ЦЕЛЯКІ: у госці запрашалі, стол накрывалі

На гэты раз праект “Взгляд” выбраў мудрагелісты маршрут па населеных пунктах раёна з “жывёльнымі” імёнамі. Таму едзем з Жабінкі – міма Ёжыкаў – праз Бараны – у Целякі.

Дакладны час заснавання гэтага населенага пункта невядомы. Затое вядома, што вечарам 17 верасня 1794 года па Целяках праходзілі войскі знакамітага расійскага генерала Аляксандра Суворава, якія рухаліся ў накірунку Брэст-Літоўска пасля заканчэння вялікай Крупчыцкай бітвы.

Цяпер прыйшоў час і карэспандэнту газеты “Жабінка актуальна” прайсціся па вёсцы Целякі з выключна мірнай місіяй. Яе мэта – даведацца і іншым расказаць, як жывуць сённяшнія целякоўцы. Адразу высветлілася, што тутэйшыя людзі надзвычай цікавыя і гасцінныя, улюбёныя ў сваю невялічкую вёску, якая для іх стала найлепшай кропкай не толькі на карце – на ўсёй Зямлі!

Два чалавека разам паўвека

У нашы дні дажыць у міры і згодзе да залатога вяселля – усё роўна, што выйграць залаты медаль на Алімпіядзе. Сваю парную “праграму” Іван і Раіса Адамукі “адкаталі” на выдатна, цяпер у планах – гэтак жа хораша сустрэць удваіх плацінавае і жалезнае вяселлі.

Можна і не ў пары – можна ў акружэнні шматлікіх нашчадкаў і шматграннага шчасця. Прыкладна так, як гэта адбылося сёлета 24 мая, калі ў целякоўскай хаце сабраліся сыны, нявесткі, унукі, каб павіншаваць Івана Міхайлавіча і Раісу Васільеўну з іх каштоўным сумесным юбілеем.

У 70-я гады яны вучыліся ў Азяцкай школе. Аднак тады і не думалі, што праз паўвека будуць стаяць каля Азяцкай царквы, згадваючы гады маладыя і ўсё жыццё, багатае на падзеі.

У сярэдзіне мінулага стагоддзя Іванавы бацькі Міхаіл Філіпавіч і Марыя Лявонцьеўна будавалі хату (тую самую, каля якой цяпер адбывалася наша размова). Сродкаў не хапіла, тады Адамукі вясной 1961 года вырашылі падтрымаць гучны камсамольскі лозунг “Моладзь, на цаліну!” і паехалі ў Казахстан. Толькі прыбылі на месца, як увесь свет абляцела радасная вестка: “Чалавек у космасе!” Які ва ўсіх быў гонар ад таго, што першым касмічную “цаліну” пачаў асвойваць савецкі грамадзянін! Адамукі працавалі на зямлі, Гагарын – над Зямлёй, а адчуванне было такое, быццам той гістарычны палёт быў часткаю іх уласнай біяграфіі…

Неўзабаве сын Ваня пайшоў ў Казахстане ў першы клас, а вось заканчваць школу яму давялося ўжо на малой радзіме. У 1967-м Адамукі вярнуліся ў Целякі. Дом дабудавалі, старанна працавалі, сына таксама гадавалі ў павазе да працы і сямейнай спадчыны. За гэта Іван Міхайлавіч і цяпер вельмі ўдзячны бацькам.

Не меншую падзяку ён выказвае і жонцы. Сустрэліся яны на чужым вяселлі, а потым і сваё зладзілі. Ваня на бяседзе, дзе нарадзілася іх каханне, на гармоніку іграў, а Рая падпявала. Так і стварыўся сямейны дуэт, у якім і зараз гучаць прыгожыя жыццёвыя ноткі. Што называецца, “нам песня строить и жить помогает”. Нават карэспандэнта раённай газеты Іван Міхайлавіч сустрэў вясёлай прыпеўкай:

Раньше в гости приглашали,

накрывали в доме стол.

А сейчас в окно увидят

и кричат: “Ты чё пришёл?”

Мэту візіту мы, канечне, патлумачылі, адначасова пацікавіліся, чым сённяшні вясковы ўклад адрозніваецца ад ранейшага.

– Калісь было шмат людзей, лічыце, паўвёскі сваякоў. І жылі адпаведна, як родныя. Святы – разам, праца – разам. Ніякіх падзелаў не было, дапамагалі адзін аднаму. А потым паціху пачалі аднавяскоўцы сыходзіць: хто ў горад, хто на могілкі, – адказалі Іван Міхайлавіч і Раіса Васільеўна, а затым падзяліліся сваімі назіраннямі. – Раней людзі імкнуліся ў горад, бацькі дабра дзецям жадалі, каб вучыліся, лягчэй жылі. Таму і ехала моладзь у горад, дзе сем’і стварала, працу атрымоўвала. Ды вось, здаецца, адбыліся змены: цяпер нярэдка наадварот з горада, які стаў заасфальтаваным мурашнікам, збягаюць. У вёсцы паветра свежае, цішыня, птушкі спяваюць, кветкі цвітуць. Што яшчэ трэба, каб быць шчаслівым?

