Бываюць мясціны, што літаральна дыхаюць мінулым. На Жабінкаўшчыне адным з такіх колішніх населеных пунктаў, дзе былое заўжды побач з сучаснасцю, з’яўляецца частка аграгарадка Ленінскі, што завецца Ацячызнаю. Гэта месца з жывой гісторыяй, куды прыязджаюць, каб да яе дакрануцца.

Ацячызна – былая вёска, што ўваходзіла ў склад Рагазнянскага, а затым Ленінскага сельсавета. У старадаўніх дакументах яна сустракаецца з другой паловы ХVII стагоддзя. Афіцыйна Ацячызна спыніла існаванне 55 гадоў таму, калі паводле рашэння Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў вёску далучылі да пасёлка Ленінскі.
На працягу сваёй гісторыі населены пункт па-рознаму пазначаўся на картах і ў старых паперах: Атэчына, Ацячызна, Отчына, Атчызна, Гатэтчына, Гацячызна і Гатоўшчызна-Здзітавец. Найбольш верагоднае паходжанне назвы вёскі звязана са словам “гаць”, якое азначае дарогу, пракладзеную праз балота або гразкае месца, створанае для зручнасці перамяшчэння. Менавіта ў такой мясцовасці на мяжы ХVII і ХVIII стагоддзяў і ўзнікла Ацячызна ў якасці шляхецкага двара.

Прыгадаем кароткую хроніку падзей, звязаных з былым паселішчам, размешчаным паблізу шашы М1, якая перасякае Беларусь ад Брэста да расійскіх межаў.
У 1699 – 1700-я гады была складзена грамата, якая апісвала падзел зямельнай і маёмаснай спадчыны паміж братамі Фядзюшкамі ў Ацячызне. Старэйшы з іх Фёдар Фядзюшка выступіў у ролі спонсара новай Крыжаўздзвіжанскай царквы ў Рагозне, размешчанай на ацячызненскай зямлі.

У 1744 годзе ў якасці ўласнікаў маёнтка выступалі прадстаўнікі сям’і Сяклюцкіх, якія кіравалі Ацячызнай больш за шэсцьдзесят гадоў, ажно да ХIХ стагоддзя. Паны Сяклюцкія першымі ўзвялі драўляны будынак. Затым фальварак не раз рамантаваўся і пры гэтым пашыраўся, калі гаспадары набывалі ўсё новыя надзелы ў суседніх збяднелых памешчыкаў.
Праз паўвека, 17 верасня 1794 года, ацячызненскія наваколлі зведалі пабурэнні падчас знакамітага Крупчыцкага бою паміж расійскім палкаводцам Аляксандрам Суворавым і кіраўніком касцюшкаўскіх паўстанцаў генерал-маёрам Каралем Серакоўскім.

