Абяцанне юнага хакеіста

Абяцанне юнага хакеіста

У сям’і Святланы і Віктара Цікумсаў з аграгарадка Ракітніца трое сыноў — Ігар, Аляксандр і Раман. Мама — бухгалтар мясцовай сельгасарганізацыі, тата — настаўнік фізічнай культуры і здароўя ў школе. Дзеці — іх гонар і надзея. Думаецца, што хлопцы яшчэ неаднойчы праславяць сваімі дасягненнямі навучальную ўстанову, аграгарадок і Жабінкаўшчыну.
— Малодшы Ромка, мабыць, будучы футбаліст: казку не чытай — дай мяч паганяць, — усміхаецца тата. — Яму, канечне, падабаецца глядзець мульцікі ў маміным тэлефоне, але, калі прапаную пагуляць у футбол, кідае забаўлянкі і куляй бяжыць на вуліцу. Асабліва любіць стаяць на варотах і вельмі радуецца, калі зловіць мяч. Набегаецца, а потым з бабуляй Марыяй рашае задачкі і чытае кнігі. Восенню пойдзе ў першы клас.
Старэйшы сын Цікумсаў Ігар спачатку вельмі захапляўся плаваннем. Некалькі гадоў запар займаўся ў брэсцкім Палацы водных відаў спорту, адчуваў сябе ў басейне, як рыба ў вадзе, паказваў выдатныя вынікі і падаваў спартыўныя надзеі. А потым яго “паланілі” камп’ютарныя тэхналогіі. Што-дзённыя трэніроўкі ў басейне змяніліся заняткамі ў IT-школе. Бацькі не хаваюць радасці: свой праграміст расце — не трэба траціцца на абслугоўванне хатняга камп’ютара.
Сярэдні сын, трэцякласнік Аляксандр, — асаблівы гонар сям’і. Дзякуючы свайму захапленню ён аб’ездзіў ужо паў-Беларусі, пабываў у Польшчы, Чэхіі і нават у Кітаі. А пачалося ўсё з неверагоднай любові да… хакея.
— Сашку мо годзікі тры было, калі мы заўважылі, што, як толькі па тэлевізары ідзе хакей, ён “прыліпае” да экрана і сядзіць нерухома, — расказвае мама. — Аднойчы, калі прывезлі Ігара ў басейн, муж завёў Сашу ў Лядовы палац, дзе якраз трэніраваліся дарослыя хакеісты. Хлопчык заварожана назіраў за гульнёй і не хацеў пакідаць трыбуну. Калі нехта з гульцоў даў патрымаць клюшку, малы ажно свяціўся ад шчасця. Звярнуліся да трэнера, ён паціснуў хлапчуку далонь і прапанаваў крыху падрасці, маўляў, чатыры гадкі ўсяго, форма хакеісцкая будзе вялікая. Давялося цэлы год задавольвацца аматарскім катаннем з татам у Кобрыне і Брэсце. Калі Сашу споўнілася пяць, яго ўзяў у сваю групу вопытны трэнер Арцём Прыходзька. Ён адразу заўважыў настойлівасць хлопчыка, цярплівасць і жаданне вучыцца. На заняткі ездзілі 4-5 разоў на тыдзень. Ужо ў сем гадоў Саша стаў паўнавартасным членам каманды “ХК-Брэст-2020”. Цяпер трэніруецца штодзённа.
— Самае цікавае пачалося, калі наша каманда стала ездзіць па Беларусі, — дзеліцца ўражаннямі юны хакеіст. — Мы гулялі на лёдзе ў Івацэвічах, Пружанах, Пінску, Оршы, Горках, часта бывалі ў Мінску, а яшчэ за мяжой. На мой погляд, найцікавейшая гульня атрымалася восенню мінулага года ў Кітаі, у маленькім гарадку побач з Чжунджы, адкуль мы вярнуліся з перамогай. Шкада, што цяпер мы нікуды не можам выехаць. Але трэнер паабяцаў: мы яшчэ сябе пакажам, як толькі сітуацыя стабілізуецца.
Святлана расказала, што захапленне сына не з танных: адна толькі экіпіроўка абышлася ў круглую суму, не ўлічваючы таго, што нядаўна набылі ўжо чацвёртую пару канькоў.
— Калі бачыш, як гараць вочы сына, як ён мужнее і сталее дзякуючы спорту, ніякіх грошай не шкада, бо дзеці — наша будучыня, — гаворыць суразмоўніца.
— Мама, калі я вырасту, падару табе “Лексус”, — туліцца да матулі Аляксандр. — Я абавязкова стану вядомым хакеістам і праслаўлю нашу Ракітніцу. Вось пабачыш! Тата, мая трэніроўка праз гадзіну — паехалі!
Запісала Святлана БЯЛЯК
Фота з сямейнага архіва

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top