Мужчына – наш зямляк – ужо далёка не першы год у даўгах, як у шаўках. Здаецца, за такі працяглы тэрмін мог бы і засвоіць простую ісціну: сябруй з законам дый жыві спакойна. Аднак гэтага звычайнага жыццёвага правіла грамадзянін А. прытрымлівацца ніяк не жадае. Нават толькі пералік яго пазык можа здзівіць любога законапаслухмянага чалавека. У А. і штрафаў шмат, і падаткі ён не выплочвае, і ўзносы ў фонд заработнай платы ім не папаўняюцца…
Усё разам ужо стварыла ўнушальны доўг, які складае больш за 20 тысяч рублёў. У выніку спецыялісты аддзела прымусовага выканання пачалі прымяняць у дачыненні да нядобрасумленнага плацельшчыка меры прымусовага выкананння. Апошняй мерай для закаранелага парушальніка закону стала пазбаўленне права кіраваць механічнымі транспартнымі сродкамі. Аднак мужчына па-ранейшаму працягваў карыстацца аўтамабімлем і ездзіў, быццам шумахер, парушаючы правілы дарожнага руху. Пра тое сведчыла фотафіксацыя на дарогах, у выніку не раз да вялікай колькасці даўгоў дадаваліся ўнушальныя штрафы за невыкананне гора-вадзіцелем хуткаснага рэжыму.
Традыцыйна спецыялісты АПВ сумесна з супрацоўнікамі ДАІ праводзяць рэйды. Падчас гэтых мерапрыемстваў выяўляюцца транспартныя сродкі, якія знаходзяцца пад арыштам у судовых выканаўцаў. Калі такія машыны знаходзяцца, яны адбуксоўваюцца на штрафстаянкі. Вядома, у дачыненні да аўто жабінкаўскага парушальніка такая мера была прыменена. Познім вечарам яго аўтамабіль быў спынены прадстаўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі ў Пружанскім раёне. Яны патэлефанавалі начальніку Жабінкаўскага АПВ, каб паведаміць, што затрымалі машыну А. Міліцыянераў таксама цікавіла, ці актуальным застаецца арышт транспартнага сродку з боку судовых выканаўцаў, паколькі сам парушальнік сцвярджаў, быццам да яго машыны падобную меру прымяняць не маглі. У выніку машына была змешчана на штрафную стаянку ў Пружанах.
Гэта аказалася вельмі дзейснай справай, і цяпер, лічы, штодня на рахунак раённага аддзела прымусовага выканання паступаюць грошы ад А., які імкнецца пагасіць даўгі.
Ірына ТЭАДАРОВІЧ, начальнік раённага аддзела прымусовага выканання; Анатоль РОСТАЎ

Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%