ПАДЛЕССЕ: жыве сяло між Жабінкай і Камянцом

Вёска здаўна існавала на мяжы вялікага лесу, названага пазней Белавежскай пушчай, таму, відаць, некалі атрымала сваё “лясное” імя. Размешчанае на самай поўначы Жабінкаўшчыны, Падлессе доўгі час цягнулася да старажытнага Камянца. Найбольшы росквіт вёскі прыпадае на ХХ стагоддзе, калі Падлессе было цэнтрам калгаса “Запаветы Ільіча”. Тады грымелі імёны ардэнаносных працаўніц Ніны Ульяніцкай і Аляксандры Старынскай. А найбольш гучную славу займеў трактарыст Мікалай Несцеравіч Ясінскі (1937 – 1996) – заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР, неаднаразовы пераможца рэспубліканскіх спаборніцтваў на жніве, поўны кавалер ордэна Працоўнай Славы. Сённяшнія падлескія аграрыі – прадаўжальнікі традыцый, закладзеных працавітымі папярэднікамі.

На паравозіку – у будучыню

Вуліца Новая нездарма носіць гэткае імя. Роўным ланцужком выцягнуліся цагляныя дамы, пабудаваныя для вяскоўцаў – працаўнікоў ААТ “Хмелева”.

Звычайна, гэта людзі крыху сарамлівыя, здольныя паказаць сябе ў працы, дзе яны адчуваюць сябе ў сваёй стыхіі. Іншая справа – мець размову з журналістам. Напрыклад, механізатар Анатоль расказаць крыху пра жыццё пагадзіўся, а вось прозвішча сваё вельмі прасіў не згадваць. Гадоў дзесяць таму ён пераехаў з самага вялікага ў краіне Столінскага раёна ў найменшы – Жабінкаўскі.

– Шчыра скажу: спачатку цягнула дамоў, цяпер прыжыўся, гаспадаркай абзавёўся, – прызнаецца Анатоль і дадае крыху практычнай сялянскай філасофіі. – Навошта нечага далёка шукаць, калі і праца па душы, і заробак належны?

У Падлессі не раз чуў, што “залатыя” часы сяла засталіся ў мінулым. Анатолеў сусед Аляксандр з гэтым не зусім згодны. Маўляў, мо такое выслоўе справядліва для іншых частак Падлесся, дзе жывуць пажылыя людзі, а на вуліцы Новай перспектывы ёсць.

Тыя перспектывы, безумоўна, немагчымыя, як не чутно дзіцячых галасоў. Таму далейшы наш шлях – у дзіцячы сад.

Сустрэліся з Люсяй Навумовіч, якая загадвае гаспадаркай вялікага гожага будынка. У ім 18 выхаванцаў ад трох да шасці гадоў з Падлесся, Хмелева, Дзяменіч і Рудкі. Люся Аляксандраўна з мужам Віктарам Фёдаравічам, які працуе ў сельгаставарыстве, гэтай восенню адсвяткуе юбілей: 35 гадоў таму яны атрымалі кватэру і навек звязалі свой лёс з Падлессем. У хуткасці жанчына ўладкавалася на працу ў дзіцячы сад, і з таго часу канчаткова былая пінчанка стала падлескай жыхаркай. Сваю справу яна вельмі любіць, бо штодня яе, тую справу, упрыгожваюць дзеткі, падобныя на ўсмешлівыя кветкі. Хлопчыкі і дзяўчынкі, нібыта сапраўдныя фотамадэлі, як толькі пачулі, што “хутка вылеціць птушачка”, нібыта па камандзе, ахвотна “акупавалі” драўляны паравозік у двары і застылі ў чаканні той самай “птушачкі”. І тая не прымусіла сябе чакаць!

У краму – па пакупкі і навіны

Магазін у Падлессі – месца прыцягальнае. І не толькі таму, што мясцовы “Родны кут” заўсёды багаты на розныя тавары. Не менш важна, што гандлююць у ім Ала Кажаноўская і Марыя Кавальчук, якія кожнаму пакупніку рады, як роднаму чалавеку. На працягу ўсёй размовы з Марыяй Міхайлаўнай з яе вуснаў не знікала ўсмешка. Пры такім абслугоўванні вельмі цяжка з пустымі рукамі сысці з крамы. Да слова, пасля капітальнага рамонту, праведзенага ў 2021 годзе, магазін выглядае вельмі па-сучаснаму.

Прадавец ахвотна дзеліцца навінамі. Радуецца, што будуецца сучасная ферма, ды “прыйшлі” ў Падлессе новыя слупы (а гэта дазволіць уладкаваць у дамах электраацяпленне). Акрамя таго роўненькі асфальт пралёг ад суседніх Дзяменіч. Вось толькі застаецца праблема, пра якую гавораць вяскоўцы: дарожнае пакрыццё цудоўнае, але ж таксічка ў суботу і нядзелю мае графік руху, нязручны для жыхароў Падлесся.

Нам грамадскі транспарт не спатрэбіўся: пакуль на ходзе рэдакцыйны “жыгулёнак”, журналісцкія вандроўкі па раёне працягваюцца. Пад коламі роўнай стужкай – асфальт, пракладзены ў 2022 годзе. Праз хвіліну-другую ён прывядзе ў Дзяменічы – на малую радзіму легендарнага камдыва Маркіяна Германовіча і вядомага механізатара Мікалая Ясінскага – таго самага, які сваёю справаю не раз прыносіў славу “Запаветам Ільіча”.

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.