
Турызм – не толькі від спорту, што дапамагае арганізму атрымаць фізічную загартоўку. Гэта яшчэ й падарожжы, карысныя для адпачынку ды пашырэння кругагляду і ведаў аб навакольным свеце. І цудоўна, калі ў цэнтры таго свету “Жабінка – мілы гарадок”!
Мы (пад гэтым займеннікам патрэбна разумець усіх жабінкаўцаў і ўсю Жабінкаўшчыну) сапраўды цікавыя іншым. Нездарма так шмат выбітных асоб за стагоддзі пабывалі на нашай зямлі (у іх ліку каралева Бона, імператар Аляксандр Першы і нават Ульянаў-Ленін…). Ва ўсіх сферах, за якія бяруцца жыхары жабінкаўскай зямлі, яны пакідаюць адметны след. Таму імя горада-спадарожніка вельмі папулярнае. Гэтай папулярнасці спрыяе і тое, што турыста тут заўсёды гатовы павітаць, добра прыняць і бясконца здзіўляць. Як гатовы ўжо здзіўляцца, дык пайшлі-паехалі!
У лес – не толькі па грыбы, а за луг – не толькі ў касавіцу
Жабінка жыве нібыта ў абдымках лесу: зусім побач з горадам-спадарожнікам раскінуліся зялёныя ўладанні Пятровіцкага лясніцтва. Тры дні таму яго працаўнікі адзначалі сваё прафесійнае свята. Мабыць, 15 верасня да віншаванняў у адрас спецыялістаў лясной гаспадаркі далучыўся і Пятровіч – добры дух мясцовых гушчароў. Ён “пасяліўся” тут у 2020 годзе, калі ўзнікла экалагічная сцежка “У гасцях у Пятровіча”. Турыстаў розных узростаў ахвотна правядзе па ёй намеснік лесніка Надзея Абашкіна або ўласніца аграсядзібы “Беларускі падворак” Яўгенія Тарасевіч. Яны пазнаёмяць з рознымі пятровіцкімі “Духамі прыроды”, лясной школай, прадстаўнікамі флоры і фаўны (у тым ліку “чырванакніжнымі”), дазволяць дакрануцца да аленяў і ўнікальных прыродных помнікаў: сасны Веймутавай ды дуба чарэшчатага, які ўжо сотні год пазірае звысок на нас і нашых прашчураў. Да слова, у раёне ёсць рэліктавая дуброва яшчэ і ў самой Жабінцы (так званыя “Здзітаўскія дубы”).
Калі ад Жабінкі падацца на ўсход сонца, цяжка абмінуць Залуззе. Вёску, што некалі ўзнікла “за лугам”, не абмінаюць турысты. Тут іх гатовы гасцінна сустрэць захавальніца народнай спадчыны, загадчыца Дома народнай творчасці Святлана Ляшук і майстар-разьбяр, “Лясной гавані” гападар Павел Шадрын. Увогуле на агратурызм у раёне звяртаюць пільную ўвагу. Сярод аграсядзіб вылучым “Алізараў Стаў” у аднайменнай вёсцы, “Беларускія буслы” ў Буснях, хадасоўскі “Лясны хутар” ды сялібу “Рачная” на ўзбярэжжы Мухаўца.

У турысце бачыш брата? Значыць, вопыт ёсць багаты
“Рачная” знаходзіцца ў Жабінцы (былым Здзітаве). Яе ўласнік – Генадзь Турыцын – шматвопытны турыст і вядомы краязнаўца. Яшчэ ў 1980-я гады ён стварыў у першай школе гурток “Бусел”. “Бусляняты” са сваім кіраўніком узнімаліся на вяршыні Карпат і Урала, сорак гадоў таму нават прайшлі шляхам 20-й стралковай дывізіі, якая пачынала свой баявы шлях з каўказскіх гор і вызваляла ў ліпені 1944-га нашу Жабінку. Генадзь Фядотавіч заўсёды лічыў турызм лепшым сродкам выхавання. А цяпер яго сядзіба заўсёды адчынена для гасцей, што жадаюць не толькі адпачыць ад гарадской сумятні, але і пазнаёміцца бліжэй з жабінкаўскай зямлёй. А дзівосаў у нас сапраўды нямала на розны густ. Зусім недалёка – санаторыі “Буг” ды “Надзея”, можна выправіцца і ў духоўную вандроўку: перш-наперш у старажытны Здзітаўскі Свята-Мікітаўскі храм, а затым да цудадзейных абразоў, размешчаных у Хмелеве і Мацеевічах.

