Здаецца, зіма вырашыла нарэшце ўступіць у свае правы і парадаваць беларусаў снегам і маразамі. А калі ў нябеснай канцылярыі даведаліся, што на Жабінкаўшчыне на мінулую пятніцу быў запланаваны раённы этап спартыўна-масавага мерапрыемства “Снежны снайпер — 2021”, то акурат да яго пачатку з аблокаў пасыпаўся пульхны сняжок і раз-пораз паблісквала сонейка, якое сваімі яркімі промнямі падбадзёрвала юных удзельнікаў.
А сабралася ў Ленінскай сярэдняй школе на спартыўнае спаборніцтва ажно 76 чалавек, якія прадстаўлялі 11 каманд з кожнай школы раёна і гарадскога ліцэя. Хлопчыкі і дзяўчынкі ў чатырох узроставых групах з 2004 па 2010 год нараджэння спаборнічалі ў трапнасці стрэлаў па мішэнях з пнеўматычнай вінтоўкі, а потым высвятлялі, хто з іх найхутчэй бегае на лыжах.
Першая частка “Снежнага снайпера” праходзіла ў спартыўнай зале. Юныя стралкі павінны былі трапіць у мішэні з 10-метровай адлегласці. На дзіва, дзяўчаткі аказаліся больш трапнымі і прыносілі камандам больш заліковых ачкоў. Напрыклад, Вольга Лісоцкая з Ракітніцкай школы лёгка выбіла ўсе пяць мішэняў, (як, дарэчы, і Арцём Сухарэвіч з гэтай жа школы). Чатыры пападанні на рахунку ў Мікіты Разановіча з Ракітніцы, столькі ж — у Веранікі Кавалёнак з Хмелеўскай адзінаццацігодкі. Ну, а за промахі спартсменам даводзілася бегчы на лыжах штрафныя кругі на стадыёне, акрамя асноўнай дыстанцыі. Дарэчы, спаборніцтвы на лыжні дапамаглі выявіць самых хуткіх. Гэта, напрыклад, Ігар Мальчук з Якаўчыцаў, Арцём Сухарэвіч, Сафія Кікаўская, Мікіта Разановіч і Ганна Вырва з Ракітніцы, Ягор Папоў з Ленінскай школы.
Нарэшце хваляванні ўлегліся, і суддзі пасля падліку ачкоў аб’явілі вынікі. Трэцяе агульнакаманднае месца занялі юныя біятланісты з Ленінскай школы. Іх да спаборніцтваў рыхтавалі настаўнікі фізічнай культуры і здароўя Генадзь Балтрамяюк, Аляксандр Філіманюк і Аляксандра Крэйдзіч. “Срэбра” заваявалі прадстаўнікі Якаўчыцкай школы на чале з настаўнікам Ігарам Ганчаруком.
Абсалютнымі ж пераможцамі раённых спаборніцтваў “Снежны снайпер — 2021” сталі ракітчукі — выхаванцы Віктара Цікумса. Гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі ўжо трэці год запар горда носяць званне лепшых біятланістаў раёна, летась абаранялі гонар Жабінкаўшчыны на абласным узроўні і нават спрабавалі свае сілы на рэспубліканскім у Раўбічах! Сёлета, у лютым, ракітчукам зноў выпадае гонар прадстаўляць раён на абласных спаборніцтвах. Пажадаем ім поспехаў!
Святлана БЯЛЯК
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
