Валейбольны турнір памяці Васіля Дудара

Сёлета 15 лютага споўніўся 31 год вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Гэта памятная дата, якая нікога не пакідае раўнадушным, гэта годна выкананы перад Радзімай доўг. Афганскую вайну прайшлі больш за 620 тысяч ваеннаслужачых. Адным з іх быў Васіль Міхайлавіч Дудар, старшы лейтэнант, камандзір разведузвода ў Рэспубліцы Афганістан з лютага 1983 года. Ён неаднаразова прымаў удзел у баявых аперацыях. 29 верасня 1983-га ў час бою, будучы цяжка параненым, падпоўз да дома, з якога вялі кулямётны агонь, што перашкаджаў рухацца ўперад, і закідаў яго гранатамі. У гэтым баі ён загінуў, але забяспечыў магчымасць разведчыкам дайсці да кішлака і блакіраваць выхад з яго. За мужнасць і адвагу Васіль Дудар узнагароджаны пасмяротна ордэнам Чырвонага Сцяга. Пахаваны ў Арэпічах.
Амаль у кожным населеным пункце нашай краіны ёсць вуліцы, вучэбныя ўстановы, воінскія часці, названыя ў гонар воінаў-інтэрнацыяналістаў, іх імёны ўвекавечаны на абелісках і помніках. У Крыўлянскай сярэдняй школе піянерская дружына носіць імя Васіля Дудара.
Напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў ва ўстанове кожны год праходзіць турнір па валейболе, прысвечаны Васілю Дудару. 15 лютага ў шаснаццаты раз сабраліся навучэнцы школ раёна: Крыўлянскай, Ленінскай, першай і другой гарадскіх адзінаццацігодак. Змагаліся дзяўчаты. Ва ўпартай барацьбе перамагла каманда сярэдняй школы № 1, другое месца занялі прадстаўнікі Ленінскай СШ, трэцяе — СШ № 2.
Дырэктар Крыўлянскай школы Аляксандр Казюра ўзнагародзіў каманды дыпломамі і салодкімі прызамі. На валейбольным турніры прысутнічаў першы сакратар РК ГА “БРСМ” Яўген Мацюшын. Ён павіншаваў каманду-пераможцу і ўручыў ёй торт. Лепшыя гульцы спаборніцтваў атрымалі памятныя падарункі і дыпломы. Імі прызнаны Кацярына Кабаева з Крыўлянскай школы, Ганна Білека з Ленінскай, Алена Кавярэц з СШ № 1 і Анастасія Нябогава з другой адзінаццацігодкі.
Інеса БУЗА, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Крыўлянскай сярэдняй школы
На здымку: каманда-пераможца СШ № 1.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.