Такіх людзей з біблейскіх часоў завуць соллю зямлі і святлом свету. На цэнтральнай плошчы горада-спадарожніка бачнае месца займае Дошка гонару Жабінкаўскага раёна. На ёй – арганізацыі і працаўнікі, якія дабіліся поспехаў па выніках года. Аднак ёсць сярод уганараваных асобы, чые партрэты і імёны прапісаны тут назаўсёды, паколькі яны абвешчаны Ганаровымі грамадзянамі нашага краю. Гэта званне – вышэйшая ступень удзячнасці і прызнання ад жыхароў Жабінкаўшчыны. Яно надаецца лепшым з лепшых, хто праславіўся ў вытворчай і грамадска-культурнай дзейнасці, у развіцці эканомікі, навукі і мастацтва, паспяхова вучыць і лечыць, гераічна абараняе наш спакой, мае выдатныя дасягненні ў фізічнай культуры і спорце ды іншых сферах жыцця, што атрымалі шырокі грамадскі розгалас у Беларусі і за яе межамі.
Імёны на Дошцы гонару
Быў цудоўны ліпеньскі дзень 2017 года. Жабінка святкавала свой юбілей. Сярод
мноства яркіх падзей – адзін з запамінальных момантаў: на сцэну ўзнімаецца Генадзь
Вялько. Праз імгненне пад апладысменты землякоў тагачасныя кіраўнікі раёна
Дзмітрый Гарадзецкі і Анатоль Шалтанюк уручылі пасведчанне і блакітную стужку Ганаровага
грамадзяніна Жабінкаўскага раёна былому дырэктару
цукровага завода. Такім чынам Генадзь Іванавіч стаў першым жабінкаўцам, што
атрымаў гэтае высокае званне. Лічыце, лепшыя гады жыцця ён прысвяціў роднаму
прадпрыемству, якое за дзесяцігоддзі, калі Генадзь Вялько стаяў на яго
“капітанскім моціку”, стала сапраўдным флагманам індустрыі нашай краіны.
Праз год цырымонія паўтарылася. На гэты раз высокую ўзнагароду атрымаў
колішні дырэктар саўгаса “Рагазнянскі імя 50-годдзя СССР” і старшыня
Жабінкаўскага райвыканкама Мікалай Прасмыцкі. Мікалай Аляксандравіч фактычна
стаяў ля вытокаў аграгарадка Ленінскі, з яго лёгкай рукі і светлага розуму
пачалася дарога да поспеху і перамог, па якой “ленінцы” і сёння паспяхова крочаць
у будучыню. Вельмі шмат для далейшага развіцця зрабіў яшчэ адзін дырэктар
“Рагазнянскага” – Аляксандр Семянюк, таксама Ганаровы грамадзянін Жабінкаўскага
раёна. На жаль, партрэт Аляксандра Васільевіча на Дошцы гонару мае чорную
стужку: светлага чалавека ўжо няма на гэтай зямлі, але ў памяці тых, хто яго
ведаў, ён застаецца і зараз.
Шмат гадоў прысвяціла развіццю Жабінкі і раёна былая старшыня райвыканкама
Валянціна Рай. Вельмі многія значныя аб’екты ўзніклі ў яе часы. Спакваля
Жабінка быццам рыхтавалася займець важны статус горада-спадарожніка, і ў тым,
што гэта адбылося, адчуваецца вялікая заслуга ў тым ліку і Валянціны Іванаўны.
21 чэрвеня 2019 года за значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Жабінкаўшчыны
і актыўную грамадскую дзейнасць яна атрымала званне “Ганаровы грамадзянін Жабінкаўскага раёна”.
2022 год прынёс адразу два ўганараванні. Вясной высокая ўзнагарода была
прысвоена урачу Іосіфу Арлаўцу, а восенню – ігумену Серафіму. Іосіф Юзэфавіч
узначальвае цэнтральную раённую бальніцу. Ён адзначаны як высокі прафесіянал
сваёй справы, які зрабіў нямала дзеля аховы здароўя жабінкаўцаў. А айцец
Серафім (у міры – Васіль Іванавіч Пятручык) лечыць малітоўным словам чалавечыя
душы. 1 лістапада 2022 года пасведчанне аб высокім прызнанні настаяцель
вядомага манастыра атрымаў з рук тагачаснага старшыні райвыканкама Вадзіма
Краўчука ў Хмелеве, дзе айцец Серафім служыць больш за 20 гадоў.
