Народны майстар Беларусі па саломапляценні Ірына Коваль з Жабінкі другі раз прыняла ўдзел у выставе «Мая Беларусь»

Народны майстар Беларусі па саломапляценні Ірына Коваль з Жабінкі лічыць вялікім гонарам прымаць удзел у выставе дасягненняў суверэннай Беларусі “Мая Беларусь”. Летась яе ўпершыню запрасілі ў сталіцу з майстар-класамі па саломапляценні, а нядаўна Ірына Міхайлаўна атрымала чарговае запрашэнне.

Ірына Коваль годна прадставіла на экспазіцыі, што ладзіцца ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры “БелЭкспа”, не толькі Жабінкаўшчыну, але і Брэстчыну. Таленавітая майстрыха разам з навучэнкамі аб’яднання па інтарэсах “Чароўная саломка” Дар’яй Белахвост, Палінай Кобец, Ангелінай Плытнік і Дар’яй Цабар прадэманстравалі свае цудоўныя саламяныя вырабы, калекцыю галаўных убораў “Радзіма vibe”, а яшчэ Ірына Коваль правяла майстар-класы па стварэнні навагодніх сняжынак з саломы.

– На маё здзіўленне, яны зацікавілі больш дарослых, чым дзяцей. Жанчыны і мужчыны падыходзілі, распытвалі пра нашы саламяныя вырабы, а потым спрабавалі самі зрабіць цуд-сняжынку з “жоўтага золата”. Дарэчы, тэхніка яе стварэння проста захапляльная: не адарвацца. Працэс так зацягвае, што можна апомніцца на пятай сняжынцы, – з усмешкай кажа Ірына Коваль.

Выстава “Мая Беларусь” не толькі знаёміць з перадавымі дасягненнямі нашай краіны ў розных галінах эканомікі, але і дапамагае здзейсніць віртуальныя падарожжы ў кожны з рэгіёнаў Беларусі, далучыцца да традыцый, папулярызуе народныя рамёствы і промыслы. Экспазіцыя звязвае сучаснае і мінулае, выклікае павышаную ўвагу да народнай культуры, спрыяе развіццю розных відаў турызму ў Беларусі: экалагічнага, гісторыка-культурнага, прамысловага ды іншых.

Напрыклад, у тэматычнай зоне Брэсцкай вобласці былі прадстаўлены лакацыі, прысвечаныя Брэсцкай крэпасці-герою, Хаваншчыне, Рэспубліканскаму цэнтру патрыятычнага выхавання моладзі. Таксама ў экспазіцыі ўдзельнічалі Парк жывёл горада Баранавічы, прадпрыемствы “Граніт” і “Савушкін прадукт”. Па словах Ірыны Коваль, наведвальнікі цікавіліся, дзе знаходзіцца мемарыяльны комплекс “Хаваншчына”, каб з’ездзіць туды летам. Усіх уразіў партызанскі Дзед Мароз і сувязная баба Зоя, якая цудоўна спявала ды ўсіх запрашала да спеваў і карагодаў вакол партызанскай ялінкі. На ёй разам з самаробнымі цацкамі былі размешчаны пісьмы хлопчыкаў і дзяўчынак з Брэсцкай вобласці з пажаданнямі, што б яны хацелі атрымаць у падарунак на Новы год. Дарэчы, у кожнага дарослага быў шанц пераўвасобіцца ў добрага чараўніка і ажыццявіць чыю-небудзь мару. Напрыклад, дзяўчынка з Камянецкага раёна пажадала займець сабачку-шпіца, і яе мару здзейсніў старшыня Баранавіцкага гарвыканкама Максім Антанюк, які калісьці працаваў у Жабінцы.

Кожная вобласць нашай краіны прадставіла на выставе “Мая Беларусь” адмысловыя выцінанкі. Як расказала Ірына Коваль, выцінанка як від мастацтва ў 2024 годзе была ўключана ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. У сталічнай экспазіцыі ў “БелЭкспа” фіранкі ў тэхніцы выцінанкі стваралі незвычайны эфект лёгкасці, чараўніцтва, казачнасці.

– Калі б мяне папрасілі апісаць выставу “Мая Беларусь” трыма словамі, я б сказала, што яна каларытная, самабытная і непаўторная. Нават калі параўноўваць з мінулым годам, усё тут па-іншаму. Іншая канцэпцыя экспазіцыі, размяшчэнне разнастайных лакацый. Кожны дзень можна ўбачыць нешта новае, даведацца шмат цікавага пра рэгіёны Беларусі, пра турыстычныя кропкі на карце нашай краіны. І ўсё абсалютна бясплатна, – падзялілася ўражаннямі Ірына Міхайлаўна.

У захапленні ад экспазіцыі засталіся і навучэнкі народнага майстра, якія выступалі ў ролі мадэляў. Дзяўчаты жартавалі, што іх прымалі за частку выставы, з імі многія хацелі сфатаграфавацца.

– Дзве Дашы, Ангеліна і Паліна пачулі столькі кампліментаў у свой адрас, і гэта цалкам заслужана. Непаўторныя саламяныя вянкі падкрэсліваюць іх прыродную прыгажосць і вытанчанасць, а сукенкі, аздобленыя хусткамі і нацыянальнымі ўзорамі, дапаўняюць вобразы Беларусі.

Ангеліну Плытнік – адну з мадэляў, што дэманстравала калекцыю “Радзіма vibe”, на выставе ў Мінску ўразіла інсталяцыя “Поры года” і прадстаўнікі Парку жывёл (асабліва дружалюбны сурыкат Чуня).

Дзяўчаты разам са сваім педагогам Ірынай Коваль раяць кожнаму пабываць на выставе “Мая Беларусь” у Мінску. Яна будзе працаваць па 23 лютага. Мне ўжо хочацца як мага хутчэй акунуцца ў свет дасягненняў нашай Радзімы. А вам?

Наталля КАВЯРГОВІЧ

Фота з архіва Ірыны КОВАЛЬ

Popularity: 1%