Адзін дзень без аўтамабіля

У мінулую суботу, 21 верасня, у Жабінцы адбыўся веласіпедны фестываль, прымеркаваны да Еўрапейскага тыдня мабільнасці і экалагічнай акцыі “Дзень без аўтамабіля”. Яго ініцыявалі раённы выканаўчы камітэт, раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, АДАІ Жабінкаўскага РАУС, РК ГА “БРСМ”, раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, Жабінкаўскія раённыя цэнтралізаваныя клубная і бібліятэчная сістэмы.

Фестываль сабраў тых, хто любіць свой горад, клапоціцца аб чысціні навакольнага асяроддзя і вядзе здаровы лад жыцця. Актыўны ўдзел у ім прынялі вучні і педагогі першай і трэцяй гарадскіх школ.
Падчас урачыстага адкрыцця мерапрыемства яго вядучая загадчык дзіцячага сектара ГДК Яна Макасюк расказала, што заснавальнікам Еўрапейскага тыдня мабіль-насці выступае асацыяцыя, якая аб’ядноўвае больш за 40 краін. Беларусь не засталася ўбаку і таксама далучылася да экалагічнага руху. Сёлета тыдзень праходзіць пад дэвізам “Ідзём з намі!” Мэта акцыі — прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем залішняй колькасці аўтамабільнага транспарту і забруджвання паветра. Уладальнікам аўтамабіляў прапаноўваецца на адзін дзень адмовіцца ад асабістых транспартных сродкаў і перасесці на веласіпед ці аддаць перавагу пешаходнай прагулцы.
Далей вядучая запрасіла ўдзельнікаў фестывалю наведаць інфармацыйна-забаўляльныя пляцоўкі і паўдзельнічаць у гульнях, конкурсах і віктарынах. Майстэрства валодання двухколым транспартам жадаючыя прадэманстравалі падчас конкурсу “Фігурная язда на веласіпедзе”. Беспамылкова пераадолелі падрыхтаваную трасу і атрымалі прызы ад в.а. першага сакратара РК ГА “БРСМ” Яўгена Мацюшына вучань першай гарадской школы Марк Анкіновіч і навучэнцы сярэдняй школы № 3 Максім Ляхаў, Марыя Маслоўская і Мікалай Касянюк.
Цікава прайшла квэст-гульня “Ведай правілы руху як табліцу множання”. Яе ўдзельнікі хутка і правільна спраўляліся з заданнямі, якія падрыхтавалі начальнік АДАІ АУС Жабінкаўскага райвыканкама Віталь Ячнік, мастацкі кіраўнік ГДК Вольга Чэрнік і вядучая. Дзеці складвалі дарожныя знакі з пазлаў, вызначалі правільныя і няправільныя, тлумачылі знакі рэгуліроўшчыка і з задавальненнем удзельнічалі ў вясёлай эстафеце. Усе юныя знаўцы правілаў дарожнага руху атрымалі ў падарунак флікеры.
Затым з гарадской плошчы ўсе перамясціліся ў фае ГДК, дзе бібліятэкары Алеся Рамановіч і Ніна Гарустовіч правялі для ўдзельнікаў мерапрыемства віктарыну “Здаровы лад жыцця”. Пытанні тычыліся фізічнай актыўнасці, правільнага харчавання, гігіены, спар-тыўных святаў і іншага. Самыя актыўныя атрымалі салодкія прызы.
На жаль, запланаваны велазаезд, які павінен быў прайсці ў гарадскім парку, не адбыўся: яму перашкодзіла дажджлівае ветранае надвор’е, але настрой удзельнікам фестывалю не сапсавала. Цікавыя конкурсы падарылі хвіліны радасці, пазітыў і незабыўныя эмоцыі.
Алёна НІКАНЧУК
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда