Гарантаваць харчовую бяспеку краіны – галоўная задача, якая стаіць у час жніва перад аграрыямі. Гэта цудоўна разумеюць у сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве “АграАзяты”, дзе насуперак капрызам надвор’я актыўна праходзіць уборачная кампанія.
Як паведаміў галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Зінкевіч, у планах гэтага года аператыўна прыбраць 1752 гектары зерневых і зернебабовых (без рапсу). Таму максімальна выкарыстоўваецца кожны гожы дзень, літаральна кожная хвіліна. У выніку на раніцу аўторка 29 ліпеня ўжо было ўбрана 618 гектараў, або 35 працэнтаў ад намечанага.

На жніве задзейснены пяць камбайнаў, якімі кіруюць выключна вопытныя хлебаробы. Сярод тых, хто штогод паказвае высокі клас, – экіпаж у складзе камбайнера Віктара Петрыка і яго памочніка Сяргея Андрасюка (на здымку). Віктар Васільевіч і Сяргей Іванавіч – неаднаразовыя пераможцы спаборніцтва на жніве ў раёне. Аднак кожная ўборачная – асаблівы і непаўторны экзамен, які даводзіцца зноў і зноў здаваць працаўнікам сяла. І гэта ў Віктара Петрыка і Сяргея Андрасюка атрымоўваецца на выдатна. У суботу, 26 ліпеня, яны намалацілі тысячу тон (з улікам рапсу), а ў нядзелю яшчэ адзін азяцкі перадавы экіпаж у складзе Сямёна Салаўёва і Дзмітрыя Маркевіча адолеў гэтую пачэсную планку. Жніво працягваецца. Таму пажадаем яго героям не спыняцца на дасягнутым, радаваць нас прыбраным золатам палёў, каб іх імёны ў чарговы раз прагучалі сярод найлепшых работнікаў АПК на святочных “Дажынках”.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
