
Гэтай вясной Арэпічы адзначылі 515 гадоў. Хоць, вядома, 25 красавіка 1509-га – толькі першая пісьмовая згадка пра старадаўняе сяло, а сапраўдныя яго вытокі губляюцца за смугой вякоў. Тыя вытокі сягаюць, мабыць, у часы, калі суіснавалі на зямлі збіральнікі і паляўнічыя. Мясцовае паданне расказвае, быццам жылі побач два племені. Першы народ карміла зямля, другі – лес. Вось і заснавалі земляробы, што аралі зямлю і выпякалі хлеб, вёску Арэпічы. А стралкі-“лесавікі” далі пачатак суседнім Стралям. Адсюль, з памежжа Жабінкаўскага і Камянецкага раёнаў, раней пачыналася Каралеўская пушча, якую зараз называем Белавежскай.
У Арэпічаў надзвычай цікавае мінулае, але і сённяшні дзень вельмі насычаны і разнастайны. Каб у тым пераканацца, варта прайсціся па вясковых вуліцах.
За кожнай назвай – няпросты лёс
Жабінкаўшчына – край небагаты на лясы. А тут адразу кідаецца ў вочы першая мясцовая асаблівасць: адразу за аколіцай раскінулася царства Лесавіка – жывая памяць пра былую Каралеўскую пушчу. Таму Арэпічы можна назваць самай буйной лясной вёскай раёна.
Арэпічане надзвычай клапатлівыя да сваёй гісторыі, што адчувальна нават у тапонімах. Ніякая іншая жабінкаўская вёска не мае столькі “імянных” вуліц. Іх назвы могуць шмат расказаць. Ёсць тут, напрыклад, вуліца імя танкіста Фёдара Рацюка, які загінуў у ліпені 1944 года пры вызваленні Арэпічаў. А ў цэнтры сяла – вуліца старшага лейтэнанта Васіля Дудара. Зямляк склаў галаву пад гарачым сонцам Афгана, апошні спачын мае на мясцовых могілках. Падобныя лёсы двух афіцэраў міжволі аб’ядналіся ў назвах вуліц палескага сяла…
А вось паблізу былой школы падарожнага “сустракае” вуліца Цімафея Лася. Гэтага чалавека, якога чакаў няпросты лёс, вельмі многія называлі Настаўнікам з вялікай літары. Вяршынямі ў жыцці Цімафея Карнілавіча стала заснаванне Арэпіцкай сярэдняй школы і Брэсцкай рускай гімназіі (сёння ў ёй месціцца філфак Брэсцкага дзяржуніверсітэта). Настаўнік даў пуцёўку ў жыццё шматлікім таленавітым выпускнікам – прафесарам, акадэмікам ды проста добрым людзям. Сярод іх – былы галоўны архітэктар інстытута “Брэстбудпраект” Рыгор Рыгоравіч Будзько. Па праектах арэпіцкага дойліда забудоўваўся аграгарадок Астрамечава, цэнтральныя сядзібы вядомых гаспадарак “Мухавецкі” і “Белавежскі” Брэсцкага і Камянецкага раёнаў, узводзіўся будынак галоўнага корпуса Брэсцкага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна… Вось як у жыцці бывае: да ўзнікнення старога будынка ВНУ спрычыніўся Настаўнік, а новы корпус будаваўся пад наглядам Вучня. Мо з часам узнікне ў Арэпічах і вуліца імя Рыгора Будзько.
Сельскія клопаты і вясковы чат
Вуліца Цімафея Лася – цэнтр вясковага жыцця. Гэта і не дзіўна – на ёй месцяцца не толькі сяліба мясцовай гаспадаркі, якую ўзначальвае Павел Шыдловіч, але й пошта, бібліятэка ды фельчарска-акушэрскі пункт.
У ФАПе нас сустракае фельчар са Сцяпанак Ала Юзвік. Так склалася, што ў Арэпічах бракавала такога спецыяліста, і вяскоўцы звярнуліся па дапамогу да кіраўніцтва раёна. Праблема неадкладна была вырашана: цяпер двойчы на тыдзень прыём у Арэпіцкім ФАПе вядзе Ала Віктараўна, а яшчэ два дні – медык з Падлесся. Яны абслугоўваюць 183 чалавекі (у тым ліку 22 дзіцяці) не толькі з Арэпіч, але й з невялікіх Налезнікаў, Палявой Рэчыцы, Селішчаў.

Назіраючы, як уважліва і ласкава ставіцца да сваіх пацыентаў фельчар, воляй-няволяй прыгадаўся вершык: “Я прывіўкі не баюся…”. Асабліва калі яе робіць такі спецыяліст, як Ала Юзвік.
Своеасаблівым гідам па вёсцы стала стараста Таццяна Манастырская – чалавек надзвычай актыўны і неабыякавы. Таццяна Мікалаеўна моцна перажывае за ўсё, што адбываецца ў Арэпічах. Яе слухаеш і міжволі думаеш: мабыць, жанчына мае не толькі мужа і чатырох сыноў – усе Арэпічы яе вялікая сям’я. Вось і “фельчарскую” праблему аднавяскоўцы даверылі данесці да начальства менавіта ёй. А калі стараста чуе падзяку ў свой адрас, толькі адмахваецца: маўляў, гэта агульны поспех, лепш скажыце добрыя словы тым, хто вас пачуў і зрабіў як след. І такіх падзяк нямала. Напрыклад, ад Вольгі Іванаўны Комар. Жанчына прасіла стварыць для яе безбар’ерны асяродак, і ААТ “Арэпічы” аказаў дапамогу інваліду другой групы. Акрамя таго, ДРБУ-103 сёлета правяло ямачны рамонт дарогі з Гарэлак у Грабаўцы праз Арэпічы. Людзям стала зручней. Як за такое не аддзячыць?

– А яшчэ ў нас ёсць свой чат у вайберы, “Вясковыя навіны” называецца. На яго падпісаны кожны трэці жыхар, – гаворыць Таццяна Мікалаеўна. – Вы нават не ўяўляеце, як часам мы спрачаемся, калі абмяркоўваем нашы агульныя справы. У ролі старасты я толькі паўгода, але ўжо адчула, як гэта няпроста. Такая вось мая новая жыццёвая дарога, па ёй цяпер іду.
Працягваецца і наш шлях ад вёскі да вёскі. Пасля Арэпічаў, дзе здаўна абрабляюць хлебную ніву, рухаемся туды, дзе некалі людзей лячылі. Гэткім чынам праект “Вёсачка, жыві!” бярэ кірунак на Шпіталі.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
