
У 1492 годзе, калі Калумб плыў праз акіян, каб адкрыць Амерыку, нейкі пісар Брэсцкага суда “адкрыў”… Дзяменічы. У сваім дакуменце, дзе ён упершыню згадаў Дзяменічы, судовы чыноўнік паставіў дату 7000 год ад стварэння свету, што якраз і адпавядала 1492 году ад Раства Хрыстова. З таго часу і па сённяшні дзень на поўначы раёна існуе самы старажытны населены пункт Жабінкаўшчыны. У час свайго росквіту яго насельніцтва дасягала чатырохсот чалавек. Сярод вядомых нараджэнцаў вёскі – былы дэкан факультэта фізічнага выхавання Брэсцкага педінстытута (цяпер – універсітэта) імя А.С. Пушкіна, а затым прафесар БДУ Сяргей Кацэвіч. Аднак найбольшую славу Дзяменічам прынёс гераічны военачальнік Маркіян Германовіч.
Ёсць вуліца, помнік і памяць
Сярод дзяменіцкіх вуліц ёсць і тая, што носіць яго імя. Адсюль Маркіян Якаўлевіч (1895 – 1937) выйшаў у вялікі свет і ўвайшоў у сусветную Гісторыю. Адважны паплечнік Міхаіла Фрунзэ вызначыўся ў Грамадзянскую вайну, граміў інтэрвентаў на поўначы савецкай краіны, войскі Урангеля і бацькі Махно ў Крыме і ўкраінскіх стэпах. Як адшугала полымя той вайны, камкор Маркіян Германовіч стаў камандуючым войскамі Украінскай ваеннай акругі, а затым памочнікам і намеснікам камандуючых Беларускай, Сярэдне-Азіяцкай, Маскоўскай і Ленінградскай акруг. Нараджэнец Дзяменіч узначальваў Ваенную акадэмію матарызацыі і механізацыі Чырвонай Арміі, быў членам Ваеннага Савета пры наркаме абароны СССР. Трагічным для многіх савецкіх военачальнікаў стаў 1937 год. Не абмінуў ён і Маркіяна Якаўлевіча. Праз 20 гадоў ён быў цалкам рэабілітаваны, пасмяротна з Германовіча былі зняты ўсе лжывыя абвінавачванні і “Дзяменічы, родная вёска” зноў прыгадалі годнае імя славутага героя.
На жаль, у вёсцы ўжо няма яго сваякоў: пайшлі ў іншы свет стрыечная сястра Варвара Кулік, пляменнікі Георгій Дарапіевіч, Марыя Кавальчук і Надзея Сыч. Аднак і сёння можна прайсціся па вуліцах Германовіча ў Жабінцы і Дзяменічах, ускласці кветкі да помніка выдатнаму чалавеку.
Адрас прыгажосці – вуліца Зялёная
Пра сённяшняе жыццё ў Дзяменічах расказвае стараста вёскі Таццяна Кунашка:
– Наша вуліца Зялёная – самая жывая, на якой хаты напаўняюць не толькі дачнікі. Тут адчуваецца рух жыцця.
Таццяна Мікалаеўна і сама вельмі рухавая. У Дзяменічах жылі дзяды, а 30 гадоў таму і яна пераехала ў вёску з Брэста, бо не толькі адчула покліч продкаў, але й адшукала сваю палавінку. Разам з мужам Юрыем Міхайлавічам жанчына атрымала ад калгаса дом, які дабудавалі, адрамантавалі, абжылі. Яшчэ і Олю, Кацю, Надзю нарадзілі, якія ім унукаў падарылі… Адным словам, жыццё працягваецца.
Папрацаваць Таццяне Мікалаеўне давялося і ў школе, і ў культуры, і ў сельскай гаспадарцы.
– Усе прафесійныя святы мае! – гаворыць і смяецца наша суразмоўніца.
Аднак стараста жыве не толькі ўласнымі клопатамі. Яна прыслухоўваецца да людскіх пажаданняў і стараецца іх данесці да тых, хто можа дапрамагчы. Зараз галоўны галаўны боль у Дзяменічах – электразабеспячэнне. Вырашыць праблему вельмі важна, зважаючы, што прыродны газ у вёсцы адсутнічае. Плануецца, што ў насупным годзе пройдзе замена старых слупоў, узведзеных яшчэ ў 1970-я гады, на новыя, што дазволіць закрыць пытанне ў электразабеспячэнні Дзяменіч.
Вядома, старажылы сыходзяць на пагост, і ў вёсцы ўсё манш гучыць маладых галасоў. І ўсё ж прыклады, калі людзі вяртаюцца да каранёў, да роднай зямлі, знайсці магчыма. З Брэстам развіталіся, каб атрымаць вясковую прапіску, не толькі Таццяна Кунашка, але й сем’і Дутавах ды Яцэвічаў.
Зазірнулі на падворак, дзе жыве, ствараючы прыгажосць, Таццяна Дутава. Усё да чаго дакранаецца з замілаваннем Таццяна Сямёнаўна – набывае асаблівую прыгажосць. Зеляніна і квецень – на кожным кроку на ўтульнай сядзібе. Калі тут бываеш, нават у восеньскі дождж адчуваеш, што халады – з’ява часовая, а вось цеплыня ды каханне надоўга прапісаліся па вуліцы Зялёнай, у доме 14.

На гэтым Дзяменічам гаворым “Бывай!” і рухаемся далей, бо ўжо зачакаліся журналісцкага пяра жыхары іншага сяла. Таму неадкладна едзем ў Алізараў Стаў.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
Больше новостей о своем районе и городе
Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
