўна Кірылюк таксама жыве ўспамінамі. Але яны іншыя, балючыя.

Кожны год праз Сцяпанкі рухаюцца шматлікія айчынныя і замежныя дэлегацыі. За аграгарадком – мемарыял “Драмлёва”. Пра тое, што адбывалася на Галавасек, 11 верасня 1942 года, калі на ўласныя вочы шасцігадовая дзяўчынка бачыла, як знішчалі драмлёўцаў, цяпер згадвае вельмі пажылая жанчына. Тая чорная пятніца падзяліла яе жыццё. Галавасек прымушае і зараз казаць праз слёзы:
– Бабулечка мая згарэла, цёця Аня, Лёша, Тоня і Людка малая згарэла. На могілках у Сцяпанках, на тумбачцы каля помніка, усе мае напісаны…
Бацька будаваў дамы – сын майструе домікі
– Будзем Богу дзякаваць, што цяпер няма такой бяды, – прамаўляе наш іншы герой, які ўласнымі рукамі стварыў асаблівы “драўляны” свет, дзе казка спалучаецца з быллю.
Так здарылася, што з работамі Анатоля Тамашука пазнаёміўся раней, чым з самім майстрам, калі пісаў пра бібліятэкара са Сцяпанак Ірыну Самасюк. Бібліятэка мае экалагічны накірунак, і ў ёй сярод іншага прыроднага хараства дэманструюцца драўляныя вырабы, створаныя рукамі Анатоля Андрэевіча. Ужо тады была задума сустрэцца з умельцам. Пазнаёміліся, аднак, толькі сёлета – на шляху праекта “Вёсачка, жыві!”.

Адразу пасля вайны Анатолеў бацька Андрэй Захаравіч стаў першым бібліятэкарам у хаце-чытальні ў вёсцы Сцяпанкі, пазней працаваў у калгасе, а ў вольную часіну клаў печы і будаваў дамы. Майстравы быў чалавек. Што ўмеў і сыну перадаў, які таксама 35 гадоў прысвяціў роднай гаспадарцы, а як выйшаў на пенсію, шчыльна далучыўся да народных промыслаў.
Не, захапленне вырабамі з дрэва “прачнулася” ў Анатоля Тамашука крыху раней, але ж па-сапраўднаму стала для яго часткаю жыцця, калі з’явіліся ўнукі. Вось і пачалі ў працавітых руках стварацца вясковыя падворкі і казачныя замкі, млыны і храмы, дый іншага рознага багата, ад чаго прыгажэе хата.
У 2017 годзе майстар стаў пераможцам конкурсу “Арт-Ёлка” ў намінацыі “Посах Дзеда Мароза”, неаднойчы яго вырабы ўпрыгожвалі выставы на “Дажынках”. Мабыць, і сёлета ў Ракітніцу паедуць, дзе адбудзецца чарговы раённы фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла.
Соф’я Ксенафонтаўна, жонка Анатоля Тамашука, таксама мае захапленні, прынамсі, выдатна і прыгожа вяжа-гафтуе сабе і людзям на радасць. Праз тры дні яна, дзеці Андрэй і Люда, унукі Максім і Вікторыя будуць віншаваць мужа, бацьку і дзеда з чарговым днём нараджэння. Узрост такі, што яшчэ на печы не сядзіцца. Натхнення хапае, жаданне ствараць ёсць ды і залатыя рукі стомы не маюць. Будуць яшчэ абавязкова нараджацца драўляныя шэдэўры.
З гэтым перакананнем развітваемся са Сцяпанкамі і рухаемся далей… Чуеце, як ціхім ранкам са сцяпанкаўскім царкоўным кампанам пераклікаюцца званы Свята-Мікалаеўскага храма ў Вялікіх Сяхновічах? Значыцца, едзем на іх гучныя галасы.
Анатоль БЕНЗЯРУК, фота аўтара і з архіва Васіля Вашчука
Больше новостей о своем районе и городе
Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
