Газета Жабінкаўскага раёна “Сельская праўда” — летапісец роднага краю

Шаноўны чытач! Гэты тыдзень стаў асаблівым для нашай і тваёй раёнкі, якая ўпершыню пабачыла свет 80 гадоў назад. Ёсць такое меркаванне: той, хто нарадзіўся ў нядзелю, мае наканаванне на доўгі і шчаслівы лёс. Так сталася, што 29 кастрычніка 1944 года быў якраз нядзельным днём…

Яшчэ ішла вайна, і да Перамогі заставаліся доўгія крывавыя вёрсты вайны, а ў вызваленым краі жабінкаўцы займелі ўласнае перыядычнае выданне. І з таго часу вось ужо восем дзясяткаў год журналісты трымаюць руку на пульсе жыцця Жабінкі і наваколляў, расказваюць пра поспехі роднай зямлі, працоўныя і ратныя подзвігі яе выдатных жыхароў, згадваюць пра прыгажосць самабытнай прыроды і нашу славутую даўніну. Адным словам, ад самых пачаткаў да нашых дзён “Сельская праўда” – саПРАЎДны летапісец Жабінкаўшчыны!

Крок першы: “Ленинский путь”

Пры нараджэнні, 80 гадоў таму, наш “путь” быў памерам з баявы лісток, аддрукаваны буквіцамі з партызанскай друкарні. Выданне ўзначаліў Канстанцін Казакоў – першы па ліку з 17 рэдактараў, што кіравалі газетай на працягу яе доўгай гісторыі. Сімвалічна, што першае слова, якое адкрывала першы нумар, было “хлеб”: ад самых пачаткаў і па сённяшні дзень раёнка ўхваляе хлебароба і вынікі яго працы. Знакавым стала 3 ліпеня 1945 года, калі газета стала ўдвая большай па памеры і ў ёй упершыню з’явіўся фотаздымак: партрэт таварыша Сталіна, абвешчанага генералісімусам.

У першыя дзесяцігоддзі існавання “Ленинского пути” галоўнымі тэмамі заставаліся вайна і пасляваеннае адраджэнне краю. Жабінку не абміналі і цікавыя госці, сапраўдныя творцы – будучыя народныя пісьменнікі Максім Танк і Пімен Панчанка, якія 30 сакавіка 1948 года выступілі ў Жабінкаўскай сярэдняй школе.

Крок другі: “Коммунистический путь”

Знакавым у жыцці раённага выдання стала 4 лістапада 1956 года, калі яно атрымала імя “Коммунистический путь”. Раёнку рэдагавалі маладыя і вельмі актыўныя Мікалай Кавальчук і Васіль Каленчыц. Пад іх кіраўніцтвам большасць газетных публікацый насіла востры крытычны характар, што адпавядала перыяду так званай “Адлігі”, абвешчанай у Савецкай краіне. Многія, хто непасрэдна працаваў з Васілём Каленчыцам, называлі яго Рэдактарам з вялікай літары. Прыемна, што першай прыступкай у яго кар’еры стала Жабінка. Чым вызначыўся Васіль Аляксандравіч у нашай раёнцы? Пры ім тыраж павялічыўся ўдвая ды і аб’ём узрос да чатырох палос. Вось толькі не паспеў аперыцца на сваім першым і вельмі адказным месцы працы таленавіты рэдактар, як летам 1959 года раён скасавалі, а таму і газета спыніла сваё існаванне. Аднак вопыт, набыты ў Жабінцы, аказаўся запатрабаваным: невыпадкова неўзабаве пасля раёнкі Васіль Каленчыц узняўся на “капітанскі мосцік” абласной газеты “Заря”, заслужыў павагу і сяброўства кіраўніка Брэстчыны, а затым і ўсёй Беларусі Пятра Машэрава.

“Сельская праўда” якасна крочыць у будучыню

Другое сваё нараджэнне газета пад назвай “Сельская праўда” атрымала пасля адраджэння раёна. Першы нумар зноў выйшаў у нядзелю (1 студзеня 1967 года). Упершыню ён быў двухкаляровым, меў наклад у 2600 асобнікаў. Ля вытокаў “Сельскай праўды” стаялі каменчукі-“ленінцы”: рэдактар Барыс Брэўдо і ягоны намеснік (будучы рэдактар) Віталь Канавалюк. Да іх далучаліся і больш маладыя, у тым ліку яшчэ адзін будучы рэдактар раёнкі Іван Міцковіч. Насуперак усялякім цяжкасцям, што звычайна суправаджаюць час станаўлення, у раёнцы заўсёды знаходзілася месца для надзённых і гістарычных падзей, яна была пра людзей і для людзей. У 1978 годзе газета дасягнула свайго максімуму: яе тыраж перавысіў лічбу ў 4000 экзэмпляраў. Сярод тых, хто прысвяціў шмат гадоў “Сельскай праўдзе”, вылучым шаноўных ветэранаў: былога рэдактара Святлану Вішнеўскую, журналістаў Расціслава Бензерука, Людмілу Каско і Ірыну Жук. Сваімі фотаматэрыяламі радавала і прыемна здзіўляла чытачоў Святлана Кіслая. Усе разам яны рабілі многае, каб газета была карыснай і роднай кожнаму жабінкаўцу.

Сучаснасць патрабуе новых падыходаў. Істотныя змены пачаліся з прыходам на “капітанскі мосцік” жабінкаўскай раёнкі Яніны Кяпцюхі і Алены Сіняўскай. Сапраўды гістарычным стаў 2023 год: напярэдадні Раства газета перажыла сваё чарговае нараджэнне, калі стала часткай вялікага і дружнага калектыву КУІП “Рэдакцыя Брэсцкай абласной газеты «Заря»”.

“Сельская праўда” і зараз жабінкаўскі летапісец, але ўжо каляровы, насычаны рознабаковымі матэрыяламі, шырока прадстаўлены, між іншым, не толькі на паперы, але і ў “сусветным сеціве”. Неўзабаве раёнка атрымае новае імя, і гэта стане чарговым этапам у нашым развіцці. Аднак заўсёды застануцца актуальнымі словы, напісаныя ў гонар журналістаў: “На ісціну ты маеш права, чытач наш мілы, дарагі. Вітай усіх, хто з “Сельскай праўдай” звязаў памкненні і шляхі!”

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Кацярыны ЯКУБЁНАК

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.