ВІЗІТОЎКА
Назва — ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка”.
Час узнікнення — 1966 год.
Месцазнаходжанне — горад Жабінка, вуліца Кароткіна, 7.
Рэарганізацыя прадпрыемства — узбуйненне сельгастэхнікі пасля далучэння да яе ў 2003 годзе адкрытых акцыянерных таварыстваў “Жабінкаўская сельгасхімія” і “Жабінкаўскае райаграпрамзабеспячэнне”.
У календары працаўнікоў сельгастэхнікі 12 кастрычніка 1966 года – асаблівая дата. Менавіта з гэтага дня арганізацыя адлічвае сваю гісторыю. І тады, і праз многія гады асноўны напрамак дзейнасці прадпрыемства – аказанне паслуг, якія дапамагаюць аграрыям раёна паспяхова абрабляць зямлю і мець сельгаспрадукцыю, неабходную штодня для нашага стала. Вядома, у Год якасці і дырэктар Уладзімір Дземідзюк, і кожны работнік Жабінкаўскай сельгастэхнікі цудоўна ўсведамляюць, наколькі значнай і патрэбнай справай займаюцца. Пагэтаму калектыў, які налічвае каля сотні чалавек, рупіцца старанна і вельмі аддана, асабліва зараз, калі імкліва набліжаецца асноўная жніўная пара.
Дырэктар і «двое са СТА»
Так, спраў у сельгастэхніцы заўсёды ўдосталь. У кабінеце кіраўніка – гарачая ранішняя лятучка, але для журналіста час знайшоўся адразу.
– Мы роднай прэсе заўсёды рады, – працягваючы руку, бадзёра павітаўся Уладзімір Мікалаевіч.
Уладзімір Дземідзюк – чалавек шматвопытны, сапраўды адданы сваёй арганізацыі, дзе працуе ўжо амаль 45 гадоў, з іх пятнаццаць – дырэктарам. Таму ведае дасканала не толькі кожны механізм, але й кожнага працаўніка.
Вядома, пабачыць адразу сотню работнікаў сельгастэхнікі проста немагчыма, таму дапамогу ў знаёмстве з арганізацыяй і яе работнікамі аказалі “двое са СТА” – начальнікі станцый тэхнічнага абслугоўвання Аляксандр Ермакоў і Юрый Давыдоўскі. Апошні нават “двойчы па СТА”: Юрый Фёдаравіч не толькі кіруе СТА малочна-жывёлагадоўчых ферм, але й з’яўляецца СТАршынёй прафкама – клапоціцца пра абарону правоў працаўнікоў. А вось Аляксандр Аляксеевіч больш гаворыць пра тэхніку, і гэта зусім не дзіўна з вуснаў начальніка СТА машынна-трактарнага парку пачуць упэўненыя словы:
– Мы рамантуем практычна любую тэхніку, што працуе на зямлі, у тым ліку меліярацыйную, прычым, як айчынную, так і замежную. Гэта тычыцца не толькі Жабінкаўшчыны, але і Бярозаўскага, Брэсцкага, Драгічынскага, Камянецкага, Кобрынскага, Лунінецкага раёнаў ды іншых рэгіёнаў Беларусі.

І гэта далёка не ўсе справы, падуладныя працавітым рукам рупліўцаў з сельгастэхнікі. Яны праводзяць аграхімработы, рэалізуюць запасныя часткі і мінеральныя ўгнаенні. Як спатрэбіцца, тутэйшыя спецыялісты правядуць пагрузачна-разгрузачныя і электрамантажныя работы, створаць жалеза-бетонныя канструкцыі, акажуць будаўніча-мантажныя ды іншыя паслугі – зробяць усё, што людзям неабходна.
Акрамя таго, прадпрыемства мае дзве крамы, багатыя на асартымент. Прамысловымі таварамі гандлюе гаспадыня з “Гаспадара”, а каб было нешта прыкупіць да будзённага ці святочнага стала, жабінкаўцы заходзяць у “Гасцінец”. Мы і самі пабачылі, і загадчыца магазіна Святлана Казачэнка запэўніла: амаль ніхто не пакідае “Гасцінец” без гасцінца. Тут ёсць, лічыце, усё, нават ласкавыя ўсмешкі ад прывабных гандлярак у дадатак!
Хутка “конік” “паскача” ў поле
Працоўны дзень у разгары. Трактарысты Анатоль Чарняўскі і Іван Камянчук займаюцца рамонтам самаходнага апырсквальніка “Мекасан”, які любоўна называюць “кузнечыкам”. Знешне гэты агрэгат сапраўды ў нечым нагадвае рухавага зялёнага цвыркуна. Анатоль Васільевіч на прадпремстве ўжо пятнаццаты год, яго малады памочнік прыйшоў на працу пасля войска ўсяго шэсць месяцаў таму. Іван мае адукацыю тэхніка-механіка. І ўсё ж галоўнае, што ён мае, – дык гэта вялікае жаданне прысвяціць сябе сельгастэхніцы.

Яшчэ адна важная задача, якую выконвае прадпрыемства: з 2000 года Жабінкаўская сельгастэхніка – дылерскі цэнтр “Гомсельмаша”, а таму прадае ад вядучага прадпрыемства Беларусі запчасткі да камбайнаў і іншай тэхнікі, патрэбнай на сяле. Прычым, у Жабінцы ажыццяўляюць не толькі гандлёвае, але й гарантыйнае і паслягарантыйнае абслугоўванне “гомсельмашаўскіх” вырабаў.

Майстры-наладчыкі Мікалай Рыбак і Пётр Сабалеўскі, сфатаграфаваныя на фоне гомельскіх камбайнаў, ужо шмат гадоў шчыруюць у сельгастэхніцы. У жніўні 2022 года яны прадстаўлялі дылерскі цэнтр у ААТ “Жураўлінае”, калі перадавую гаспадарку на Пружаншчыне наведваў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка.
З асаблівым гонарам нам прадэманстравалі зусім новы трактар “Беларус”. Яго літаральна напярэдадні сваім ходам перагнаў з МТЗ Раман Нікіцюк. І вось цяпер начальнік механізаванага атрада Сяргей Чарнак разам з трактарыстамі-машыністамі Віктарам Яканюком і Вячаславаў Трацюком аглядаюць навінку.

Хутка і “конік” “паскача” ў поле, і “Беларус” выйдзе на раллю, і іншая тэхніка з сельгастэхнікі працягне шчыраваць, каб добры ураджай прыдбаць. Бо гэта ў восені работ восем, а летам на сяле іх і палічыць цяжка.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%