
Далёка не кожная вёска ў Беларусі можа пахваліцца такой колькасцю выбітных нараджэнцаў, як Вялікія Сяхновічы. Адсюль паходзіў старшыня Галоўнага трыбунала Вялікага Княства Літоўскага Мікалай Касцюшка-Сяхновіцкі, які жыў на памежжы XVI і XVII стагоддзяў. У сяле прыйшлі на свет і былі ахрышчаны ў мясцовым храме Міколы Цудадворца епіскап Брэсцкі Ігнацій Жалязоўскі (1802–1872) і протаіерэй Уладзімір Лявіцкі (1843–1923). Абодва пакінулі глыбокі след у гісторыі праваслаўя. Уладыка Ігнацій зрабіў шмат, каб выратаваць ад гібелі жамчужыну Беларусі – Барысаглебскую Каложскую царкву, пабудаваную ў ХІІ стагоддзі ў Гародні. А Уладзімір Іванавіч стаў заснавальнікам непаўторнага Мікалаеўскага храма ў італьянскай Фларэнцыі.
Традыцыі выдатных папярэднікаў працягваюць і сённяшнія сяхноўцы, якія ўмеюць радаваць і здзіўляць.
Крыжы і людзі
Першы, каму давялося паціснуць руку ўдзельнікам праекта “Вёсачка, жыві!” ў Вялікіх Сяхновічах, быў стараста вёскі Уладзімір Кірыльчук. Уладзімір Міхайлавіч зірнуў дапытліва і сказаў з мяккай усмешкай:
– Цудоўна ведаю пра ваш праект. Але зараз крышку заняты: трэба суседцы дапамагчы з электраправодкай. А вы, каб час не марнаваць, можаце схадзіць да Андрасюкоў. Бачыце, крыж каля іх хаты? Шкада, што крыху спазніліся – маці Святланы Таццяна Фёдараўна гэтай зімой памерла. Ёй 96 гадоў было, светлы розум мела, яна б вам расказала, як раней жыло гэтае сяло.
Вялікія Сяхновічы, як кажуць у народзе, “месца намоленае”. Тры стагоддзі тут стаіць гожы храм, а ў наваколлі вельмі шмат крыжоў. 20 ліпеня гэтага года, калі Жабінка святкавала Дзень горада, з нагоды 80-х угодкаў вызвалення, з блаславення ўладыкі Іаана на раздарожжы паміж Сяхновічамі і Мацеевічамі быў асвечаны велічны крыж. У той самы дзень у Сяхновіцкім храме прымаў віншаванні з нагоды 45-годдзя святарскага служэння архімандрыт Алексій (Петрусевіч).
Аднак сёння мы рушылі не да вялікага новага крыжа, а да таго, якому ўжо больш за восем дзесяцігоддзяў. На Галавасек 11 верасня 1942 года паблізу палала вёска Драмлёва. Многія сяхновіцкія сем’і былі параднёныя з драмлёўскімі. Калі адшугаў страшны зніч, які знішчыў вёску з людзьмі, тутэйшыя жанчыны вышылі ручнік, а мужчыны патаемна вырабілі дубовы крыж, які і цяпер стаіць каля Андрасюковай хаты.

Працавітыя Таццяны
У размове са Святланай Андрасюк вельмі хутка высветлілася, што пра яе маму, Таццяну Фёдараўну Грыцук, “Сельская праўда” пісала раней не раз. Выдатная работніца хутка пасля вайны прыйшла на колішні Сяхновіцкі крухмальны завод, дзе і адпрацавала хімікам-лабарантам да самай пенсіі. Аднойчы журналісты нават памаглі старой жанчыне і паспрыялі, каб сельвыканкам адрамантаваў у яе хаце печ. Як з двара ў шыбу грукала непагадзь, бабуля Таня заўжды ласкавым словам успамінала не толькі спраўнага майстра, але і мясцовыя ўлады ды газетчыкаў, што адгукнуліся на яе праблемы. На жаль, сёлета, за чатыры дні да Таццянінага дня, жанчыны не стала, захавалася на памяць толькі яе прыгожая ўсмешка на каляровым фотаздымку.

