
Па гістарычных мерках мінула менш за долю імгнення з той хвіліны, як у Жабінцы загарэлася першая электрычная лямпачка. Дакладны дзень, калі прыйшло святло, не назавем, а вось месца цудоўна вядома: станцыя Жабінка. Адно выдатнае вынаходніцтва чалавецтва (чыгунка) проста не магло існаваць і працаваць без другога. Хутка і просты люд зразумеў і ўпадабаў усе перавагі, якія дазваляе мець электрычнасць у доме і на вытворчасці. Ужо сто гадоў назад лямпачка і рухавік для жабінкаўцаў перасталі быць нейкім нябачным цудам. Заставалася справа за малым: стварыць арганізацыю, якая будзе клапаціцца пра надзейнае электразабеспячэнне спажыўцоў Жабінкі і наваколляў.
Гэтак у верасні 1956 года ўзнік Жабінкаўскі ўчастак электрасетак. Нарэшце роўна 55 гадоў таму, летам 1969-га, ён быў ператвораны ў Жабінкаўскі РЭС.
У Год якасці ёсць чым ганарыцца
200 гадоў таму, калі геніяльны вучоны Майкл Фарадэй адкрыў Асноўны прынцып выпрацоўкі электраэнергіі, толькі на старонках фантастычных раманаў Жуля Верна можна было прачытаць пра гіганцкую моц электрычнасці. А сёння ніхто ўжо не ўяўляе жыцця без вынаходніцтваў Фарадэя, Эдысана альбо Ніколы Тэслы. Таму і адказнасць на работніках электрычнай галіны проста каласальная.
Гэта цудоўна ўсведамляюць і начальнік Жабінкаўскага РЭС Дзяніс Шышчыц, і кожны з паўсотні яго працаўнікоў. Ім не трэба тлумачыць сэнс слоў “якасць”, “стандарт”, “належны ўзровень жыцця”, які павінен мець кожны жабінкавец. А яго не можа быць без надзейнай і адказнай працы энергетыкаў. Як вам жывецца, калі “зямля нябачная і пустая і цемра над безданню” – халадзільнік не марозіць, кандыцыянер у спёку не халодзіць, няма святла ды цеплыні і – о жах! – не працуе інтэрнэт?..
– Мы маем належны парк тэхнікі, якая вельмі дапамагае энергетыкам весці расчыстку просек, паколькі большая частка нашых ліній ідзе па лясах, – тлумачыць Дзяніс Алегавіч. – Гэта патрэбна і для таго, каб будаваць паветраныя лініі з ізаляванымі правадамі і эксплуатаваць існуючыя паветраныя і кабельныя лініі электраперадачы. Нам заўсёды шанцавала на прафесіяналаў. З павагай называю імя электраманцёра Анатоля Васільевіча Грыгарука, які шмат дзесяцігоддзяў прысвяціў працы ў РЭС і за тое атрымаў ганаровае званне “Ветэран Беларускай энергасістэмы”.
– Не толькі асобныя нашы працаўнікі маюць высокія ўзнагароды – увесь калектыў на добрым рахунку, – далучаецца да размовы галоўны інжынер Васіль Братчук і дэманструе, як доказ сваіх слоў, грамату райвыканкама за лепшыя паказчыкі ў сацыяльна-эканамічным развіцці, якія дэманструюць жабінкаўскія энергетыкі.
Хоць доказу мы і не прасілі, бо і так цудоўна знаем, што халадзільнік марозіць, кандыцыянер халодзіць, у хаце светла і цёпла ды працуе інтэрнэт… А яшчэ ведаем, што нашы электрыкі гатовыя ў любой няштатнай сітуацыі спрацаваць на “выдатна”.
Прычым, не толькі ў Першым рэгіёне.
Працоўны штурм супраць шторму
Нядаўні ліпень прынёс у Беларусь спёку і трывогу. Раптоўна моцны ўраган абрынуўся на краіну, былі загінулыя, каля 2000 населеных пунктаў засталіся без электрычнасці. Найбольш папакутавала 13-14 ліпеня Гомельшчына. Доступ да электрасетак абцяжарвала вялікая колькасць паваленых дрэў. Самая складаная сітуацыя склалася ў Мазырскім, Калінкавіцкім, Рэчыцкім раёнах. Ліквідацыю наступстваў стыхіі і ўзнаўленне жыццядзейнасці ў пацярпелых рэгіёнах узяў пад асабісты кантроль Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Уся краіна далучылася да гэтай справы. На Мазыршчыну, між іншымі, тэрмінова выехала з Жабінкі брыгада майстра Уладзіміра Бычака. Разам з ім у Мазыр накіраваліся электраманцёры Яўген Паўловіч і Юрый Міхалькевіч, вадзіцель Андрэй Варанчук і машыніст аўтагідрапад’ёмніка Вячаслаў Андрасюк.

