
На гэты раз праект “Взгляд” зацікавілі Панцюхі і блізкія да іх Бабры. Вёскі звязаны не толькі геаграфічна, але і гістарычна. Доўгі час цэнтр гэтага куточка жабінкаўскай зямлі знаходзіўся ў Бабрах. У перыяд Расійскай імперыі нават існавала Баброўскае сялянскае таварыства, куды ўваходзілі землі не толькі сялян-баброўцаў, але і суседзяў іх, панцюхоўцаў.
Абедзве вёскі адлічваюць сваю гісторыю з XVI стагоддзя. У Бабрах жылі сяляне-баброўнікі, якія лавілі баброў для князёў і каралёў, а ў Панцюхах шчыравалі земляробы. Трое з іх – “Іван з Міхалам і Гаўрылам панцюхоўцы” – нават выступалі сведкамі перад будучым мітрапалітам Іахімам Марахоўскім, калі 15 студзеня 1596 года ішла перадача праваслаўнай Здзітаўскай царквы ўніятам. Шмат вады ўцякло з тае пары, і цяпер у Бабрах засталося ўсяго тры сялібы, таму й цэнтр наваколляў перамясціўся ў суседнія Панцюхі. Туды мы і завіталі, каб даведацца, як жывецца ў сяле паміж дзвюх дарог.
Старанны стараста
Абедзве дарогі вядуць з Жабінкі на Кобрын. Адна з іх – асфальтаваная, другая – чыгуначная. Паблізу – чыгуначны прыпынак. Хоць і завецца ён “Бабры”, але знаходзіцца значна бліжэй да Панцюхаў, чым да Баброў.
Тут увогуле ўсё блізка і па-роднаму, таму і баброўскі нараджэнец Аляксандр Цалюк, які жыве ў Панцюхах, з’яўляецца старастам адразу дзвюх вёсак. Аляксандр Ігнатавіч – чалавек у раёне вядомы: чвэрць веку таму ён стварыў фермерскую гаспадарку, і цяпер многія жабінкаўцы карыстаюцца паслугамі ФГ “Цалюк А.І.”. Пры гэтым ужываюць малачко і тваражок ад руплівага малочніка са смакам ды ўдзячнасцю.

– Ёсць такія жыхары Жабінкі, што бяруць у нас малако з самага першага дня, як толькі мы распачалі гэтую нялёгкую справу, – расказвае жонка фермера Людміла Цалюк.
Гэтай вясной іх гаспадарцы споўнілася роўна 25 гадоў. Вядома, гарачай веснавой парой не да святкаванняў. Мо хіба як белыя мухі на зямлю паляцяць, стане мажліва і пра сярэбраны юбілей падумаць. А пакуль усе думкі ў рупліўцаў з Панцюхаў пра іншае – як бы ўсё паспець: і зерне вырасціць, і бульбу выкапаць, і кароў падаіць, і свежае малако з раніцы людзям даставіць… А яшчэ – і пра родных-блізкіх забывацца нельга. Радуюць бацькоў дочкі Юлія Бялых, якая працуе на цукровым заводзе, і Дзіна Шэвель – бухгалтар у сямейнай фермерскай гаспадарцы. Да слова, абодва зяці – цукравары: адзін працуе галоўным механікам, а другі намеснікам начальніка ЦЭЦ.
Людмілу Вітальеўну мы сустрэлі каля аўтамагазіна ад “Белкаапсаюза”. Гэтая паслуга ад міжрайбазы карыстаецца попытам у вяскоўцаў, тым больш што іх амаль дзевяць гадоў абслугоўвае прадавец вышэйшай, шостай, катэгорыі Галіна Цісленка. Патрэбы панцюхоўцаў ды баброўцаў Галіна Рыгораўна ведае выдатна, таму і стараецца, каб кожны быў задаволены.
Тым часам падышоў спраўны і старанны стараста, які згадзіўся адказаць на некалькі пытанняў. І першае, цалкам лагічнае: як так сталася, што нарадзілася яго гаспадарка?
Аказалася, Аляксандр Цалюк, улюбёны ў родную зямлю, гэтак увасобіў даўнюю мару – мець сваю справу. Аднак шлях да фермерства быў доўгім. Пасля Якаўчыцкай школы юнак стаў трактарыстам у калгасе “Прамень”, а затым трапіў у войска. Думаў спачатку – на два гады, атрымалася – на дзве пяцігодкі. Служыць давялося за тысячы вёрстаў ад роднага парога – на Далёкім Усходзе, на будаўніцтве Байкала-Амурскай магістралі. Узводзілі масты праз вялікія сібірскія рэкі, клалі рэйкі па станцыях Феўральск і Васпарухан, пакуль не сустрэліся ля раз’езда Мірашнічэнкі з бамаўцамі, што рухаліся насустрач ад горада Тында. Зімой 1992-га Аляксандр Ігнатавіч вярнуўся дамоў, зноў у калгас, аднак ранейшая мара не пакідала. Вось і пайшоў, што называецца, на свой хлеб, стварыўшы гаспадарку, дзе цяпер каля 70 гектараў зямлі і прыблізна 70 рагуляў. І ўсе гэтыя абшары і жыўнасць абслугоўваюць усяго некалькі чалавек.
Так, у Панцюхах жывуць вельмі працавітыя людзі. Такія, як кавалер ордэна “Знак Пашаны”, удзельніца некалькіх Выстаў дасягненняў народнай гаспадаркі СССР Ганна Барысаўна Раманюк або гаспадар таварыства з абмежаванай адказнасцю “Алесіа” Аляксей Русіла. Год таму ён распачаў у блізкім Залуззі выраб корпуснай мэблі і ўжо зарэкамендаваў сябе найлепшым чынам.

