
У красавіку 1589 года на сялянскі суд паблізу Сяхновіч сышліся жыхары суседніх вёсак. Было на той грамадзе і “ўсё сяло Крывое: Пятрук Будзіловіч і іншых нямала” падданых суддзі Фёдара Пацея. Гэтак упершыню 435 гадоў таму на старонках гучнай судовай справы з’явілася сяло Крывое – сённяшні аграгарадок Крыўляны. Тут спрадвеку жылі працавітыя людзі. Так было ва ўсе вякі. Кавалерамі ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга станавіліся загадчык фермы са “Світанку” Аляксей Саковіч, трактарысты Іван Кавальчук і Васіль Балюк. “Знак Пашаны” ўпрыгожваў грудзі Фёдара Візерта, Надзеі Данілюк, Івана Пасюка і Мікалая Дземідзюка. А партрэт даяркі-перадавіка Марыі Кухарчук не раз упрыгожваў перадавіцу раённай газеты. І гэта зусім не дзіўна, бо ў “калекцыі” Марыі Іванаўны былі абодва ордэны за выдатную працу.
“Дрэмле памятка дзён”
Многія таямніцы мінулага Крыўлян ведае і пераказвае бібліятэкар Алена Балюк.
У наваколіцах, напрыклад, дасюль бытуе легенда пра жорсткага князя. Па легендзе, магнат узвёў магутны прыгожы замак, абаронены земляным валам і глыбокім ровам. Князь ездзіў паўсюль у вялікай карэце, зробленай з суцэльнага золата, і прымушаў сялян гарбаціцца, цягаючы пясок і камяні на будоўлю замка. Сажалку каля фартэцыі людзі стараліся абыходзіць здалёк, верылі, што ў ёй водзяцца чэрці.
Старое павер’е сцвярджала, што ў замкавых валах князь схаваў сваю Залатую карэту. Гістарычны факт: замак князя Адама Казіміра Чартарыйскага насамрэч калісь існаваў ва ўрочышчы Каранёва. Аднак цяпер пабачыць той замак можна толькі на старых картах. Чаму так здарылася? Мо час знішчыў “памятку дзён, што ў нябыт уцяклі”? На жаль, не толькі вякі, але і людзі прыклалі сваю руку. І тут сівая легенда згуляла нядобры жарт. Перад спакусай узбагаціцца не ўстаялі многія – нават чэрці не лякалі золаташукальнікаў, якія рыліся ў зямлі ў спадзяванні знайсці княскія багацці… Часам сапраўды трапляліся срэбныя рымскія манеты ІІ і IV стагоддзяў нашай эры, ды вось Залатая карэта так і засталася проста прыгожым паданнем…
Мабыць, усё ж нездарма гавораць у народзе: “Не ўсё тое золата, што блішчыць”. Ёсць у Крыўлянах багацці сапраўдныя, родныя, спрадвеку народныя. Цэнтрам іх зберажэння застаюцца не толькі вясковая бібліятэка, але і сельскі Дом культуры.
Калі спявае душа
Ад вельмі многіх выпускнікоў Крыўлянскай школы даводзілася чуць добрыя словы ў адрас дырэктара Аляксандра Казюры і настаўніцы Марыі Марковіч. Не раз сустракаўся з выдатнымі педагогамі. Усялякі раз тыя з удзячнасцю згадвалі сваіх былых навучэнцаў, шчыра радаваліся іх поспехам, журботна ўспаміналі тых, каго ўжо няма на гэтай зямлі.

Улюбёная ва ўсё беларускае Марыя Рыгораўна неаднойчы арганізоўвала школьныя вечарыны, душою якіх быў Анатоль Батура. Таленавіты юнак не толькі выдатна іграў на гітары, але й ствараў вершы. Пазней працаваў мастацкім кіраўніком у Крыўлянскім СДК, арганізаваў вакальны ансамбль, які выконваў для працавітых землякоў песні, напісаныя Анатолем Пятровічам.
Ён меў шмат планаў, якім, на жаль, не суджана было збыцца. Анатоль Батура памёр ад невылечнай хваробы ў дваццаць сем гадоў вясной 2000-га, на парозе новага веку і новага тысячагоддзя.
Аднак усё харошае не губляецца, раней ці пазней яно мае працяг, прарастае на зямлі. Праз гады Толеў брат Лёня пайшоў дарогай, пракладзенай старэйшым братам. Леанід Пятровіч зайграў, заспяваў, узначаліў Крыўлянскі сельскі Дом культуры ды міні-тэатр песні і гумару “Спявай, душа!”. І цяпер, бадай, усялякае вясковае, гарадское альбо раённае свята цяжка нават уявіць без артыстаў з Крыўлян, без іх душы, што спявае лірычна, гучна і гарэзліва.
