Дэманстравалі спрыт і вынослівасць

У мінулы чацвер у “Бадзёрасці” ладзіліся абласныя спаборніцтвы па плаванні на прызы БТА ГА “Беларуская федэрацыя плавання” “Старты надзей. 8 этап”. Прадэманстраваць свае спрыт і вынослівасць на водных дарожках сабраліся 230 юных плыўцоў з Пружан, Бярозы, Пінска, Кобрына, Лунінца, Жабінкі, Брэста, Баранавічаў. Выступалі хлопчыкі і дзяўчынкі ў дзвюх узроставых групах. Дыстанцыі таксама былі дзве — 50 метраў брасам і 200 метраў стылем батэрфляй.
…Гучыць сігнал, і юныя спартсмены хутка скачуць з тумбачак у ваду. Уваход у кожнага розны: адзін, як рыбка, сігае ў водную гладзь роўна, амаль без пырскаў, другі — як маленькі бегемот, раскідваючы ногі-рукі ў палёце. Балельшчыкі і яны ж удзельнікі раз-пораз скандзіруюць: “Хоп! Хоп! Хутчэй!” Трэнеры перажываюць за “сваіх” і пасля нетаропка тлумачаць, якія памылкі былі зроблены плыўцамі на дарожцы. Для некаторых удзельнікаў гэта першыя ў жыцці старты, іншыя ўжо збіліся з падліку.
— Як настрой? — пытаюся перад стартам у Паўла Гурына. Ён тут разам з сястрычкай Надзеяй.
— Баявы!
— Хвалюешся?
— А навошта? Я ў сваіх сілах упэўнены…
І сапраўды — як скокнуў у ваду, адразу ўзяў рытм і, не звяртаючы ўвагі на сапернікаў, роўна і з відавочным адрывам пераадолеў дыстанцыю.
У Паўла і сапраўды вопыт спаборніцтваў і перамог на іх багаты, аб чым сведчаць медалі і дыпломы. Ён вучыцца ў Брэсцкай спартыўнай школе. Захапілася плаваннем і таксама мае перамогі меншая за яго на год сястра Надзя. Плаваюць у басейне і іх два брацікі-дашкольнікі Максім і Міша. Мо з іх таксама атрымаюцца зоркі водных дарожак?
— У цэлым я задаволена вынікамі, якія паказалі выхаванцы нашай СДЮШАР, — каменціруе трэнер-выкладчык Людміла Гаўрылюк. — Напрыклад, Рома Іскрыцкі, які выступаў у старэйшай падгрупе, значна палепшыў свой вынік. Яму зусім крыху засталося да 1-га дарослага разраду. Аляксандр Шэдаў сёння выканаў нарматыў 2-га дарослага. Парадавалі малодшыя дзеці: Ілья Пархуцік, Яраслаў Муха, Вера Яновіч, Надзея Гурына, Кацярына Селех, яны годна пераадолелі дыстанцыю. Некаторыя з іх плылі 200 метраў батэрфляем.
Што тычыцца гасцей, то прыемна ўразілі юныя спартсмены з Брэста, Пінска і Баранавічаў, дзе маюцца спартыўныя класы. Адчуваецца выдатная падрыхтоўка і майстэрства. Бачна, што дзеці мэтанакіравана займаюцца спортам, звязваюць з воднымі дарожкамі сваю будучыню і не “распыляюцца” на іншыя гурткі-захапленні.
Лічу, арганізацыя падобных маштабных спа-борніцтваў па плаванні прыжывецца ў СДЮШАР. Дзеці падчас іх набываюць пэўны вопыт, бачаць, што ўмеюць іншыя, і самі намагаюцца паказаць лепшыя вынікі.
Святлана БЯЛЯК
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.