Неўзабаве ім на змену прыбыла другая брыгада ў складзе майстра Андрэя Зорына, машыніста пад’ёмніка Сяргея Саўчука, электраманцёраў Леаніда Лясковіча і Вячаслава Гомана.
Дзесяць дзён напружанага працоўнага штурму супраць разбуральнага шторму. І вось вынік: жабінкаўцы аднавілі падачу электрычнасці больш чым у дваццаці населеных пунктах.
Вядома, за тое будуць у электрыкаў нейкія ўзнагароды, але першую і, мабыць, галоўную ўзнагароду яны ўжо атрымалі – шчырыя словы падзякі ад многіх мазыран.
ПС 110/35/10 кВ
Для неспецыяліста гэтыя літары і лічбы – незразумелая галаваломка. А між тым, пабачыўшы іх у кабінеце начальніка, звярнулі ўвагу, што напісаныя на чырвонай стужцы загадкавыя лічбы і літары былі аформлены ў рамачку. Відавочна, гэты сувенір мае нейкае асаблівае значэнне, калі яго зберагаюць пад шклом.
Галоўны інжынер Васіль Братчук ахвотна задавальняе нашу цікаўнасць:
– Гэта памяць пра асаблівы дзень – 26 кастрычніка 2023 года. Была знакавая дата, калі пасля рэканструкцыі ўрачыста адкрывалі падстанцыю 110/35/10 кВ “Жабінка”. Тут кожная лічба мае свой сэнс. Напрыклад, па лініях 110 кВ на падстанцыю прыходзіць адпаведнае напружанне, а затым праз паніжаючыя трансфарматары размяркоўваюцца лініі на 35 кВ і 10 кВ. Апошняя напруга дастаўляецца па адпаведных лініях да трансфарматарных падстанцый, якія сілкуюць дамы і прадпрыемствы нашых спажыўцоў.
На ўрачыстасці 26 кастрычніка мінулага года прысутнічалі ганаровыя госці: кіраўнік Жабінкаўскага раёна Андрэй Кузьміч, генеральны дырэктар рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Брэстэнерга” Сяргей Шабека, генпадрадчык Павел Велітчэнка, які ўзначальвае ААТ “ЭлектраЦэнтрМантаж”, ды начальнік філіяла “Брэсцкія электрычныя сеткі” РУП “Брэстэнерга” Васіль Вярэніч. Ім і выпала прыемная місія перарэзаць чырвоную стужку, частка якой беражліва захоўваецца ў Жабінкаўскім раёне электрычных сетак.
Увогуле, навошта спатрэбілася капітальная рэканструкцыя? Дзякуючы ёй былі дадаткова ўсталяваны два новыя сілавыя трансфарматары, прыкметна павялічыліся магчымасці Жабінкаўскага РЭС.
А гэта вельмі істотна для горада-спадарожніка, які імкліва развіваецца. Кожны бачыць: апошнімі гадамі ў Жабінцы назіраецца будаўнічы бум. Дамы растуць, бы грыбы, дзевяціпавярховікамі цяпер нікога не здзівіш. У спадарожніку абласнога цэнтра назіраецца высокі ўзлёт, а значыцца, для высокага палёту будзе патрэбна ўсё больш электраэнергіі. Пагэтаму рэканструяваная падстанцыя ўжо прыносіць свой плён, задавальняючы патрэбы і тых, хто жыве “на паверхах”, і тых, хто аблюбаваў для жылля прыватны сектар. Не забываемся і на тое, што надзейнай падачы электрычнасці чакаюць не толькі гараджане, але і вяскоўцы.
Разам з Васілём Братчуком прайшлі ў памяшканне ПС 110/35/10 кВ. Тут у ролі гаспадара нас сустракаў электраманцёр Раман Алесік. На прадпрыемстве ён ужо сем гадоў, а на абноўленай падстанцыі – з першага дня пасля адкрыцця. Раман Святаслававіч дэманструе “святая святых” электрападстанцыі, і па ўсім бачна, што справа, якой ён прысвяціў гэтыя гады, яму вельмі даспадобы.

Гэта лёгка вызначыць па шырокай светлай усмешцы, што не сыходзіць з вуснаў вопытнага працаўніка. А вам любы, нават не спецыяліст, скажа: калі ўсё, як належна, калі парадак і шчасце ў жыцці, ярка свеціць не толькі лямпачка – чалавек таксама свеціцца.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%