Нашчадкі баброўнікаў
А мы і не заўважылі, як трапілі ў Бабры. Паміж дзвюма вёскамі сапраўды адлегласць – з паясок. У паселішчы колішніх баброўнікаў жыве зараз усяго тры чалавекі: 75-гадовая Ніна Ігнатаўна Карняйчук –старэйшая сястра баброўска-панцюхоўскага старасты ды сям’я Масальскіх. На іх гожы падворак і завіталі. Тут зусім нечакана ад гаспадыні Таццяны Аляксееўны пачулі:
– А я вас чакала. Як толькі ў мінулай газеце прачытала, што хутка прыедзеце з Прускі ў Панцюхі і Бабры, з тае пары і чакаю. Вельмі хочацца, каб нехта пра нашу вёсачку расказаў.

Той выпуск “Кропкі на карце” газеты ў электронным выглядзе Таццяна Масальская даслала на далёкую поўнач – ажно ва Урэнгой. Там жыве прускавец Мікалай Вайтовіч. Таня разам з Мікалаем вучыліся ў Якаўчыцкай школе. Пасля навучальнай установы былыя выпускнікі далёка разляцеліся па свеце. Некалі Вайтовіч прыехаў на пабыўку ў роднае сяло і дапамог тагачаснаму вясковаму старасце Антону Жыгману ўстанавіць у Прусцы прыгожую ўязную шыльду з пазнакай, што сяло было заснавана ў 1534 годзе. І вось цяпер, атрымаўшы спасылку на сайт газеты “Жабінка актульна”, нараджэнец палескай вёскі шчыра падзякаваў у сваім лісце журналістам за тое, што з дапамогай раёнкі нібыта зноў пабываў на малой радзіме.
Сама Таццяна Масальская таксама большую частку свядомага жыцця пражыла ў горадзе, праўда, не так далёка ад роднага парога. Працавала ў Брэсце на электралямпавым і электрамеханічным заводах, пакуль нарэшце не ўладкавалася з мужам Васілём Кірылавічам на “Брэстгазаапарат” – знакаміты “Гефест”. А калі прыйшоў час выйсці на заслужаны адпачынак, Масальскія абралі для месца жыхарства бацькоўскі дом Таццяны Аляксееўны.
– Роўна праз месяц у нас будзе выдатная падзея, – з гонарам гаворыць гаспадыня. – Мы з Васілём адзначым залатое вяселле. Вядома, запросім да сябе ў госці самых-самых блізкіх: трох дачушак Волю, Кацю і Аню з зяцямі і дзецьмі. Будзем разам святкаваць на гэтым падворку!
А падворак сапраўды годны, каб гасцей сустракаць: усё чысценька, прыбрана, вельмі па-гаспадарску. Таццяна Масальская таксама пахвалілася сваім хобі. Узімку, калі работы на двары заміраюць, доўгімі вечарамі яна вельмі любіць збіраць вялікія карціны з соцень і тысяч пазлаў.
Адзінаццаць такіх гожых твораў жанчына нават падаравала ў Брэсцкі абласны радзільны дом. За такі шчодры падарунак, зроблены для душы і з душою, у Бабры неўзабаве прыляцеў цёплы ліст: “Шаноўная Таццяна Аляксееўна! Адміністрацыя і калектыў установы аховы здароўя “БАРД” дзякуе Вам за творчасць, якая дорыць радасць маладым мамам, малышам і супрацоўнікам”.
На развітанне, абнімаючы сваю кошачку Мусю, гаспадыня сказала:
– Нядаўна амаль па-суседству новы дом пабудавала Валянціна Панасюк. А гэта значыць, вёска працягвае жыць!
Падзяляючы яе надзею, мы развітваемся з Бабрамі і Панцюхамі. Дабрабыту і шчасця ім жадаем. А далей па асфальтаванай дарозе ўздоўж чыгункі рухаемся ў вёску і на чыгуначны пункт Нагараны.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