Пытанне рытарычнае. Кожны на яго мае свой адказ. У Адамукоў ён такі.

Хто ў хаце камандзір?

Калі Адамукі жывуць у бацькоўскім доме, дык Марыя Блаха – у дзедаўскім, пабудаваным век таму Варфаламеем Адамуком. Дзядуля жыў на хутары, а як сталі перасяляць хутаран у вёску, добры гаспадар перехаў сам і хату перавёз.

– Я ў ёй і нарадзілася, – расказвае Марыя Васільеўна. – Дзяцінства мне дасталося цяжкае, сірочае. Маці мая Сцепаніда Варфаламееўна рана аўдавела, і я, зусім маладзенькая, каб сям’і дапамагчы, пайшла на працу. Больш за чвэрць стагоддзя шчыравала на Брэцкім электрамеханічным заводзе, ды ў дзевяностыя матуля моцна захварэла, вось і прыйшлося вярнуцца да смерці яе даглядаць… Яна мяне сустракала, а я яе праводзіла…

Адчуўшы журботныя матывы ў словах жонкі, да размовы падключыўся муж Георгій Чыліевіч, для якога Целякі сталі блізкімі пасля сустрэчы з Марыяй.

– Я сам родам з Камянецкага раёна. Пазнаёміліся мы ў Брэсце. Я нават прадставіўся: “Ёсць тры Ільічы: Ленін, Брэжнеў ды я”. Працаваў на заводзе майстрам, а Марыя ўладкавалася ў мой цэх ліцейшчыцай. Тады я быў за камандзіра, а зараз ужо яна адыгрываецца напоўніцу!.. Каля дваццаці гадоў я стараста вёскі, а вунь – мой сакратар.

Пры гэтым Георгій Ільіч засмяяўся, зірнуўшы на Марыю Васільеўну. Тая толькі пасміхнулася на мужаў жарт ды, махнуўшы рукою, рушыла паглядзець, ці парадак на градках.

Не, са сваімі абавязкамі вясковы стараста спраўляецца і без “сакратара”. Ён назірае за парадкам на падворках, спрабуе па магчымасці вырашаць пытанні, што хвалююць целякоўцаў.

“Еду сюды з душой”

Усе без выключэння жыхары, з кім давялося паразмаўляць, дзяліліся сваім захапленнем ад вёскі, дзе яны жывуць у гармоніі з сабою і прыродай.

Мабыць, найбольш выразна свае адносіны да роднага куточка выказала Таццяна Кучко (у дзявоцтве – Нікалаюк). Цяпер яна жыве ў Жабінцы, але вельмі часта, асабліва ў цёплую пару года, бывае на бацькоўскай сялібе, дзе трымае багаты агарод.

– Гэта мая сапраўдная радзіма, я еду сюды з душой, – прызнаецца Таццяна Васільеўна. – Тут, у Целяках, я і пачатковыя класы скончыла. Бывала, як пачуеш, што званочак кліча на ўрок, – бяжыш у сваю школку, што месцілася праз хату. Даўно ўжо не гучыць у вёсачцы той званок, ды і дзіцячых галасоў амаль няма, ды памяць пра мінулае застаецца і сэрца грэе. Па сярэднюю адукацыю давялося хадзіць за тры кіламетры ў Азяты. На жаль, і Азяцкай школы ўжо няма. У наступным годзе будзе паўвека, як мы яе скончылі. Я добра памятаю і вельмі паважаю сваіх настаўнікаў, у тым ліку і вашых бацькоў Вольгу Рыгораўну і Расціслава Мацвеевіча Бензерукоў. Яны ж нам прывівалі не толькі любоў да мовы і літаратуры, галоўнае – вучылі асноўнай жыццёвай навуцы, што ва ўсіх выпадках трэба заставацца людзьмі. Вялікі дзякуй ім за тое.

