Вясной 2025 года раптам вельмі актыўна загучала назва вёскі Бараны. У красавіку Жабінкаўшчына далучылася да рэспубліканскай добраахвотнай акцыі “Дай лесу новае жыццё”, прымеркаванай да Года добраўпарадкавання і юбілею Вялікай Перамогі. З гэтай нагоды кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі Пятровіцкага лясніцтва, абласнога ўпраўлення Следчага камітэта і грамадскіх аб’яднанняў, работнікі ўстаноў і прадпрыемстваў раёна высадзілі каля тысячы маладых бярозак і сосен паблізу Бараноў.

Назіраючы за справамі чалавечых рук, што давалі жыццё саджанцам, міжволі хацелася сказаць: “Лесу – расці, вёсцы – цвісці!”. І гэта справядліва, паколькі населены пункт, размешчаны каля балота Гатча, не толькі мае даўнюю гісторыю, але і ў разважаннях сённяшніх жыхароў Бараноў гучыць надзея на далейшае развіццё.
“З маладзейшых – толькі я”
– Але-але, я зараз курачак выпушчу і падыду, – ветліва сказала Лідзія Зялько.
Час яе сагнуў да зямлі, ды яго скразнякі не выдулі іскрамётны, амаль малады гумар, уласцівы 90-гадовай жанчыне. Лідзія Міхайлаўна распарадзілася сваімі курачкамі і падышла, як абяцала, каб пагаварыць.
– Кажуць, вы тут найстарэйшы жыхар?
– Але-але, з маладзейшых – толькі я, – заўсміхалася баба Ліда. – Я ў Баранах усіх перажыла, родылась у Тэляках у 1935-м, 1 апрыля – у мутлывы дэнь – колы свята муцюноў.

Для Лідзіі Міхайлаўны гэты год багаты на юбілеі. Вядома, самы шаноўны – уласнае 90-годдзе, адзначанае вясной, а летам споўнілася семдзесят гадоў, як Ліда Шаўчук выйшла замуж за Міколу Зялько і стала жыхаркай Бараноў. Спачатку маладыя жылі на хутары каля балота Гатча. А пазней, як сталі ліквідаваць хутары, пабудаваліся ў вёсцы. Тут і сыноў нарадзілі. Абодва выбралі дарогі далёка ад роднага парога. Малодшы – Мікалай Мікалаевіч – шафёр, асвойвае аўтастрады. Старэйшы – Сцяпан Мікалаевіч – ходзіць па вадзе, бо менавіта ходзяць, а не плаваюць па рэках ды марах караблі, а Сцяпан Зялько – з 1988 года капітан цеплахода “Гродна”.

