
Жабінкаўскі і “Жабінкаўскі” – аднолькавае імя. Толькі пад першай назвай разумеем цэлы раён, а другое азначае перадавую гаспадарку, размешчаную ў самым цэнтры Жабінкаўшчыны. Свае абшары адкрытае акцыянернае таварыства, як белакрылы бусел, што кружаліць над пожнямі, раскінула ад Брэсцкага да Кобрынскага раёнаў.
Тут больш за дзве сотні рупліўцаў, і кожнаму вядома: калі ты з ААТ “Жабінкаўскі” – працуй якасна, шчыруй на ферме і зямлі, нясі высока гордае імя, сугучнае з родным раёнам! Прыкметныя змены адбыліся пасля 2018 года, калі на своеасаблівы капітанскі мосцік гаспадаркі ўзняўся Міхаіл Вячорка. Ужо па выніках наступнага сезона “жабінкаўцы” апынуліся не толькі на раённай, але і абласной Дошцы гонару! І гэта было, вядома, толькі пачаткам, а зараз – пра сённяшні дзень, напоўнены руплівай працай аграрыяў.
Ля возера – не да адпачынку
У спякоту цягне да вадаёмаў, каб крыху ахаладзіцца. Аднак на полі каля возера Візжар няма часу для адпачынку: у механізатараў таксама гарачая пара. Яны шчыруюць на нарыхтоўцы сенажу першага ўкосу. Сярод працаўнікоў – перадавік Вячаслаў Пясецкі, які адвозіць вяленую масу на блізкую ферму “Рачкі”.

На яго машыне пазначана “СЛАВА” – адразу і не ўцяміш: гэта памяншальнае імя вадзіцеля альбо паўсядзённае яго жаданне выконваць сваю справу на славу.
Зусім нездарма імя перадавіка з ААТ “Жабінкаўскі” сёлета, у Год якасці, занесена на Дошку гонару Жабінкаўскага раёна. Працаваць адказна і якасна – даўняе крэда Вячаслава Аляксандравіча, чыё імя шырока вядома чытачам “Сельскай праўды”. Напрыклад, на мінулым жніве ён адзіны ў раёне намалаціў на сваім камбайне больш за 2000 тон. Як пра такое не згадаць у раёнцы? Вось і дачакалася слава Вячаслава, ці правільней сказаць – ён сам яе старанна набліжаў сваёй руплівай працай.
Аднак не толькі ў полі, але і на ферме гартуецца агульны дабрабыт гаспадаркі і яе работнікаў. У мінулым годзе медаль “За працоўныя заслугі” атрымала аператар машыннага даення Марыя Чарэўка.
Некалі дырэктар гаспадаркі Міхаіл Вячорка прызнаваўся:
– Калі шчыра казаць, кожная лічба, кожны паказчык дастаецца вялікімі намаганнямі і шчырай працай кожнага нашага работніка як у жывёлагадоўлі, так і ў раслінаводстве.
Пагружэнне ў “магію” лічбаў
А хто лепш за галоўнага эканаміста Віктара Валасюка сухой мовай лічбаў можа абмаляваць стан гаспадаркі? Пытанне рытарычнае. А вось і практычнае
– Віктар Іванавіч, давайце крыху пагрузімся ў “магію” лічбаў, каб трошку даведацца, як працуецца ў “Жабінкаўскім”.
Паказчыкі за чатыры месяцы года задавальняюць: гаспадарка атрымала валавай прадукцыі 110 працэнтаў у параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам. Надоі склалі 4858 тон (прырост склаў 460 тон да леташняга), удой на рагулю таксама ў добрым плюсе і перавысіў 2600 кілаграмаў. Таварнасць малака ў “Жабінкаўскім”, зноў жа, найлепшая на Жабінкаўшчыне, прычым сортам “Экстра” прададзена больш за 99 адсоткаў.
У мінулым годзе зерня з улікам кукурузы атрымана больш за 10 тысяч тон – гэта вельмі важкі ўнёсак у дажыначны каравай раёна. Таму па-сапраўднаму парадавалі вынікі леташняга жніва. Падчас уборачнай аграрыі з ААТ “Жабінкаўскі” працавалі – сіл сваіх не шкадавалі. За тое і пашану атрымалі: другое месца ў раёне. Хоць прызнаюцца, заўсёды імкнуцца заняць вышэйшы радок.
Летась вызначыўся і іх дырэктар. Міхаіл Мікалаевіч атрымаў Ганаровую грамату Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, а затым урачыста абвешчаны лепшым кіраўніком года з уручэннем дыплома ад аграпрамысловага саюза.
Аднак нездарма кажуць у народзе: “Не хлебам адзіным жыве чалавек”. У адкрытым акцыянерным таварыстве аддаюць належнае дабрачыннасці. Гаспадарка не толькі аказвае спонсарскую дапамогу навучальным установам (Кобрынскаму прытулку, школе-інтэрнату і карэкцыйнаму цэнтру ў Жабінцы), але і апякуе вучняў ды выхаванцаў Якаўчыцкай школы і дзіцячага сада. Нездарма “жабінкаўцы” займелі ўзнагароды ад Фонду міру.
…На змену вясне завітала лета – асаблівая пара для хлебаробаў. Ну а вучні нарэшце дачакаліся канікулаў. Для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія да верасня развіталіся са школай, лета – галоўны падарунак.
І ўсё ж як добра мець у дадатак да прыемных імгненняў, на якія багаты чэрвень, ліпень, жнівень, яшчэ і каштоўны сюрпрыз за старанную вучобу. Яго штогод атрымліваюць дзеці работнікаў гаспадаркі.
Можа, хутка міне час, і яны працягнуць сямейныя працоўныя дынастыі ў адвеку земляробным краі.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%