У другой гарадской школе стала традыцыяй праводзіць цікавыя сустрэчы з людзьмі, якія дабіліся вышыняў у розных сферах. Апошняя такая сустрэча адбылася з дзесяцікласнікам Максімам Жураўлёвым — майстрам спорту Рэспублікі Беларусь па боксе, шматлікім чэмпіёнам міжнародных турніраў, сёлетнім удзельнікам чэмпіянату Еўропы.
Максім з першых хвілін выступлення змог захапіць трэцякласнікаў сваім любімым відам спорту. Баксёр адзначыў, што ён мае ўнікальную магчымасць зай-мацца на алімпійскіх аб’ектах, дзе для спартсменаў створаны добрыя ўмовы, прадастаўляецца выдатная экіпіроўка. “Каб стаць чэмпіёнам, трэба шмат трэніравацца і верыць у сябе. Асабліва неабходна верыць у будучае чэмпіёнства бацькам. Так, будуць няўдачы, магчыма, і траўмы. Аднак трэба падтрымліваць маленькага спартсмена. Вера блізкіх і твае сілы заўжды на баку перамог, — падзяліўся вопытам Максім Жураўлёў. — Для гэтага неабходна добра вучыцца, каб быць выдатнікам і на рынгу. Трэба працаваць над сабой 24 гадзіны ў суткі і паспяваць усюды: і ў школе, і на трэніроўках”.
Хлопчыкі і дзяўчынкі вельмі ўважліва слухалі юнака і з задавальненнем задавалі яму пытанні. Напрыклад, дзяцей цікавіла, як навучыцца не баяцца. Максім параіў: “Я выходжу на рынг і дагэтуль мне крыху страшна. Аднак баяцца не трэба. Неабходна навучыцца кіраваць сваім страхам — толькі так можна стаць чэмпіёнам”. А самае арыгінальнае пытанне, якое выклікала асаблівыя эмоцыі ў госця: “Якая твая мэта ў жыцці?” Максім, не задумваючыся, імгненна адказаў: “Алімпійскія гульні-2024 і перамога ў іх!”
Наталля УРБАН
Popularity: 1%