А яшчэ ёсць жывы працяг бабулі Таццяны. Ён – у трох унучках ды пяці праўнуках. Самая зорная – “наша працавітая пчолка Майя”, як сказала з гонарам Святлана Андрасюк. Святлана Мікалаеўна нават паказала ў тэлефоне відэаролік з выступленнем дзяўчынкі, якая ўжо ў такім юным узросце стала кандыдатам у майстры спорту па мастацкай гімнастыцы. Сапраўдная юная грацыя ўвішна ўпраўлялася з абручом, і нам нават няўцям, якая велізарная праца стаіць за кожным лёгкім рухам 12-гадовай Майі.
– Жылі ў Сяхновічах рабацягі і зараз жывуць, – дадаў гаспадар дома Міхаіл Андрасюк, згадваючы свайго бацьку-ардэнаносца Мікалая Лявонцьевіча, які шмат сіл прыкладаў, каб ведала прыбытак і славу жабінкаўская зямля. – Вам бы лепш паразмаўляць з нашай сярэдняй дачкой Вольгай. Яна закончыла ўніверсітэт па спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура”, жыве ў Брэсце, працуе ў садзіку.
Аднак у садзік мы не пайшлі – рушылі ў сад. Ён месціцца ў супрацьлеглым канцы Вялікіх Сяхновіч. Там жыве на лецішчы старэйшая Андрасюкова дачка, якая носіць родавае імя Таццяна. Яна прафесійная мастачка, здольная не толькі бачыць ва ўсім прыгажосць, але і ствараць яе ўласнымі рукамі. Малодшая Таццяна з пяшчотай згадвае бабулю і гаворыць, дэманструючы свае вырабы:
– Магу вязаць усім чым заўгодна, увогуле, валодаю многімі відамі рукадзелля. Хоць цяпер і гараджанка, ды моцна люблю вёску.
Гэтае рамантычнае прызнанне ў каханні падмацоўвае лавандавае поле, пасаджанае рукамі Таццяны Міхайлаўны.
– Сюды шмат людзей прыязджала, каб толькі палюбавацца прыгажосцю, былі нават кітайцы. А вы крыху спазніліся, – гаворыць гаспадыня, – лаванда ўжо адцвіла да наступнага лета.
…Аднак будуць яшчэ ў жыцці вёсны і леты. Яшчэ пачуем гул залатых пчол над яркімі кветкамі лаванды.
А цяпер – зноў у дарогу
З кім першым павіталіся, з тым апошнім і развітваліся. Тварам сяхновіцкі стараста некага нагадваў.
– У вас прозвішча Кірыльчук, а вы часам не родзіч…
– Сын, – па-просту адказаў Уладзімір Міхайлавіч. – Так, я сын Веры Самсонаўны Кірыльчук. Вы пра яе шмат пісалі, калі згадвалі Драмлёва. Яна – апошняя жывая сведка таго, як гарэла “вогненная вёска” і хавалі на могілках у Сцяпанках замучаных драмлёўцаў.

Зараз Уладзімір Кірыльчук старажуе на мехдвары ў ААТ “Мацеевічы” і ўжо не адно дзесяцігоддзе людзі давяраюць яму быць старастам іх старадаўняга сяла. На яго рахунку нямала добрых спраў. Вядома, не без удзелу старасты гадоў шэсць-сем таму прыродны газ дайшоў з Малых Сяхновічаў у Вялікія. Уладзімір Міхайлавіч і цяпер нібыта перадатчык пажаданняў і людскіх праблем да вышэйшага начальства. Мо самае вострае пытанне, што стаіць на парадку дня, – аднаўленне ў зусім немалых Вялікіх Сяхновічах працы стацыянарнага магазіна. Магчыма, і мы б нешта прыдбалі ў ім у дарогу, якая вядзе праект “Вёсачка, жыві!” далей, у аграгарадок Крыўляны.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%