Прыхапіўшы тую падзяку, рухаемся далей маршрутам журналісцкага праекта “Взгляд” у пошуках чарговых кропак на карце Жабінкаўскага раёна. Наступным разам працягваем знаёмства з населенымі пунктамі Азяцкага сельсавета. А вось дакладны адрас, куды накіруюцца рэдакцыйныя “Жыгулі”, пакуль пакінем у сакрэце, захаваем маленькую інтрыгу.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота аўтара і з сямейнага архіва Адамукоў

Popularity: 1%

ЧЫЖЭЎШЧЫНА: самая доўгая вёска Жабінкаўскага раёна

Другога такога працяглага населенага пункта, як Чыжэўшчына, на Жабінкаўшчыне няма. Аднак так стала толькі 55 гадоў назад, калі да Чыжэўшчыны далучылі яшчэ два паселішчы – Крупчыцы і Рыкавічы. У выніку ўтварылася адна вялікая вёска. Зараз яна пачынаецца ад хуткаснай шашы Брэст – Мінск – граніца Расійскай Федэрацыі і павольна цягнецца на поўдзень ажно на пяць кіламетраў. На такой адлегласці рэдакцыйнаму «жыгулёнку» давялося нямала папрацаваць, каб даставіць журналіста «Жабінкі актуальна» па адрасах, якія падказала колішняя вясковая стараста Тамара Гацялюк. Са сваёй пасады Тамара Міхайлаўна пайшла ў гэтым маі, яна цудоўна ведае жыхароў самай працяглай кропкі на карце Жабінкаўскага раёна. Было вырашана акінуць праектам «Взгляд» усе часткі вёскі, пабываць не толькі ў гістарычнай Чыжэўшчыне, але і ў былых Рыкавічах і Крупчыцах: цікава даведацца і пра мінулае сяла, і пра сённяшні дзень яго жыхароў.

«Я з сапраўднай Чыжэўшчыны»

Такімі словамі нас сустрэў адзін са старэйшых жыхароў Іван Максімук. Іван Аляксеевіч – аднагодак Жабінкаўшчыны. Ён нарадзіўся нават на тыдзень раней, чым 15 студзеня 1940 года быў створаны раён. І раёну, і старажылу па 85! А вось хата, дзе жыве Максімук, мае значна большы век. Хоць зараз дом абкладзены цэглай, аднак збудаваны ажно ў 1915 годзе. Вось вам яшчэ адзін юбіляр!

Гаспадар дома на Цэнтральнай — равеснік раёна, а хата яшчэ старэйшая.

– Адразу пасля вайны ў Чыжэўшчыне засталося толькі чатыры хаты, – успамінае Іван Аляксеевіч. – Цяжка было тады жыць, многія выязджалі на заробкі. Як мне споўнілася сямнаццаць, і я паехаў на Данбас у шахты, папрацаваў і на электрастанцыі. А як адслужыў на флоце, вярнуўся 1962-м дамоў.

Быў час, калі ў гэтым кутку раёна шырока разгарнулася асушэнне забалочаных зямель, таму Іван Максімук уладкаваўся ў меліярацыю, узначальваў Жабінкаўскі эксплуатацыйны ўчастак асушальных сістэм, а затым на працягу амаль двух дзясяткаў гадоў Іван Аляксеевіч прысвяціў службе ў праваахоўных органах. На пенсію выйшаў у 1992 годзе ў званні капітана міліцыі.

Пра сённяшняе жыццё ён гаворыць з захапленнем:

– Раней пра камунізм марылі. Дык вось ён зараз і наступіў. Як нешта табе трэба – заўсёды аўтамагазін прывязе, заказ прыме і хутка выканае. Жыві, працуй, галоўнае, гарэлку не пі, ад яе многа бяды нават для разумнай галавы.

Хобі гаспадыні дома з пальмамі

Цэнтральная частка вёскі раней мела назву Крупчыцы, якую можна адшукаць на старадаўніх картах XVIII – ХІХ стагоддзяў. Той, хто захапляецца гісторыяй Беларусі, цудоўна ведае пра падзеі, якія адбыліся тут 17 верасня 1794 года. У знакамітай Крупчыцкай бітве змагаліся войскі расійскага генерал-аншэфа Аляксандра Суворава і паўстанцы, якіх вёў у бой генерал-маёр Караль Серакоўскі. У памяць пра тую падзею ў цэнтры вёскі былі пабудаваны Свята-Уладзімірскі («Сувораўскі») храм і мемарыяльная капліца з пералікам палкоў, што біліся на вялікім крупчыцкім полі.

Адносна недалёка, у завулку Тупіковым, жыве яшчэ адна наша гераіня – Валянціна Самуілаўна. Яе хату пазнаць лёгка: ля веснічак стаяць… пальмы. Не, не сапраўдныя, штучныя, але зробленыя з любоўю працавітымі рукамі. Гаспадыня гэтага двара таксама носіць прозвішча Максімук (аднак Івану Аляксеевічу яна не сваячка).

Стварае прыгажосць Валянціна Максімук.

