Тут кажуць: “Азяты – добрае сяло, дый Старое Сяло – нягоршае”. Асабліва гэтыя даброты сталі адчувальнымі, як мясцовая гаспадарка “АграАзяты” далучылася да Брэсцкага мясакамбіната. Людзі працуюць і задавальненне ад працы маюць, у тым ліку і матэрыяльнае. Аднак галоўнае – шчыруюць на роднай зямлі з любоўю, атрымліваючы радасць, нават асалоду ад працы, якая прыносіць салідныя вынікі.
Адсюль і настрой узнёслы і ў кіраўніка Святаслава Аляшкевіча, і ў яго працаўнікоў, бо вынікі іх працы відавочныя.
– За апошнія гады набылі больш за тры дзясяткі адзінак новай тэхнікі і абсталявання, але ж галоўнае, чым ганарымся, пра што клапоцімся – гэта нашы ветэраны і працаўнікі, многія з іх сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы. У тым, лічу, галоўная прычына нашай паспяховасці, – перакананы Святаслаў Уладзіміравіч.
Дырэктар гаворыць разважліва, нетаропка, хоць адчуваецца – задаволены сваімі работнікамі і вынікамі, якія ім атрымалася дасягнуць. Таму і зарабляюць у “АграАзятах” вельмі прыстойна. Львіную частку прыбытку гаспадарцы прыносіць жывёлагадоўля. За дзесяць месяцаў валавая вытворчасць малака склала 4346 тон, або +505 тон у параўнанні з адпаведным леташнім паказчыкам. Амаль чатыры тысячы тон прададзена дзяржаве (таксама з салідным павелічэннем, калі зірнуць на мінулагоднія паказчыкі).
Да размовы далучаецца галоўны аграном Сяргей Зінкевіч. Па яго словах, раслінаводчая галіна, нягледзячы на неспрыяльнае спякотнае лета, таксама не падвяла: ураджай зерневых і зернебабовых культур дасягнуў леташняга ўзроўню. Гэта дазволіла аграрыям дадаць свой годны ўнёсак у дажыначны каравай. За тое можна да зямлі пакланіцца хлебаробам, якія вызначыліся самаадданай працай. З некаторымі сустрэліся, каб павіншаваць асабіста.
На календары святочны дзень, і ўсё ж перадавіка Сяргея Андрасюка знаходзім у полі. Карэнны азятчук больш за трыццаць год за рулём трактара, яго ўмелым рукам падуладны ўсякія земляробчыя справы. На сяўбе, падрыхтоўцы глебы, жніве – паўсюль Сяргей Іванавіч у лідарах. Механізатар заўсёды на добрым рахунку, на мехдвары і на палетках ён заўжды ў добрым настроі.
Не першы год (гэта быццам традыцыя такая!) не толькі Сяргей Андрасюк, але і Віктар Петрык вызначаюцца на ўборцы ўраджаю як лепшыя ў раёне. Яшчэ ў 1996 годзе Віктар Васільевіч знайшоў у Азятах сваю другую радзіму. Пераехаў сюды з Украіны, пусціў карані ў беларускай зямлі. Жонка Валянціна Іванаўна ўладкавалася даяркай, ён – механізатарам. Любоў да сельскай гаспадаркі бацькі беражліва перадалі дачцэ, якая працуе ў суседнім сельгаставарыстве.
Яшчэ адзін наш герой Міхаіл Савіч сёлета адзначае працоўны юбілей – 30 год таму ён прыйшоў на працу ў “АграАзяты”. У яго з Марынай Анатольеўнай таксама склалася сям’я, дзе ён – трактарыст, а яна – аператар машыннага даення. Да таго ж сям’я інтэрнацыянальная: Міхаіл – карэнны жыхар, а Марына – расіянка, якая знайшла шчасце ў Азятах. Іх сярэдні сын Дзмітрый ідзе бацькоўскай дарогай, узняўся нават вышэй, закончыў універсітэт і працуе цяпер аграномам-аграхімікам.
Сапраўды з такімі людзьмі ў “АграАзятах” радасці і дасягненняў яшчэ на цэлы век будзе багата!
Анатоль РОСТАЎ, фота аўтара
Popularity: 1%