Можна і ў райцэнтр завітаць, дзе турыстаў з ахвотай сустрэне і правядзе падрабязную экскурсію шматвопытны дырэктар гісторыка-кампазіцыйнага комплексу развіцця меліярацыйных зямель Пётр Вайноўскі. Палессе пачынала вызваляцца ад “царства Багніка” яшчэ ў дарэвалюцыйную пару, аднак па-сапраўднаму маштабна гэтыя справы пачалі развівацца толькі ў гады, калі наша зямля залячыла глыбокія адмеціны, пакінутыя Вялікай Айчыннай вайной.
Пранесці боль чужы і праз доўгія гады
Гэтая тэма не згасае шмат дзесяцігоддзяў. Сёлета яна атрымала асаблівы імпульс у сувязі з юбілейнай датай – 80-годдзем вызвалення Беларусі. 2025-ы падхопіць эстафету памяці, бо ён будзе адзначаны ў календары як юбілейны год Вялікай Перамогі.
На Жабінкаўшчыне больш за сорак помнікаў, прысвечаных ваеннаму ліхалеццю. Непасрэдна ў самім райцэнтры дзесяць такіх памятак вайны, большасць з іх месціцца на вуліцы Міру.
Самыя наведвальныя помнікі нашага краю – магілы воінаў-вызваліцеляў і ахвяр фашызму ў Жабінцы, а таксама мемарыяльны комплекс “Драмлёва”. Сёлета ўжо не менш за дваццаць дэлегацый з розных куткоў Беларусі і нават замежжа пабывалі ў нашай вогненнай вёсцы.
Ёсць задума (і спадзяемся, яна неўзабаве спраўдзіцца), што на Жабінкаўшчыне ўзнікне яшчэ адзін важны мемарыял, прысвечаны партызанскай славе. Плануецца, што ў Старасельскім лесе, дзе ў ноч з 24 на 25 чэрвеня 1941 года ўзнік першы партызанскі атрад, які пазней насіў імя Міхаіла Чарнака, будуць адноўлены карціны партызанскага быту. Пачатак пакладзены даўно – калі на месцы пахаванняў народных мсціўцаў быў пастаўлены бетонны “Шалаш”. У сучасных умовах помнік, створаны ў мінулым стагоддзі, патрабуе капітальнага абнаўлення. (Прыкладна так, як гэта зроблена на партызанскай стаянцы “Хаваншчына” Івацэвіцкага раёна).
А пакуль турысты могуць прыехаць у цэнтр Старога Сяла, каб ускласці кветкі да помніка легендарнаму партызану-разведчыку і ўгледзецца ў яго скульптурны твар. Тыя, хто памятаў Міхаіла Мікітавіча сведчылі: выява аднаго са стваральнікаў партызанскага атрада вельмі падобная на арыгінал.
Адзначым таксама вялікую пошукавую працу, што праводзяць навучэнцы першай сярэдняй школы, якая напрыканцы 2023 года атрымала імя абаронцы Брэсцкай крэпасці Івана Зубачова. Падрабязней пра лёс Івана Мікалаевіча і іншых вядомых асоб, звязаных з жабінкаўскай зямлёй, можна даведацца ў школьным музейным пакоі. Свае аўтографы пасля яго наведвання пакідалі многія слынныя асобы, у іх ліку – старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Пятровіч Сергяенка.
Надзвычай важна, што экскурсіі для наведвальнікаў праводзяць вучні. Толькі так – ад пакалення да пакалення магчыма пранесці боль чужы нават праз доўгія гады.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара і Кацярыны ЯКУБЁНАК
Больше новостей о своем районе и городе
Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
