На гэты раз праект “Взгляд” выбраў мудрагелісты маршрут па населеных пунктах раёна з “жывёльнымі” імёнамі. Таму едзем з Жабінкі – міма Ёжыкаў – праз Бараны – у Целякі.
Дакладны час заснавання гэтага населенага пункта невядомы. Затое вядома, што вечарам 17 верасня 1794 года па Целяках праходзілі войскі знакамітага расійскага генерала Аляксандра Суворава, якія рухаліся ў накірунку Брэст-Літоўска пасля заканчэння вялікай Крупчыцкай бітвы.
Цяпер прыйшоў час і карэспандэнту газеты “Жабінка актуальна” прайсціся па вёсцы Целякі з выключна мірнай місіяй. Яе мэта – даведацца і іншым расказаць, як жывуць сённяшнія целякоўцы. Адразу высветлілася, што тутэйшыя людзі надзвычай цікавыя і гасцінныя, улюбёныя ў сваю невялічкую вёску, якая для іх стала найлепшай кропкай не толькі на карце – на ўсёй Зямлі!
Два чалавека разам паўвека
У нашы дні дажыць у міры і згодзе да залатога вяселля – усё роўна, што выйграць залаты медаль на Алімпіядзе. Сваю парную “праграму” Іван і Раіса Адамукі “адкаталі” на выдатна, цяпер у планах – гэтак жа хораша сустрэць удваіх плацінавае і жалезнае вяселлі.

Можна і не ў пары – можна ў акружэнні шматлікіх нашчадкаў і шматграннага шчасця. Прыкладна так, як гэта адбылося сёлета 24 мая, калі ў целякоўскай хаце сабраліся сыны, нявесткі, унукі, каб павіншаваць Івана Міхайлавіча і Раісу Васільеўну з іх каштоўным сумесным юбілеем.
У 70-я гады яны вучыліся ў Азяцкай школе. Аднак тады і не думалі, што праз паўвека будуць стаяць каля Азяцкай царквы, згадваючы гады маладыя і ўсё жыццё, багатае на падзеі.
У сярэдзіне мінулага стагоддзя Іванавы бацькі Міхаіл Філіпавіч і Марыя Лявонцьеўна будавалі хату (тую самую, каля якой цяпер адбывалася наша размова). Сродкаў не хапіла, тады Адамукі вясной 1961 года вырашылі падтрымаць гучны камсамольскі лозунг “Моладзь, на цаліну!” і паехалі ў Казахстан. Толькі прыбылі на месца, як увесь свет абляцела радасная вестка: “Чалавек у космасе!” Які ва ўсіх быў гонар ад таго, што першым касмічную “цаліну” пачаў асвойваць савецкі грамадзянін! Адамукі працавалі на зямлі, Гагарын – над Зямлёй, а адчуванне было такое, быццам той гістарычны палёт быў часткаю іх уласнай біяграфіі…
Неўзабаве сын Ваня пайшоў ў Казахстане ў першы клас, а вось заканчваць школу яму давялося ўжо на малой радзіме. У 1967-м Адамукі вярнуліся ў Целякі. Дом дабудавалі, старанна працавалі, сына таксама гадавалі ў павазе да працы і сямейнай спадчыны. За гэта Іван Міхайлавіч і цяпер вельмі ўдзячны бацькам.
Не меншую падзяку ён выказвае і жонцы. Сустрэліся яны на чужым вяселлі, а потым і сваё зладзілі. Ваня на бяседзе, дзе нарадзілася іх каханне, на гармоніку іграў, а Рая падпявала. Так і стварыўся сямейны дуэт, у якім і зараз гучаць прыгожыя жыццёвыя ноткі. Што называецца, “нам песня строить и жить помогает”. Нават карэспандэнта раённай газеты Іван Міхайлавіч сустрэў вясёлай прыпеўкай:
Раньше в гости приглашали,
накрывали в доме стол.
А сейчас в окно увидят
и кричат: “Ты чё пришёл?”
Мэту візіту мы, канечне, патлумачылі, адначасова пацікавіліся, чым сённяшні вясковы ўклад адрозніваецца ад ранейшага.
– Калісь было шмат людзей, лічыце, паўвёскі сваякоў. І жылі адпаведна, як родныя. Святы – разам, праца – разам. Ніякіх падзелаў не было, дапамагалі адзін аднаму. А потым паціху пачалі аднавяскоўцы сыходзіць: хто ў горад, хто на могілкі, – адказалі Іван Міхайлавіч і Раіса Васільеўна, а затым падзяліліся сваімі назіраннямі. – Раней людзі імкнуліся ў горад, бацькі дабра дзецям жадалі, каб вучыліся, лягчэй жылі. Таму і ехала моладзь у горад, дзе сем’і стварала, працу атрымоўвала. Ды вось, здаецца, адбыліся змены: цяпер нярэдка наадварот з горада, які стаў заасфальтаваным мурашнікам, збягаюць. У вёсцы паветра свежае, цішыня, птушкі спяваюць, кветкі цвітуць. Што яшчэ трэба, каб быць шчаслівым?
Пытанне рытарычнае. Кожны на яго мае свой адказ. У Адамукоў ён такі.
Хто ў хаце камандзір?
Калі Адамукі жывуць у бацькоўскім доме, дык Марыя Блаха – у дзедаўскім, пабудаваным век таму Варфаламеем Адамуком. Дзядуля жыў на хутары, а як сталі перасяляць хутаран у вёску, добры гаспадар перехаў сам і хату перавёз.

