
Калі зірнеш на карту Жабінкаўшчыны стагадовай даўніны, адразу бачна, што гэта было суцэльнае “царства Багніка”. Нават сённяшні горад Жабінка ўзнік і жыў у “абдымках” дрыгвы. Асушванне палескіх земляў адыграла вялікую ролю ў станаўленні сельскай гаспадаркі. Клопатам меліяратараў багна адступіла, а на месцы непралазнай імшары зараз рунеюць жытнія палі, расце шмат іншых культур, што ўзбагачаюць родную Беларусь. Гэтак ужо больш за паўвека нашы меліяратары – верныя памочнікі аратых. Цяперашняя меліярацыя, вядома, не мае ранейшых маштабаў і галоўная задача спецыялістаў ПМК-19 – падтрымліваць у належным стане меліярацыйныя сістэмы. Пра ўсё гэта ў падрабязнасцях можна даведацца ад вядучага інжынера Пятра Вайноўскага.
Гонар працай заслужаны
Пётр Уладзіміравіч – жывая легенда ПМК, чалавек, што паўвека прысвяціў арганізацыі, якую, між іншым, узначальваў на працягу дзевяці гадоў, а зараз стаў сапраўдным летапісцам палескай меліярацыі, узначаліўшы гісторыка-экспазіцыйны комплекс, дзе можна пакрокава даведацца, як перасталі палешукі быць “людзьмі на балоце”.

Свой гонар і павагу Пётр Вайноўскі заслужыў выдатнай працай. Нездарма пад яго кіраўніцтвам наша перасоўная механізаваная калона шэсць разоў станавілася лепшым прадпрыемствам у сістэме “Брэстводбуда”. Рэгалій і ў самога Пятра Уладзіміравіча ўдосталь. Сярод найбольш высокіх – званні “Выдатнік воднай гаспадаркі СССР” і “Ганаровы меліяратар Беларусі”, дзяржаўная ўзнагарода – медаль “За працоўныя заслугі”. А ў мінулым годзе выдатны працаўнік быў абвешчаны Ганаровым грамадзянінам Жабінкаўскага раёна. Згадзіцеся, дасягнуць прызнання ў землякоў – асаблівая вяршыня. Такое званне патрэбна пацвярджаць штодня.
І гэта ў яго вядатна атрымоўваецца. Нездарма Пётр Уладзіміравіч стаў адным з трох дэлегатаў, якія прадстаўлялі ў сёлетнім красавіку Жабінкаўшчыну на VII Усебеларускім народным сходзе. Пасля вяртання ён ахвотна расказваў меліяратарам, якія пытанні ўзнімаліся і рашаліся на знакавым для краіны форуме. Асабліва Пётр Вайноўскі падкрэслівае правільнасць выбару, зробленага беларусамі 30 гадоў таму, калі краіну ўзначаліў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. За гэтыя гады зрухі ў станоўчы бок адчувальныя ў вельмі многіх сферах, бачны яны і ў меліярацыі, якая нястомна выступае ў ролі надзейнага памочніка сельскай гаспадаркі. Нездарма дэлегаты УНС абралі старшынёй народнага веча Кіраўніка дзяржавы.
Мы размаўлялі і прагульваліся сярод унікальных экспанатаў (а гэта каля 150 адзінак меліярацыйнай тэхнікі, якая выдатна папрацавала на сваім вяку, а зараз стала на вечнае захоўванне ў сапраўдным музеі пад адкрытым небам). У гэты самы час да варотаў ПМК-19 пад’ехаў экскурсійны аўтобус.
– Трэба, мабыць, нам паставіць кропку, – шырока разводзіць рукі ўшыркі суразмоўца. – Прыехалі дзеці з брэсцкага ліцэя, трэба ім нашы багацці паказаць і крыху пра меліярацыю расказаць.
Аднак не будзем спяшацца ставіць кропку… Справа ў тым, што наша размова адбывалася напярэдадні дзвюх важных для Пятра Вайноўскага дат. Па-першае, 28 мая – яму 70 год з дня нараджэння, а затым, 2 чэрвеня, прыспее і Дзень меліяратара. Пагэтаму віншуем усіх, хто добраўпарадкоўвае і адраджае нашы землі з іх прафесійным святам.
Каб былі ўрадлівымі палі
На сённяшні дзень ПМК-19, якое ўваходзіць у склад “Брэстводбуда”, вызначаецца стабільным развіццём. Шматпрофільнае прадпрыемства пад кіраўніцтвам начальніка Івана Вакуліна-Хведарца паспяхова выконвае задачы, звязаныя з меліярацыяй палескіх зямель.
На прадпрыемстве перакананы: неабходна абавязкова ісці ў нагу з імклівым часам, не адставаць ад яго ні на крок. Гэтаму садзейнічаюць сучасная тэхніка і абсталяванне, а яшчэ, канечне, сапраўдныя прафесіяналы, што працуюць у ПМК.
Ім цалкам па сілах якасна і ў тэрмін ажыццявіць поўны комплекс работ па будаўніцтве меліярацыйных сістэм, пракласці трубы каналізацыі і водаправода, узвесці ачышчальныя і тэхнічныя збудаванні, уладкаваць унутрыгаспадарчыя дарогі і правесці добраўпарадкаванне тэрыторый.
Так, справы ў працаўнікоў перасоўнай механізаванай калоны № 19 важныя і адказныя. Ды і гаспадарка вельмі значная: толькі меліярацыйная адкрытая сетка складае 900 кіламетраў, а яшчэ больш за 6700 кіламетраў – працягласць закрытай сеткі. Даводзіцца актыўна шчыраваць штогод (а тым больш у Год якасці!) не толькі на родных жабінкаўскіх землях, але і ў іншых раёнах Брэстчыны.
Калі збажына наліваецца зернем і на нашым стале з’яўляецца смачная ежа, не забудзем падзякаваць земляроба і жывёлавода, а яшчэ – меліяратара, які для рупліўцаў сяла заўсёды добры і надзейны памочнік.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%