
Жабінка заўсёды была на скрыжаванні дарог, у тым ліку літаратурных. Кожны творца, хто які у Брэст ці вяртаўся назад, не мог абмінуць жабінкаўскую зямлю. Таму ў нашым горадзе ды раёне пабывалі і выступалі многія знакамітыя пісьменнікі. Нават просты пералік гэтых асоб уражвае. Са сваёй творчасцю жабінкаўцаў знаёмілі Максім Танк і Іван Мележ, Сяргей Смірноў і Алесь Махнач, Уладзімір Калеснік і Раман Левін, Алесь Карпюк і Леанід Левановіч, Уладзімір Ліпскі і Мікола Чарняўскі, Янка Сіпакоў і Пятрусь Макаль, Ніна Мацяш і Навум Гальпяровіч… Гэты ўнушальны спіс можна яшчэ доўга працягваць. Нават цяпер, праз гады, тыя сустрэчы з пісьменнікамі з удзячнасцю памятаюць многія жабінкаўцы. Найперш шаноўныя паэты і празаікі станавіліся гасцямі бібліятэчных устаноў, таму нязменна выказвалі словы падзякі адукаваным і прыветлівым гаспадыням нашых бібліятэках.
Блізкія суседзі – добрыя сябры
Раённая газета і раённая бібліятэка суседнічаюць, а іх супрацоўнікі сябруюць па жыцці. Шмат разоў журналісты пераступалі парог бібліятэкі, заўсёды багатай не толькі на кнігі і перыёдыку, але і ранастайныя мерапрыемствы. Бібліятэкары, у сваю чаргу, не раз выступалі на старонках “Сельскай праўды”, дзе прапагандавалі новыя кніжныя выданні і мясцовых аўтараў.

Дасюль у памяці шыкоўная акцыя “Нясумная ноч у бібліятэцы”, калі супрацоўнікі нават ператвараліся ў літаратурных герояў. Ноч была вельмі кніжнай і зусім не сумнай, з запрашэннем паэтаў і празаікаў, музыкаў і рыцараў! Што называецца, і я там быў, мёд з чаем піў, па вусах цякло, у памяці засталося…
Пісьменнікаў тут вельмі любяць. Хто толькі не пабываў за апошнія гады на Савецкай, 8а! Гэта юбіляры Іван Арабейка ды Расціслаў Бензярук Таццяна Дземідовіч, Георгій Тамашэвіч, Зінаіда Дудзюк, Анатоль Зэкаў, Настасся Нарэйка, Анатоль Брытун, Алена Жабінкаўская, Наталля Кандрашук… Лічыць – не пералічыць усіх, перад кім расчынялі гасцінна дзверы нашы “Бібліядамачкі” (да слова, менавіта так называецца камандау, якая выйграла раённы інтэлектуальны квіз).
Райбібліятэка – своеасаблівая пляцоўка для ўсяго новага і крэатыўнага. Яна была і застаецца метадычным цэнтрам для ўсіх бібліятэк сістэмы. Што характэрна, кожная з іх мае сваю асаблівасць, так бы мовіць, разыначку. Напрыклад, гарадская бібліятэка (тая, што знаходзицца на цукровым заводзе) мае духоўны накірунак – у ёй дзейнічае клуб праваслаўных зносін “Вера і Жыццё”, узначалены Надзеяй Балюк. У дзіцячай чытальні існуе праект “Хата з матчынай душой”, які папулярызуе родную мову і літаратуру. Пагэтаму Дзень беларускага пісьменства для стваральнікаў і наведвальнікаў той “Хаты” – асаблівае свята.
А вось яшчэ разыначкі, вясковыя. Ірына Самасюк са Сцяпанкаўскай бібліятэкі даўно і паспяхова асвойвае з дзецьмі ў сваім “Лесавічку” экалагічны накірунак, а яшчэ расказвае пра вогненны лёс вёскі Драмлёва. Ала Мікуц з Хмелева рупіцца над зборам мясцовага фальклору, выдала матэрыялы, прысвечаныя землякам-ветэранам, ахвотна раскажа гісторыю Спаса-Праабражэнскага манастыра, цудатворнай іконы “Маці Боскай Чанстахоўскай” і знакамітага мужчынскага манастыра. Каб не забыліся залацінкі мясцовай гаворкі, бібліятэкар аформіла іх у альбомы “Хмэлёвския заколоты” ды “Хмэлёвски хронограф”, сабрала вершы мясцовага паэта Міцькі Хутарскога (Дзмітрыя Масейчука).
А вось у Мацеевічах творчая асоба Ганна Асокіна ўзяла музычны накірунак і яго трымаецца. Падобна таму, як Марыя Галаўчук з Ленінскага займаецца тэатралізацыяй, стварыўшы лялечны гурток.
Вядома здаўна: Азяты – песенная зямля, таму сам Бог загадаў Ірыне Буднік (з аграгарадка) і Любові Семянюк (са Старога Сяла) уплятаць у свае мерапрыемствы багатыя музычныя матывы, якія гучалі тут 100 – 200 гадоў назад і дасюль гучаць.
