
Жабінкаўская зямля стагоддзямі атулена святлом духоўнасці і веры. Хоць Жабінка і адносна невялікі горад, у ім існуюць храмы ўсіх асноўных хрысціянскіх канфесій, і першаснае месца сярод іх займаюць праваслаўныя цэрквы. У горадзе-спадарожніку іх тры: святога вялікамучаніка Мікіты, Пакроваў Прасвятой Багародзіцы і свяціцеля Кірылы Тураўскага.
Гэты кастрычнік у нашай краіне абвешчаны месяцам рэлігійнага турызму. Па дадзеных Міністэрства спорту і турызму, зараз у Беларусі прыблізна 1400 рэлігійных аб’ектаў, уключаных у турыстычныя маршруты, з іх роўна чатыры сотні знаходзяцца ў Брэсцкай вобласці. Належнае месца сярод іх займаюць праваслаўныя храмы Жабінкаўшчыны.
Кандыдат у Сусветную спадчыну
Над маляўнічым узбярэжжам Мухаўца больш за паўтысячагоддзя клічуць да малітвы званы Здзітаўскай царквы. Восенню 2017-га сяло ўвайшло ў склад горада-спадарожніка, адначасова і ўся багатая гісторыя храма святога Мікіты стала часткай гісторыі Жабінкі.
Гэта надзвычай самабытны помнік культуры. Зараз спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА складае каля тысячы аб’ектаў, чатыры з іх (Белавежская пушча, геадэзічная дуга Струвэ, Мірскі і Нясвіжскі замкі) прадстаўляюць Беларусь. Апроч гэтага, беларускі ўрад прапануе міжнароднай супольнасці разгледзець яшчэ шэсць айчынных помнікаў у якасці кандыдатаў для ўнясення ў спіс Сусветнай спадчыны.
Надзвычай прыемна, што сярод гэтай шасцёркі і наша Свята-Мікіцкая царква. Пабудаваная ў 1502 годзе невялічкая, утульная, ціхая, бы размова з Богам, яна па сваіх удалых прапорцыях, завершанасці і выразнасці кампазіцыі застаецца найбольш значным старажытным помнікам палескага дойлідства. Маленькую светла-блакітную царкву быццам узялі пад абарону векавыя Здзітаўскія дубы. Дзясятак каржакаватых волатаў утвараюць шырокую алею.
Гэта сапраўдны цуд, што храм амаль нязменным перажыў неспакойныя часы, напоўненыя пабурэннямі. У цэнтры царквы – цудоўныя царскія вароты, аздобленыя мясцовымі майстрамі-разьбярамі. Сярод здзітаўскіх святыняў вылучаюцца сваёй адметнасцю іконы “Маці Божая Адзігітрыя” і “Спас Пантакратар”, а яшчэ ў Мінску захоўваюцца ўнікальны абраз пачатку ХVІ стагоддзя “Багародзіца Іерусалімская” і скульптуры святых Ганны і Якіма са Здзітава.
Акрамя таго, да выдатных старадаўніх помнікаў краю адносяцца цэрквы ў Сцяпанках і Мацеевічах, Сяхновічах ды Арэпічах і, канечне ж, Хмелеўскі Спаса-Праабражэнскі храм з вядомым мужчынскім манастыром, куды, каб пакланіцца мясцовай рэліквіі – абразу Маці Божай Чанстахоўскай – прыязджаюць вернікі з усяго свету.
Той, хто далучаецца да рэлігійнага турызму, воляй-няволяй ідзе дарогай, што вядзе да храма, якая злучае мінулае і сённяшні дзень з будучыняй светлай і святой краіны пад белымі крыламі.
Пад покрывам Божай Маці
Цэнтрам дабрачыння з’яўляецца блакітная Свята-Пакроўская царква ў Жабінцы, занесеная ў 2007 годзе ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.
У будні, тым больш у святочныя дні гэта намоленае месца напоўнена прыхаджанамі, якія прыходзяць у свой храм, каб далучыцца да агульнай малітвы і атрымаць блаславенні ды словы духоўнай падтрымкі ад настаяцеля протаіерэя Сергія Петрусевіча.
У наступным годзе Дом Божы адсвяткуе свае 140-я ўгодкі. Увесь гэты час Жабінка і яе жыхары нібыта знаходзяцца пад покрывам Божай Маці.
Цяпер у храме працягваюцца традыцыі асветы і дабрачыннасці, закладзеныя яшчэ ў XIX стагоддзі заснавальнікам царквы айцом Андрэем Міжэўскім, астанкі якога знайшлі апошні супакой паблізу храма.
З памежжа тысячагоддзяў сваю дабрачынную місію нясе сястрынства “У гонар абраза Пакроваў Прасвятой Багародзіцы”. Ужо не адно пакаленне юных жабінкаўцаў далучылася да святла духоўнасці і веры за два дзесяцігоддзі дзейнасці пры храме нядзельнай школы. Сваёй актыўнасцю вызначаюцца маладзёжнае брацтва свяціцеля Кірылы Тураўскага і юнацкі клуб, названы ў гонар святога пакутніка Афанасія Брэсцкага. Душа сапраўды адпачывае, калі спяваюць дарослы і моладзевы хоры. Да слова, у Жабінкаўскім ГДК ужо не адзін год пачынаецца з фестывалю харавой музыкі “Чароўнае святло Раства Хрыстова”, арганізаванага сумесна дабрачыннем і сектарам культуры райвыканкама.
Акрамя таго, ужо больш за дзесяцігоддзе працуюць школа праваслаўя “Па параду да бацюшкі” і клуб праваслаўных зносін “Вера і Жыццё”. Так, каб у нашым жыцці панавала гармонія, у ім павінны абавязкова суіснаваць Вера, Надзея і Любоў, упрыгожаныя чалавечай спагадай, шчырасцю і кветкамі, вырашчанымі клапатлівымі рукамі. Каб храм заўсёды выглядаў святочна, клапоцяцца жаночыя рукі прадстаўніц групы фларыстаў. Група стварылася дзесяць гадоў таму, 14 кастрычніка 2014-га. Свой юбілей фларысты адзначылі на прастольнае свята, калі асабліва шмат прыгожых слоў прамаўлялася ў гонар жанчыны-маці і найперш Той, што дала жыццё Хрысту.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Жабінкаўскага дабрачыння
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