Яна сцвярджае: віною таму, што зніклі назвы Рыкавічы і Крупчыцы, стала эксперыментальная чыжэўшчынская ферма, куды не раз прыязджалі кіраўнік краіны Пётр Машэраў ды іншыя дэлегацыі, бывалі нават замежныя госці. Вось і вырашылі ў 1970 годзе аб’яднаць тры вёскі ў адну. Хоць рыкавіцкія жыхары доўга яшчэ не маглі прыняць новую назву. Ды з часам прывыклі, хоць памятаюць, дзе межы ранейшых паселішчаў.

– Чалавек жа да ўсяго прызвычайваецца, – заўважае суразмоўніца, – калісь нельга было ўявіць, каб рагулі не стаяла ў хляве. На пашу гналі вялізны статак. Цяпер жа хутка дажывем – будуць дзецям карову, як дыназаўра, на карцінках паказваць. Аднак калі ўспомніш, як раней цяжка працавалі, тут і падумеш: жывеш, як у раі, што яшчэ трэба?

У бабулі Валі шмат захапленняў. Рукі без справы не сумуюць, таму і на сценах яе жылля – мноства карцін, зробленых з пазлаў ды мазаікі.

– А чым займацца, асабліва доўгімі зімнімі вечарамі? Уключу лямпу і збіраю, збіраю… Трэба, каб рукі нейкую справу мелі, – разважліва гаворыць гаспадыня доміка з пальмамі.

Усё, што яна робіць, радуе не толькі Валянціну Самуілаўну, але і шматлікіх яе родных, якія не прамінаюць наведаць жанчыну. Тым больш што ўсе дзеці (дочкі Святлана, Тамара ды сын Валерый) жывуць у той жа вёсцы. Наша суразмоўца ўжо размяняла дзявяты дзясятак. У вялікай сям’і акрамя дзяцей, сем унукаў і 17 праўнукаў!

– А вось як дажыву да канца жніўня, стану зусім багатая! – заўсміхалася Валянціна Максімук. – Чаму багатая? Бо прапраўнука змагу ўбачыць і пагушкаць… Гэта старэйшы праўнук Стасік, Станіслаў, са сваёй Ірынай усім нам такі падарунак рыхтуюць. Ох, і будзем святкаваць!

Пажадалі жанчыне шчасця і доўгіх гадоў сярод людзей, якія яе любяць і шануюць, а затым рушылі бліжэй да аўтастрады, у дом №2 на вуліцы Цэнтральнай.

Выпечка – пальчыкі абліжаш!

Ад хаты, дзе жыве Іван Максімук, да дома Марыі Карпінчык амаль пяць кіламетраў. Марыя Андрэеўна таксама равесніца нашага раёна, нарадзілася ў сакавіку 1940-га на Пружаншчыне. У Рыкавічах яна апынулася амаль семдзесят гадоў таму, калі выйшла замуж за мясцовага хлопца Уладзіміра.

Жанчына таксама згадвае, як нялёгка жыхарам гэтай часткі сучаснай Чыжэўшчыны было прыняць, што няма ўжо на карце іх Рыкавічаў.

– Доўга такое было: просіш білет у Брэсце да Чыжэўшчыны – нават касір не ведае, а як скажаш, што да Рыкавіч трэба, адразу разумеюць. Цяпер, вядома, новае пакаленне ўжо наадварот старую назву забыла, а нам яе ўвесь век помніць.

З мужам Уладзімірам Ануфрыевічам Марыя Андрэеўна пражыла душа ў душу. Нарадзілі трох дзяцей – Міхаіла, Наталлю і Генадзя. Усе, як ў народзе кажуць, выйшлі ў людзі, старэйшы сын узначальвае вельмі прадстаўнічую айчынную кампанію.

Пра сваіх дзяцей, шэсць унукаў і восем праўнукаў бабуля Марыя гаворыць з асаблівай цеплынёй. Яе нашчадкі, асабліва дачка Наталля, што даглядае маці, цяпер успамінаюць з пяшчотай смачную выпечку.

Марыя Карпінчык (справа) з дачкой Наталляй і праўнукамі.

Кулінарныя вырабы Марыі Карпінчык не аднойчы ўпрыгожвалі выставы, удзельнічалі ў конкурсах. Такую прыгажосць нават есці было няёмка – настолькі з густам умела жанчына сервіраваць стол і напоўніць яго смакатой.

Пякла яна і караваі, як некалі гэтыя шэдэўры стварала знакамітая каравайніца Соф’я Карась. Менавіта ў Баранцы, дзе калісь жыла Соф’я Рыгораўна, рэдакцыйная машына накіруецца ў наступны раз.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота аўтара

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav

Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.

Popularity: 1%