– Робыть сынок там даўно, ныма толькі ёму замены, – уздыхнула матуля. – Далі ёму хлопчыка маладзейшага, вучыть. А работа на воді – то не на сушы. Робыть сынок, пока сілы мае. Люды прыязджають з Расіі, з усяго світу, і катае па воді ўсіх. Але-але, работа от-вет-ствен-ная, сам і пасадку робыть, і за руль потым сядае. Як какіе празднікі, гаворыть, у очэрэді стаять, каб пакатаў.
Цеплаход “Гродна” ходзіць ад брэсцкай набярэжнай па Мухаўцы. Некалі і я ў такой чарзе стаяў, тады і не знаў, што за штурвалам – зямляк або яго зменны капітан Павел Шамайла. Цяпер ужо ведаю і, калі зноў давядзецца ўзысці на палубу прагулачнага цеплахода, абавязкова перадам сыну прывітанне з родных Бараноў, дзе яго заўсёды чакае старэнькая матуля.
Удачныя дачнікі
У размове Лідзія Міхайлаўна прагаварылася, што раней у Баранах было вельмі песенна.
– Дык праспяваеце крышачку? – спытаўся ў жанчыны.
– Я спываю хорашэ, я спываю красіво, частушкі, пісні, – захістала галавой наша гераіня.
Упрошваць яе нешта праспяваць не спатрэбілася, і ўжо праз лічаныя імгненні палілася песня, за ёю – другая, трэцяя. Спачатку – па-руску, а затым – па-мясцоваму, па-бараноўску. Хоць Лідзія Зялько і размяняла дзясяты дзясятак, ды ведае песень шмат і спявае, як працуе: старанна ды аддана.
Найчасцей яна спявала ў маладыя гады, калі ў Баранах было людзей багата. Усё жыццё жанчына – у працы, таму можа параўнаць былое з сённяшнім днём:
– Тэпэр у колхозі добра платять, люды застаются, робять, хорашэ жывуть. Я тут стараста. Мне ўжэ стыдна старастай быть у дэвяноста. Просіла ў сельсавеце, каб ужо перавыбралі. Тэпэр пад маю хату прыязджае аўталаўка – купляй, што хочаш. Тэпэрэчка жызнь – не бяда.
Як яна даспявала чарговую песню, дадала:
– Уся вуліца Цэнтральная пастроена людочкамі з хутаріў. А ў конці дачнікі, як я кажу, пакуплялі землі. З імі гаварыце пра новую жызнь.
Не прамінуў выкарыстаць падказку найстарэйшай вясковай старасты ў раёне і хутка завёў размову з мужчынам, які назваўся Ігарам. Ён пераехаў у Бараны з Брэста. Свой выбар тлумачыць так:
– Людзі цягнуцца да зямлі, купляюць надзелы, абрабляюць іх, будуюцца. Вы ж бачылі: ніводнай закінутай хаты, у асноўным набываюць іх брастаўчане. Так і я некалі зрабіў і не шкадую пра тое, бо набыў спакой і цішыню, якіх мала засталося ў горадзе.
Аднойчы адчула прыцягненне зямлі і жыхарка Жабінкі Іна Нічыпарук, якая працуе на станцыі “хуткай дапамогі”. Трыццаць гадоў таму, 29 ліпеня 1995 года, Іна Іванаўна пабралася шлюбам з нараджэнцам Бараноў фельчарам Анатолем Нічыпаруком.
Тут, у бацькоўскім доме Анатоля Пятровіча, і дочкі нарадзіліся: старэйшая Каця і малодшая Ліза. Кацярына па прыкладзе бацькоў звязала жыццё з медыцынай, вывучылася на ўрача. І лёс свой дзяўчына звязала з медыкам, таксама ўрачом Дзмітрыем Пусташылам. (Дарэчы, Бараны ўваходзяць ва ўчастак, які ён абслугоўвае).
Іна Іванаўна мае вялікае захапленне, якое перадалося ад мужа:
– Ён скончыў у якасці пчаляра спецыяльны факультэт у Маскве. Потым і мяне навучыў, а калі раптоўна яго не стала, ужо мне давялося сур’ёзна заняцца бортніцтвам.
Пасека ў Іны Нічыпарук вялікая – на 120 пчаліных сямей, размяшчаецца на рухомых прычэпах. Мядок пчолкі вырабляюць самы розны. У нашай краіне існуе мытны рэестр, куды ўнесена (у ліку нямногіх з Жабінкаўскага раёна) і гаспадыня бараноўскай пасекі.

Пра свой няпросты занятак яна гаворыць:
– У нас пародзістыя пчолы Карніка. Яны не толькі даюць шмат мёду (выкачваем яго да трох тон), але і вызначаюцца міралюбствам і вялікай устойлівасцю да перамены надвор’я. Яно, надвор’е, бывае ў нас капрызным, а пчала Карніка ўсё роўна старанна робіць сваю справу, пералятаючы з кветкі на кветку.
– Так-так, – пацвердзіла матуліны словы дачка Кацярына. – Гэтыя пчолкі міралюбівыя, працавітыя і некусучыя, як сапраўдныя беларусы!
На нашай зямлі, сапраўды, любяць шчыраваць усе: і людзі, і пчолы, каб потым атрымаць мядовую асалоду ад вынікаў сваёй працы.

Мабыць, цяпер прыйшоў дзень упэўніцца ў гэтым у чарговым населеным пункце Азяцкага сельсавета, які ляжыць на шляху праекта “Взгляд”. Дзеля гэтага ў наступны раз выпраўляемся ў вёску Пералум’е Целякі, дзе ў нас будзе час пазнаёміцца з яе цікавымі жыхарамі.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара, з архіва Кацярыны ЯКУБЁНАК і з адкрытых інтэрнэт-крыніц
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%