– Я ў ёй і нарадзілася, – расказвае Марыя Васільеўна. – Дзяцінства мне дасталося цяжкае, сірочае. Маці мая Сцепаніда Варфаламееўна рана аўдавела, і я, зусім маладзенькая, каб сям’і дапамагчы, пайшла на працу. Больш за чвэрць стагоддзя шчыравала на Брэцкім электрамеханічным заводзе, ды ў дзевяностыя матуля моцна захварэла, вось і прыйшлося вярнуцца да смерці яе даглядаць… Яна мяне сустракала, а я яе праводзіла…
Адчуўшы журботныя матывы ў словах жонкі, да размовы падключыўся муж Георгій Чыліевіч, для якога Целякі сталі блізкімі пасля сустрэчы з Марыяй.
– Я сам родам з Камянецкага раёна. Пазнаёміліся мы ў Брэсце. Я нават прадставіўся: “Ёсць тры Ільічы: Ленін, Брэжнеў ды я”. Працаваў на заводзе майстрам, а Марыя ўладкавалася ў мой цэх ліцейшчыцай. Тады я быў за камандзіра, а зараз ужо яна адыгрываецца напоўніцу!.. Каля дваццаці гадоў я стараста вёскі, а вунь – мой сакратар.

Пры гэтым Георгій Ільіч засмяяўся, зірнуўшы на Марыю Васільеўну. Тая толькі пасміхнулася на мужаў жарт ды, махнуўшы рукою, рушыла паглядзець, ці парадак на градках.
Не, са сваімі абавязкамі вясковы стараста спраўляецца і без “сакратара”. Ён назірае за парадкам на падворках, спрабуе па магчымасці вырашаць пытанні, што хвалююць целякоўцаў.
“Еду сюды з душой”
Усе без выключэння жыхары, з кім давялося паразмаўляць, дзяліліся сваім захапленнем ад вёскі, дзе яны жывуць у гармоніі з сабою і прыродай.

Мабыць, найбольш выразна свае адносіны да роднага куточка выказала Таццяна Кучко (у дзявоцтве – Нікалаюк). Цяпер яна жыве ў Жабінцы, але вельмі часта, асабліва ў цёплую пару года, бывае на бацькоўскай сялібе, дзе трымае багаты агарод.
– Гэта мая сапраўдная радзіма, я еду сюды з душой, – прызнаецца Таццяна Васільеўна. – Тут, у Целяках, я і пачатковыя класы скончыла. Бывала, як пачуеш, што званочак кліча на ўрок, – бяжыш у сваю школку, што месцілася праз хату. Даўно ўжо не гучыць у вёсачцы той званок, ды і дзіцячых галасоў амаль няма, ды памяць пра мінулае застаецца і сэрца грэе. Па сярэднюю адукацыю давялося хадзіць за тры кіламетры ў Азяты. На жаль, і Азяцкай школы ўжо няма. У наступным годзе будзе паўвека, як мы яе скончылі. Я добра памятаю і вельмі паважаю сваіх настаўнікаў, у тым ліку і вашых бацькоў Вольгу Рыгораўну і Расціслава Мацвеевіча Бензерукоў. Яны ж нам прывівалі не толькі любоў да мовы і літаратуры, галоўнае – вучылі асноўнай жыццёвай навуцы, што ва ўсіх выпадках трэба заставацца людзьмі. Вялікі дзякуй ім за тое.
Прыхапіўшы тую падзяку, рухаемся далей маршрутам журналісцкага праекта “Взгляд” у пошуках чарговых кропак на карце Жабінкаўскага раёна. Наступным разам працягваем знаёмства з населенымі пунктамі Азяцкага сельсавета. А вось дакладны адрас, куды накіруюцца рэдакцыйныя “Жыгулі”, пакуль пакінем у сакрэце, захаваем маленькую інтрыгу.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара і з сямейнага архіва Адамукоў
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%