
Хто пабывае ў вёсцы з такой незвычайнай назвай, міжволі будзе вымушаны пагадзіцца з расійскім генералам і этнографам Паўлам Баброўскім, які ў 1860 годзе называў Алізараў Стаў “адным з цікавейшых месцаў Гродзенскай губерні”. А за два стагоддзі да Баброўскага мясцовымі краявідамі выпала любавацца паслу Бернгарду Танеру, які ў верасні 1678 года вяртаўся праз Алізараў Стаў з Масквы, дзе дыпламат разам з князем Радзівілам вырашаў пытанні вайны і міру. Ухвальваў славутасці гэтага краю і знакаміты Юзаф Крашэўскі (1812 – 1887), чыё імя ўнесена ў Кнігу рэкордаў Гінеса як самага пладавітага пісьменніка, што пісаў гусіным пяром. Галоўнай візітоўкай Алізарава Става некалі былі рэшткі манастыра, ад якога, на жаль, не засталося цяпер і следу. Затое гаючым паветрам, спрыяльным чалавеку, можна падыхаць і сёння, а яшчэ – сустрэцца з цікавымі людзьмі.
Ёсць утульнасць у вясковай хаце
Стаўцы (гэтак з націскам на апошні склад заве сябе тутэйшы люд) – людзі надзвычай гасцінныя, ёсць у іх свая разыначка. Некалі вёска была вельмі спеўная: гармонікі і гітары гучалі ў многіх дварах. Цяпер, на жаль, галасоў паменела, але ж народныя традыцыі маюць працяг.
Хараство пануе ў хаце вясковай старасты Людмілы Іскрыцкай. Яна сапраўды людзям мілая.

– У нас яна сапраўды актыўная жанчына, усім памагае, перажывае за вёску, хочацца Людзе, каб вёска жыла! – гавораць сяброўкі Кацярына Васільеўна і Ларыса Мікалаеўна.
І ім хочацца верыць, бо нездарма ж чатыры гады таму стаўцы аказалі давер Людміле Іванаўне прадстаўляць свае інтарэсы, даносіць свае праблемы да тых, хто можа іх вырашаць.
Было, напрыклад, такое: старажытную вёску раптам “перайменавалі”. На аўтобусным прыпынку на дарозе паміж Жабінкай і Каменцам недарэчна пазначылі “Алізараў Стан”. Некаторыя вадзіцелі маршрутак нават адмаўляліся спыняцца, бо ў іх графіку не значыўся такі прыпынак. Цяпер, як і патрэбна, чытаем “Алізараў Стаў” – пытанне вырашана, праблема знята!
Стаялі на парадку дня шматгрузныя аўтамабілі, што, парушаючы хуткасны рэжым, перавозяць у сезон цукровыя буракі і жамерыны, пры гэтым пагаршаецца стан гравійнай дарогі. Просьба, агучаная старастай перад кіраўніцтвам, таксама тэрмінова вырашана.
Жанчына любіць не толькі парадак, але і прыгажосць. Для гэтага дастаткова пераступіць парог утульнага дома. Бабуля Надзея Яканюк была знанай вышывальніцай. Уменні, любоў да мастацтва перадала сваёй дачцэ Любові Сахарчук, а тая – сваёй дачцэ, нашай гераіні.
Колькі сябе памятае Людміла Іванаўна, яна вышывала крыжыкам, нават вясельны ручнік з ластаўкамі, галубамі, лебядзямі ўласнаручна стварыла, як пакахала свайго Дзмітрыя, а зараз ужо 50-ы ручнік у працы! Вось толькі навыкі, набытыя ад бабулі і мамы, перадаваць пакуль няма каму: у сям’і расце сын Раман, які прысвяціў сябе чыгунцы. Рома – матулін гонар, нядаўна з чэмпіяната па плаванні Брэсцкага аддзялення чыгункі прывёз дыплом пераможцы. Хто ведае, як жыццё складзецца, мо 50-ы ручнік таксама стане вясельным?..
А на двары гожа і крэатыўна
Калі Людміла Іскрыцкая ўвесь век жыве ў Алізаравым Ставе, дык суседка Іна Раманоўская перасялілася сюды з Брэсцкага раёна ўсяго пяць гадоў назад, бо знайшла ў такой незвычайнай вёсцы шчасце. Гэта была ўдарная пяцігодка! Разам з мужам, былым ваенным Вадзімам Іванавічам, які пакарыў сэрца клопатам, дабрынёй і, канечне, каханнем, яна стварыла сапраўдны філіял рая на зямлі.

– Адчула гаючае паветра цудоўных мясцін, тут нават дыхаецца па-асабліваму, – гаворыць Іна Мікалаеўна.
Свае вырабы яна стварае з прыродных матэрыялаў, у ход ідзе ўсё, чым лес багаты. Потым на падворку лясныя рэчы ператвараюцца ў цікавыя вырабы. Выглядае гэта вельмі крэатыўна. Не забываюць Іна Мікалаеўна ды Вадзім Іванавіч і зямельцы пакланіца, таму да першых замаразкаў на градках – ураджайна, а заполлі поўняцца шчодрымі запасамі.
“І яркі ордэн на грудзях”
Старастай Людміла Іскрыцкая стала пасля Аляксея Юхімука. Аляксей Мікалаевіч сорак гадоў адпрацаваў вадзіцелем у шпіталёўскім калгасе “Усход”. З нагоды хуткага Дня аўтамабіліста і дарожніка павіншавалі яго з набліжэннем свята. Пра свой працоўны шлях ён гаворыць неахвотна:
– Усё ёсць у граматах, бывала, бака бензіну, разлічанага на 170 літраў, не хапала. Працавалі па гаспадарцы; як асфальт вазілі, і тут без мяне ды маёй машыны не абыходзілася.

Як вынік – высокае ўрадавае прызнанне заслуг працаўніка, аддадзенага сваёй справе. Яно выразілася ў ордэне Працоўнай Славы, што ўпрыгожыў яго грудзі.
Паміж 1993 і 2020 гадамі Аляксей Юхімук быў статастай у роднай вёсцы. Пра ім яшчэ 14 год таму Алізараў Стаў стаў першым невялікім населеным пунктам у раёне, куды прыйшоў прыродны газ. У той час нават многія аграгарадкі чакалі сваёй чаргі, а жыхары Алізарава Става, праз які некалі рухаліся паслы, князі і пісьменнікі, ужо маглі карыстацца гарадскімі дабротамі. Таму не дзіўна, што стаўцамі жадаюць станавіцца гараджане…
Нам жа прыйшоў час вяртацца ў горад, каб праз пэўны час зноў завітаць у вёску, што носіць “жыццёвае” імя. Здагадаліся? Едзем у Жыцінь!
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%