Тое, што ў жыццё смела ўвайшла камп’ютарная тэхніка і карыстацца інтэрнэтам ды рознымі гаджэтамі ўмее, лічы, амаль кожны, вядома, станоўча паўплывала на многія галіны гаспадарання. Гэта з аднаго боку, а з другога – дало рознага роду ашуканцам магчымасць абкрадваць людзей.
Вось прыклады. Нейкая невядомая асоба для таго, каб завалодаць чужымі грашыма, размясціла аб’яву на “Куфары” ў сетцы інтэрнэт аб продажы аўтамабіля “Сітраен”. А калі жабінкавец Р. перавёў на прапанаваны рахунак банкаўскай плацежнай карткі каля сямі тысяч рублёў, дык застаўся і без грошай, і без аўто.
Іншы камп’ютарны зламыснік назваўся прадаўцом ёлачных цацак ў інтэрнэт-магазіне “Пасцельная Бялізна Орша”. Гэты невядомы “Містэр Х” атрымаў доступ да інфармацыі і скраў з карт-рахунка грамадзянкі Г. 658 рублёў. А іншая жабінкаўчанка пасля размовы са злодзеем, які прадставіўся работнікам банка і ўвайшоў у давер да жанчыны, увогуле атрымала маёмасную шкоду ў буйным памеры, які вымяраецца амаль у 35 тысяч беларускіх рублёў.
Пацярпелі таксама Л. ды І. з Жабінкі, што паверылі махлярству і пазбавіліся грашовых сродкаў.
Не ўпершыню папярэджваем: не верце ліслівым словам так званых “добразычліўцаў”, якія гатовы “пазнаёміцца” з вашымі плацежнымі карткамі… Інакш вас можа чакаць сумны фінал: развітаецеся са сваімі зберажэннямі.
Антон ЦЫМУС.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%