Чалавек заезджы можа сказаць ці напісаць “Жыцін”. Тутэйшы так ніколі не прамовіць і нават не падумае, бо знае, што спрадвеку было ў сяла старое імя – Жыцінь. Назва ў паселішча не толькі вельмі даўняя, але і даволі рэдкая (на зямлі існуюць яшчэ толькі парачка Жыціняў: на Ровеншчыне і Магілёўшчыне). У гэтым слове выразна гучыць імя Жыценя – духа-гаспадара хлебных палёў. Прашчуры верылі, быццам паганскі бог “дае жыта”, а значыцца, аснову і працяг жыцця ўсяму роду. Так ці інакш, жыцінцы заўсёды былі дзецьмі зямлі, прысвячалі ёй сваю мазолістую працу. А яшчэ – шчырыя вершы, як тое рабіў паэт, нараджэнец гэтага сяла Іван Кускевіч (1930 – 1996). Альбо, як гэта дасюль робіць паэт Іван Арабейка, што мае лецішча ў Жыціні, дзе з асаблівым натхненнем пішацца пра жыццё, малую радзіму, хлеб, выпеставаны мацярынскімі рукамі ў хаце, дзе з ранку сонечна заўжды было…
Бакуны і тры сыны
У апошняй вясковай хаце жыве найстарэйшая жыхарка Вера Бакун, якая прыйшла на свет яшчэ да вайны.

– Тут нарадзілася, тут і замуж пайшла – з аднаго канца сяла ў другі канец за свайго Сашу, – гаворыць Вера Фёдараўна ды горка ўздыхае. – На жаль, яго ўжо няма на зямлі… у зямлі ён, успамінаю дый плачу… Аднак я не адна – сын Алег даглядае. Ён калісь працаваў у гаргазе, а, як захварэла, стаў маёй апорай.
Між тым, Алег Аляксандравіч не сядзеў без справы – ладзіў печ, каб маме было яшчэ больш цёпла. А тая нетаропка прыгадвала дзяцінства, апаленае вайной:
– Пра сённяшні ранак магу і не ўспомніць, а пра мінулае не забываецца. Як немцы прыйшлі, рознае было…
Згадвае жанчына, як тата схованку зрабіў, каб дзеці ратаваліся ў зямлі; як маладзенькі нямецкі салдат іх, малых, цукеркамі частаваў, а сам плакаў, успамінаючы сваіх “кіндэраў”, якіх пакінуў у Германіі, ды скрушна гаварыў: “Хіба ж мне гэтая вайна патрэбна!..”
У памяці Веры Фёдараўны і той чорны дзень, калі 27 кастрычніка 1942 года за сялом грымелі стрэлы. Не, мясцовых карнікі не павялі да вырытай яміны. Сагналі туды перасяленцаў-“усходнікаў”. Жыў і ў Верчынай сям’і хлопчык-пастушок, быў ён “з рускіх”. Прыгнаў у абед кароў з лугоў. Яму жыцінец, якога каты накіравалі збіраць “усходнікаў”, перадаў вестку: маўляў, ідзі ў школу, там сход будзе, вашых перапішуць ды адпусцяць з богам. Цётка Наста, Верчына матуля, пастушку бутэлечку малака працягнула, сказала ласкава: “Ты бяры, бяры, мо не адразу адпусцяць, мо затрымаюць да ночы, а ты ж галодным не будзеш”. Хлопчык той не вярнуўся. І ніхто не вярнуўся. Толькі адна жанчына з немаўляткам паспела на школьным даху схавацца. Астатнія – і жывыя, і мёртвыя – паляцелі ў яму. А потым закапалі і мёртвых, і жывых. Гэтак стала менш жыцця ў Жыціні…
67 гадоў старажыл адпрацавала ў калгасе. Цяпер гаворыць, гартаючы сямейны альбом:
– Вывучылася на заатэхніка, фермай кіравала. Жызнь мая была ў трудах, у беднасці, у клопаце. А цяпер інакш, эх, вярнуліся б гады маладыя, працавала б дзень і ноч. Діткі нашы жывуць дай бог кожнаму.
Жанчына нарадзіла, выгадавала з мужам-кавалём Аляксандрам Герасімавічам трох сыноў Аляксандра, Алега ды Віталя. Тыя кожны сваю лінію праклаў у радаводзе – мае бабуля Вера сем унукаў і тузін праўнукаў. А яшчэ мае веру ў жыццё і Бога, таму і папрасіла на развітанне гарэзліва, быццам маладая:
– Вы да мяне яшчэ прыязджайце, калі мне споўніцца… 118 год!
Дубіны і тры дачкі
Іх сядзіба на другім канцы вёскі. Тры туі Іван Мікітавіч і Любоў Дзмітрыеўна Дубіны пасадзілі ў гонар дочак, якімі вельмі ганарацца. Адсюль, з жыцінскага сямейнага гнязда, яны вылецелі ў вялікі свет. Ларыса Марчук прывязана да зямлі, два дзясяткі гадоў адпрацавала галоўным аграномам у ААТ “Арэпічы”, а зараз вопытны спецыяліст шчыруе ў “Вазнясенскім”, дзе клапоціцца пра ўрадлівасць роднай зямлі. Сярэдняя Алена Свірыдава працуе ў райвыканкаме ў аддзеле архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ, а Ганна Плытнік паспяхова ўзначальвае сельгаставарыства “Рагазнянскі”. Мама, згадваючы малодшую дачку, дасюль цешыцца:
– Ёй з маленства было ўсё цікава. Вы б толькі бачылі, як Аня са мной працавала на ферме, а затым яшчэ і з бацькам на трактары ці на “Ніве” абрабляла калгасныя нівы!

Ад такіх працавітых бацькоў, вядома, і род пайшоў увішны. Іван Мікітавіч – вядомы камбайнер, як сам гаворыць, “55 гадоў як за плечы закінуў”, шчыруючы на тэхніцы. Успамінае, як з маладым запалам і свае палеткі абрабляў, і іншым гаспадаркам дапамагаў, у тым ліку на Віцебшчыне, дзе сыходзяцца ў трохкутніку межы Беларусі, Латвіі і Расіі. А яшчэ – стажыраваўся ў ГДР, дзе камбайнер з Жыціня з напарнікам Аляксандрам Саўчуком і сябе паказалі, і на іншых паглядзелі.
Дубіны ніколечкі не шкадуюць аб пражытых гадах. Бо яны прайшлі, як пісаў паэт, у асаблівых, гаючых мясцінах, дзе шмат аднакаранёвых слоў:
Жыцінь – ад слоў “жыццё” і “жыць”,
А мо ад “жыта” ці “жытнёвы”?
Яны той корань і аснова,
Чым людзі ўмеюць даражыць.
А мы рухаемся далей, у Сакалова, каб даведацца, чым жа даражаць у гэтай вёсцы.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%