Летась спіс лепшых з лепшых папоўніла імя былога дырэктара ПМК-19 Пятра
Вайноўскага. Поспехі і дасягненні Пятра Уладзіміравіча адзначаліся не раз: ён –
Выдатнік воднай гаспадаркі СССР, Ганаровы меліяратар Беларусі, а цяпер яшчэ і Ганаровых
грамадзянін раёна, які для яго па-сапраўднаму родны.
Год ад году папаўняецца Дошка гонару. Сёлетні – Год якасці – таксама не
стаў выключэннем, бо колькі існуе беларуская зямля, столькі нараджае яна годных
людзей, а тыя паспяхова абрабляюць кожны сваю ніву.
21 ліпеня 2024-га ў Дзень горада Жабінкі было абвешчана імя, сустрэчанае
бурнымі апладысментамі. На сцэну на галоўнай плошчы ўзнялася новая ўладальніца
звання “Ганаровы грамадзянін Жабінкаўскага
раёна”. Ёю
стала дырэктар ААТ “Вазнясенскі” Надзея Кандрацюк. Ужо раней Надзея Рыгораўна і
калектыў, які яна ўзначальвае, перамагалі ў шматлікіх спаборніцтвах, і вось
цяпер імя выдатнага кіраўніка і добрага чалавека на гады, а мо і на вякі
ўнесена ў гістарычны летапіс нашай зямлі.
Прызнанне ў іншых краях
Аднак нельга таксама забываць імёны таленавітых нараджэнцаў
Жабінкаўшчыны, чые заслугі знаходзілі прызнанне далёка ад роднага парогу. Між
іншым, яны станавіліся Ганаровымі грамадзянамі іншых гарадоў і раёнаў і гэтым прыносілі
славу не толькі сабе, але й малой радзіме, якая ўзгадавала будучых славутасцяў.
Спісак такіх выдатных асоб адкрывае нараджэнец вёскі Федзькавічы, сусветна
вядомы навуковец-практык, акадэмік-геолаг Андрэй Трафімук (1911 – 1999). У 1983
годзе Андрэй Аляксеевіч стаў Ганаровым грамадзянінам Новасібірска, а ў 2000-м
(на жаль, ужо пасмяротна) – Ганаровым грамадзянінам ХХ стагоддзя Новасібірскай
вобласці.
Званне “Ганаровы грамадзянін горада Белаазёрска” цалкам заслужыў у 1998-м
дырэктар Бярозаўскай ГРЭС (1992 – 2001) Іван Баярчук (1938 – 2023). Амаль 55 гадоў
Іван Уладзіміравіч прысвяціў станцыі, шмат паспрыяў развіццю Белаазёрска –
горада, які нараджаўся, рос і квітнеў на яго вачах. А малая радзіма Івана Баярчука
– нашы Мацеевічы.
Гораду над Бугам прысвяціў шмат часу і сіл нараджэнец вёскі Залуззе Аляксандр
Палышанкоў. У 2004–2014 гадах Аляксандр Сяргеевіч узначальваў гарвыканкам у Брэсце,
а ў 2014-м стаў яго Ганаровым грамадзянінам.
Нарэшце, у самым пачатку 2015 года яшчэ адзін зямляк
атрымаў ганаровае званне. Іван Мароз прыйшоў на свет вясной сорак
пятага года ў вёсцы Свішчы, амаль тры дзясяткі гадоў быў дырэктарам ААТ
“Кобрынаграмаш”. Заслугі Івана Паўлавіча былі адзначаны ордэнамі, медалямі і
высокім званнем “Ганаровы грамадзянін Кобрынскага раёна”.
Такім чынам, куды б не заносіў лёс жабінкаўцаў, яны
вельмі часта першыя і нярэдка лепшыя!
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
Popularity: 1%