Суд Жабінкаўскага раёна: павязка, меч і шалі правасуддзя

У першы снежаньскі дзень сваё прафесійнае свята адзначаюць юрысты – высокія прафесіяналы, што служаць закону. У іх ліку надзвычай пачэснае месца займаюць прадстаўнікі судовай сістэмы, што верна служаць багіні Фемідзе як вобразна завецца правасуддзе. Феміда (яе завуць яшчэ Юстыцыя) мае свае старажытныя сімвалы: павязку на вачах, каб заставацца аб’ектыўнай, справядлівай, ды меч і шалі, што дазваляюць узважана прымаць рашэнні.

Амаль 85 гадоў таму быў створаны Жабінкаўскі судовы ўчастак народных судоў Брэсцкай вобласці, які пасля Вялікай Айчыннай вайны атрымаў сённяшнюю назву. Спярша суд месціўся каля чыгункі, затым на Калгаснай, пакуль не атрымаў прапіску на вуліцы Міру. Ва ўсе часы яго прадстаўнікі стаяць пры дапамозе права і закону на абароне чалавечых інтарэсаў і роднай беларускай дзяржавы.

Асобы ў судзейскіх мантыях

Судовая ўлада ажыццяўляецца на Жабінкаўшчыне выключна суддзямі, а таксама народнымі засядацелямі, запрошанымі ва ўстаноўленым парадку і выпадках да ўдзелу ў працы раённага суда. Істотна, што дзейнасць гэтай надзвычай важнай галіны ўлады самастойная і абапіраецца выключна на закон. Яна ўзаемадзейнічае з заканадаўчай і выканаўчай уладамі.

Суд Жабінкаўскага раёна двухскладовы, паўнамоцтвы па адпраўленні правасуддзя ажыццяўляюць двое суддзяў: старшыня суда Людміла Рубашэўская і суддзя Віктар Новік, за плячамі якога больш за чвэрць стагоддзя юрыдычнай практыкі. Крымінальныя, адміністрацыйныя і грамадзянскія справы або скаргі (пратэсты) на пастановы па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях суддзі разглядаюць аднаасобна, а ў прадугледжаных законам выпадках – калегіяльна.

Людміла Мікалаеўна і Віктар Віктаравіч працуюць ужо працяглы час у судзейскім корпусе. Яны высакакласныя спецыялісты і вопытныя настаўнікі для кожнага, хто вырашыў звязаць свой лёс з юрыспрудэнцыяй і прысвяціць сябе служэнню Фемідзе. Асобы ў судовых мантыях пры ажыццяўленні сваёй прафесійнай дзейнасці забяспечваюць узаемадзеянне раённага суда з іншымі дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі.

Менавіта дзякуючы тактоўным адносінам суддзяў склаўся зладжаны калектыў аднадумцаў, здольны ўмела вырашаць пастаўленыя задачы. Кожны, хто працуе ў доме на вуліцы Міру, паблізу якога можна пабачыць выяву Феміды, цудоўна разумее важнасць і адказнасць сваёй справы, бо ад усялякага вердыкта, вынесенага паводле закону (а ён жа бывае суровым і непахісным), залежыць вельмі шмат у жыцці асобных людзей.

На вуліцы Міру – калектыў аднадумцаў

Кожны супрацоўнік з удзячнасцю згадвае дзень, калі з хваляваннем упершыню пераступіў парог суда, які без перабольшвання стаў важнай часткаю яго жыцця.

Больш за два дзесяцігоддзі таму да калектыву, які стаіць на абароне законных інтарэсаў грамадзян і дзяржавы, далучылася Анжаліка Яскавец. За гэты час Анжаліка Мікалаеўна папрацавала судовым выканаўцам, кансультантам і вось ужо дзесяць год яна вядучы спецыяліст суда. Кампетэнтны і тактоўны супрацоўнік ажыццяўляе прыём грамадзян, рэгіструе скасаваныя праз суд шлюбы, рыхтуе дакументы прававой дапамогі ў адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі.

Судовыя пастановы, якія ўступілі ў законную сілу, абавязковыя для ўсіх дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, службовых асоб і грамадзян і падлягаюць выкананню на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Забеспячэннем іх выканання займаецца канцылярыя суда ў складзе загадчыка канцылярыі Святланы Казей і сакратара суда Ірыны Жмайлік.

Непасрэдная падрыхтоўка спраў да працэсу, а затым афармленне пратаколаў судовых пасяджэнняў – у кампетэнцыі сакратароў судовага пасяджэння Веранікі Місюк і Марыны Сысоевай. Архіварыус Таццяна Падлеская, у сваю чаргу, займаецца афармленнем архіўнай дакументацыі, якая ўтвараецца ў дзейнасці суда Жабінкаўскага раёна. А забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі, дзейнасці інфармацыйных сістэм і абсталявання ажыццяўляе вядучы інжынер-праграміст Аляксандр Печур.

Сапраўдны падарунак кожны атрымаў у лютым 2022 года, калі на вуліцы Міру ладзілася вялікая ўрачыстасць. На яе завіталі тагачасны кіраўнік Брэсцкай вобласці (сённяшні намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі) Юрый Шулейка і высокія прадстаўнікі судовай сістэмы краіны. У той дзень быў уручаны сімвалічны ключ ад абноўленага будынка суда, дзе з’явіліся дадатковыя залы для пасяджэнняў, службовыя пакоі, спецыяльныя памяшканні для канвойнай службы і транспарту, адвакатаў і пракурораў. Акрамя таго, было праведзена матэрыяльна-тэхнічнае і інфармацыйнае абсталяванне будынка, узніклі элементы безбар’ернага асяродку для асоб з абмежаванымі магчымасцямі. Адным словам, зараз у доме, дзе ўладарыць Яго Вялікасць Закон, ёсць усе ўмовы для працы.

Напярэдадні прафесійнага свята калектыў суда перадае прывітанні і віншаванні калегам-юрыстам. І галоўнае, што жадаюць на вуліцы Міру, – усім міру, здароўя і бязмежнага шчасця.

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Кацярыны ЯКУБЁНАК

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav

Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.