Тут людзі залатыя!
Бібліятэкар Алена Балюк перакананая, што не трэба рыцца ў зямлі ў пошуках золата – у Крыўлянах усё на паверхні: тут людзі залатыя! Такія, як мясцовая фалькларыстка Марыя Сарока і народная майстрыха Лідзія Буза.

У пачатку года Марыі Гаўрылаўне споўнілася дзевяноста, а Лідзія Адамаўна 25 ліпеня адзначыла сваё 85-годдзе. Пры гэтым паважаныя жанчыны, якія праслаўлялі родны край не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, дасюль захоўваюць добрую памяць, а іх цудоўныя работы ўпрыгожваюць этнаграфічны куток у Крыўлянскім СДК і бібліятэцы.
Каб спадчына не згубілася, старыя песні не забыліся, культработнікі і бібліятэкары летась сабралі матэрыялы пра выдатных зямлячак ды размясцілі тыя матэрыялы на сайце Жабінкаўскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Каму цікава, можа пра тое пачытаць-паглядзець на https://zhabinkalib.by.
Увогуле, у аграгарадку беражліва захоўваюць памяць пра многіх, хто пакінуў след у гісторыі. Найбольш знакаміты з крыўлянцаў – Захар Кавальчук (1893 – 1937). У 30-я гады ХХ стагоддзя Захар Захаравіч стаў старшынёй Савета прафсаюзаў Беларусі, узначальваў Камісію па рэгуляванні вярбоўкі працоўнай сілы пры Савеце народных камісараў Беларускай ССР, што адпавядае сёння пасадзе міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь.
У Крыўлянах ведаюць лёс свайго знакамітага земляка, захоўваюць кожную старонку свайго мінулага і з гэтым гістарычным “багажом” упэўнена рухаюцца ў будучыню.
Яшчэ адна іпастась вясковага бібліятэкара
Згадваючы Алену Балюк, кожны раз мы называем яе бібліятэкарам. Так яно і ёсць: па прызванні і адукацыі Алена Аляксееўна ўжо больш за трыццаць год гаспадыня кніжніцы. Яна абслугоўвае роўна трыста чытачоў, з якіх сотня – крыўлянскія хлопчыкі і дзяўчынкі.
– Самыя чытаючыя – ва ўзросце 60+, якіх я напаўжарт заву “маладымі пенсіянерамі”, – дзеліцца бібліятэкар. – Гэта тыя, сапраўды залатыя, мае чытачы, каму не трэба тлумачыць, якую асалоду нясе кніга. У цэнтры нашай увагі – спадчына, родны крыўлянскі край, яго песні, паданні, багатае мінулае і сённяшні імклівы час.
Пра сённяшні час – невыпадковая згадка. Ёсць у вясковага бібліятэкара і яшчэ адна іпастась. Справа ў тым, што вось ужо чвэрць веку Алена Аляксееўна – стараста ў Крыўлянах, акрамя таго, трэці тэрмін запар Алена Балюк – мясцовы дэпутат.
Пагэтаму для яе – самі разумееце! – не існуе “чужых” спраў. Вось і даводзіцца праз сябе прапускаць не толькі радасці, але й праблемы землякоў. Сярод найбольш вострых, што турбуе зараз жыхароў аграгарадка, – адсутнасць банкамата.
– Справа ў тым, – тлумачыць стараста з Крыўлян, – што ў нас закрылася аддзяленне “Беларусбанка”. І цяпер людзі (а ў аграгарадку жыве амаль трыста чалавек!) могуць зняць грошы толькі два разы на тыдзень – у дні, калі працуе пошта. Згадзіцеся, гэта вельмі нязручна, а таму выклікае нараканні з боку тутэйшых жыхароў. Будзе ў нас банкамат – пытанне адразу знікне, затое ўдзячнасць ад людзей з’явіцца.
Між тым, журналісцкія справы зноў прыспешвалі ў дарогу. Крыўляны падаравалі сустрэчы з гісторыяй і цікавымі людзьмі. Але ж праект “Вёсачка, жыві!” не спыняецца на сваім шляху, і наступны раз чакаюць нас не менш цікавыя спатканні пад засенню касцюшкавых ліп у вёсцы Малыя Сяхновічы.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
