Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання ў Жабінцы: Тэрыторыя спагады і любові

Ужо доўгія гады жабінкаўскія жыхары цудоўна ведаюць, дзе ў горадзе-спадарожніку існуе тэрыторыя шчырай любові і вялікай спагады. Гэтай вясной цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адзначыў свой юбілей. 30 красавіка ўсім яго супрацоўнікам і выхаванцам незалежна ад сапраўднага ўзросту, пазначанага ў пашпарце, споўнілася роўна дваццаць. Менавіта столькі гадоў мінула з дня, калі перад тымі, хто трапляе ў складаныя жыццёвыя сітуацыі, адамкнула свае дзверы і сэрцы тэрыторыя спагады і любові.

Тры аддзяленні – справы агульныя

Установа пад кіраўніцтвам дырэктара Наталіі Адзінец сёння падзяляецца на тры структурныя падраздзяленні. Аднак сапраўднага раздзелу не існуе, бо кожны супрацоўнік дзейнічае на агульны станоўчы вынік з карысцю для малазабяспечаных сем’яў, інвалідаў, пажылых людзей.

Першым назавём аддзяленне сацыяльнай дапамогі дома, якое ўзначальвае Іна Байцун, здольная знайсці індывідуальны падыход да кожнага. Зараз на надомным абслугоўванні 338 пажылых і інвалідаў, паслугі якім аказваюць сацыяльныя работнікі. Яны набываюць сваім падапечным лекі і прадукты, дапамагаюць гатаваць ежу, прыбірацца ў жыллі, а яшчэ заўсёды ахвотна абмяняюцца са сваімі падшэфнымі навінамі, добрым словам падтрымаюць кожнага, павіншуюць са святамі, прынясуць на Вялікдзень куліч, асвечаны святарамі Пакроўскага храма, з якімі ТЦСАН падтрымлівае даўнія добрыя зносіны.

Аддзяленнем комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі і пярвічнага прыёму, аналізу, інфармавання і прагназавання кіруе Вольга Рэбякеўша. Яна вядзе ўлік тых, хто трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю, выяўляе, якія сацыяльныя паслугі запатрабаваны сярод жабінкаўцаў. Аддзяленнем ажыццяўляюцца кансультацыйна-інфармацыйныя, сацыяльна-пасрэдніцкія ды іншыя паслугі. Прынамсі, праводзяцца абследаванні матэрыяльна-бытавых умоў пражывання непрацаздольных пажылых грамадзян і інвалідаў. Дзеля гэтага аддзяленне шчыльна супрацоўнічае з сельвыканкамамі, медыкамі, праваахоўнікамі.

Аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі і дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ўзначальвае Ганна Барысюк. Як вынікае ўжо з самой назвы гэтага падраздзялення, у фокусе ўвагі яго спецыялістаў праблемы тых, каму значна больш за 18+.

Паважаюць пажылых, як сваіх

Зусім хутка свята – Дзень пажылых людзей. Першага кастрычніка тыя, хто ўступілі ў пару сярэбранага і залатога ўзросту, будуць чуць у свой адрас безліч добрых слоў. А для супрацоўніц цэнтра – штодзённы клопат, каб гэтае свята для іх падшэфных ніколі не заканчвалася, асабліва для бабулечак і дзядуляў, што жывуць у самоце, аднак ніякім чынам не забыты гаспадынямі дома на Калгаснай, 4.

Штогод яны аказваюць падтрымку ветэранам вайны і малалетнім вязням фашызму, пажылым людзям, што засталіся без нагляду родзічаў, а таксама 26 інвалідам 1 і 2 груп ды 55 пажылым грамадзянам. Удзячныя сваім спонсарам, найперш камбікормаваму заводу і ААТ “Арэпічы”. Для сацыяльнай і працоўнай рэабілітацыі існуюць майстэрні, дзе працуюць швачкі і ўмельцы па вырабе рэчаў з гліны, гурткі па інтарэсах, дзе ўлічваюцца асаблівасці інвалідаў ды іншае. Рэалізуючы нацыянальную стратэгію “Актыўнае даўгалецце – 2030”, асаблівая ўвага ўдзяляецца пажылым.

Повязь пакаленняў – зарука развіцця

Дарэчы тыя, хто шмат год пражылі на гэтай зямлі, могуць добрым саветам і надзейным запаветам дапамагчы маладым. Разам людзі розных пакаленняў праводзяць пазнавальныя мерапрыемствы, арганізаваныя ў ТЦСАНе.

Каб падрыхтаваць моладзь для сямейнага жыцця, пры цэнтры дзейнічае моладзевае аб’яднанне “Будучы сем’янін”. Для дзяцей-сірот працуе клуб “Утульнасць”, а для сямей, што выхоўваюць дзяцей-інвалідаў – “Вясёлка”. Што важна: “залатыя” і “зялёныя” нярэдка сустракаюцца на агульных мерапрыемствах, у тым ліку інтэлектуальных. Журналістам раёнкі не раз даводзілася прысутнічаць на падобных турнірах, дзе прадстаўнікі розных пакаленняў спаборнічалі, хто ведае ды можа лепш і больш. І кожны раз вынік быў аднолькавы: перамагала сяброўства, карыснае як маладым, так і вечна маладым. Апошнім напярэдадні Дня пажылых людзей хочацца пажадаць доўгага шчаслівага жыцця без хвароб і лішніх турбот!

Анатоль БЕНЗЯРУК

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.