У Ракітніцкай бібліятэцы Надзея Давідзюк, як казаў некалі педагог-пісьменнік Васіль Сухамлінскі, “сэрца сваё аддае дзецям”. Для яе праца з хлопчыкамі і дзяўчынкамі – сапраўдная асалода.
“Навацыі” ды іншыя намінацыі
Найбольшае прызнанне гэтай калектыўнай працы прыйшло ў 2019 годзе, калі назва ўстановы ўпрыгожыла раённую Дошку гонару. Такую высокую пашану, вядома, патрэбна пацвярджаць штодня.
Бібліятэкары стараюцца, і ім спрыяе поспех. У 2020 годзе яны ўдзельнічалі ў абласным краязнаўчым конкурсе, дзе занялі другое месца за развіццё культурнага брэндзінгу Жабінкаўшчыны і стварэнне пешаходнага інтэрактыўнага маршруту “Жабінка гістарычная” (неўзабаве да гэтага былі дададзены яшчэ “Жабінка сучасная” і “Вёска Драмлёва”).
У 2021-м наша бібліятэка-суседка зноў стала “сярэбранай” у намінацыі “Адукацыя” на чарговым абласным конкурсе “Бібліятэка для моладзі – бібліятэка магчымасцяў”. А яшчэ праз пару год другая выніковая прыступка пакарылася і на рэспубліканскім узроўні, калі дыплом жабінкаўцы прывезлі са сталіцы з ХХХІ конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”, дзе сталі лаўрэатамі ў намінацыі “Навацыі”.
Яшчэ адзін важны (можна нават сказаць – магістральны) накірунак іх дзейнасці – тэма Афганскай вайны. Кожны, хто заходзіць у будынак раённай бібліятэкі, адразу ўспамінае пра падзеі на далёкай зямлі, што пакінулі глыбокі след у жыцці многіх жабінкаўцаў. У бібліятэцы, пастаянна дзейнічае выстава-экспазіцыя з дакументамі і рэчамі воінаў-інтэрнацыяналістаў. Сёлета да 35-х угодкаў вываду савецкіх войскаў з Афганістана доўгі даследчы пошук пры дапамозе фонду міру быў аформлены ў кнігу “З памяці не выкрасліць вайну…” За гэтую працу Брэсцкае аддзяленне Беларускага фонду міру ўручыла Лісты падзякі аўтарам выдання Галіне Дулевіч, Марыне Карпішчук і Ірыне Ганчар. Акрамя таго, у маі 2024-га Ірына Пятроўна атрымала дыплом І ступені ад расійскай Акадэміі народнай энцыклапедыі за перамогу ў намінацыі “Дыдактычныя гульні”. Яе пазнавальны квэст “Жабінка – знаёмая незнаёмка” прызнаны найлепшым!
Увогуле, сувязі з рэгіёнамі Расіі апошнім часам маюць важнае значэнне ў працы нашых бібліятэкараў. Летась было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве з Перавозскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай Ніжагародскай вобласці. Ужо рэалізаваны шэраг анлайн-мерапрыемстваў, у тым ліку віктарына “Жабінка і Перавоз – гарады-пабрацімы” і акцыя “Дзве сястры – Беларусь і Расія”. А ў праекце “Подзвігам слаўныя мае землякі” жабінкаўцы расказалі пра Міхаіла Чарнака, Флорыю Будзішэўскую і Міхаіла Шаўчука, а бібліятэкары з Перавоза – пра сваіх Герояў Савецкага Саюза. Зараз прымаюцца работы на міжнародныя конкурсы малюнкаў “Сказка – ложь, да в ней намёк” і фотаздымкаў “Сямейныя рэліквіі”. У першым удзельнічаюць дзеці ды падлеткі з гарадоў-пабрацімаў, а ў другім, як не складана здагадацца, – і дарослыя, і маленькія жыхары двух гарадоў і раёнаў.
Адным словам, жыццё працягваецца, абяцае быць насычаным і рознабаковым. Пра тое можна будзе аператыўна даведацца на бібліятэчным сайце, які працуе вось ужо дзесяць год. Раскажа пра бібліятэчныя справы і раённая прэса – дастаткова толькі карэспандэнтам у чарговы раз пераступіць парог бібліятэкі, дзе заўжды багата цікавых навін.

Адзін пісьменнік казаў: “Кнігі – таксама людзі, толькі з крыламі. Калі кніга склала крылы і паўстала на паліцы, яна сумна і маўкліва пазірае на свет і не пралівае святла. Толькі ў чалавечых руках яе святло струменіць, прыносіць горыч ці асалоду, ажываючы ў палёце”.
Дайце кнізе крылы і ляціце з ёю разам у свет рэчаіснасці і фантазій! А бібліятэкары, вядома, дапамогуць вам у тым палёце.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара і з архіва раённай бібліятэкі
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%