У 1806 годзе маёнтак перайшоў у валоданні князёў Бельскіх. Тыя выводзілі паходжанне ад нашчадкаў вялікага князя літоўскага Гедзіміна. Першы ўласнік Ацячызны з гэтага роду Міхаіл Ян Бельскі нарадзіўся ў 1765 годзе і адносіўся да галіны княскай сям’і, якая ў ХIV стагоддзі прыняла каталіцтва і ўжо каля трохсот гадоў мела шматлікія надзелы ў Кобрынскім павеце.
У 1816 – 1817 гадах у Расійскай імперыі праводзіўся сёмы па ліку перапіс насельніцтва – так званыя “рэвізскія казкі”, вядомыя нам па творах Мікалая Гогаля. Перапіс патрабаваўся ўладам для вызначэння колькасці сялян, за якіх дваране плацілі падаткі. На той час у Ацячызне пражывала 112 прыгонных.
Летам 1845-га колькасць падданых у маёнтку Ацячызна з вёскамі Бусні і Рагозна складала 461 селянін. Імі валодаў князь Іосіф Ежы (Юрый) Бельскі (Гедзімінавіч у 15-м пакаленні), які жыў у 1811 – 1866 гадах. Ён быў вядомы як мецэнат, пад уплывам расійскага імператара Мікалая I перайшоў з каталіцтва ў праваслаўе.
Паміж 1850 і 1856 гадамі маёнтак Ацячызна быў вызначаны ў якасці месца для пастояў воінскіх падраздзяленняў, што рухаліся да Брэст-Літоўскай крэпасці і ў адваротным напрамку. Іосіф Бельскі неаднаразова накіроўваў у адрас губернскіх уладаў скаргі на вайсковыя каманды, якія праходзілі праз яго ўладанні і рабілі на сваю карысць зборы з ацячызненскіх сялян. Акрамя таго, у сяле Рагозна пры вялікай дарозе з Брэста на Маскву быў заснаваны этапны пункт для перасылкі катаржнікаў. Усё гэта не толькі падрывала эканамічны стан маёнтка, але й станавілася прычынай значных эпідэмій.
У пачатку 1860 года ўласнік Ацячызны князь Іосіф Бельскі ўпершыню на землях Жабінкаўшчыны за свой рахунак заснаваў школу для сялянскіх дзяцей. Яна размяшчалася ў вёсцы Бусні, прычым у навучальнай установе веды атрымоўвалі не толькі хлопчыкі, але і дзяўчынкі.
У 1861 – 1862 гадах пасля агульнай усерасійскай адмены прыгоннага права, што адбылася ў лютым 1861 года, у Ацячызне пачала складвацца “Устаўная грамата”. Паводле гэтага дакумента, у маёнтку заставалася 80 прыдворных, паколькі 410 былых прыгонных сялян былі вызвалены князем Іосіфам Бельскім, прычым значная частка сялян атрымала свабоду па волі землеўласніка без пагашэння выкупных плацяжоў.
У 1866-м на частцы колішняга маёнтка, які перайшоў ва ўладанне князя Ксаверыя Стэфана Бельскага (1843 – 1919), сяляне стварылі Буснёўскае сельскае таварыства Рагазнянскай воласці. Названы Ксаверый Бельскі быў бачнай фігурай у жабінкаўскім краі. Ён узначальваў аб’яднанне грамадзян, крэдытна-ашчадную касу, быў адным з ініцыятараў будаўніцтва касцёла ў мястэчку Жабінка.
У 1870-я – 1880-я гады Ксаверый Бельскі дабудаваў да левага крыла палаца чатыры службовыя пакоі. Яны былі трохі вышэйшыя, чым галоўны аб’ём. З боку парку да палаца была ўзведзена вялікая тэраса, аздобленая па перыметры драўлянай балюстрадай. Палац меў шырокія сені і 13 пакояў. Галоўныя пакоі месціліся ў правым крыле палаца. Асабліва вылучалася гасцёўня, сцены якой былі аздоблены залацістай тканінай. У гэтым пакоі вісела бронзавая жырандоля на 13 свечак, стаяла мэбля ў стылі Людовіка XV, віселі малюнкі невядомага жывапісца і жаночы партрэт, створаны мастаком Жмуркам. Салон з правага боку злучаўся з зімовым садам. Побач з вялікім салонам існавалі меншы і бібліятэка, дзе меліся мармуровыя каміны, стаяла старадаўняя мэбля з чырвонага дрэва, на сценах размяшчаліся ўнікальныя карціны, прынамсі, “Святая сям’я” Рубенса і палатно мастака Тэнірса “Два рыбакі з сеткай”. Гэтыя работы былі набыты раней у Санкт-Пецярбурзе ў багатай Дзямідаўскай галерэі. Хоць сапраўднасць твора Рубенса аспрэчвалася, аднак у канцы XIX стагоддзя нейкі нямецкі калекцыянер хацеў выкупіць гэтае палатно за 100 тысяч рублёў, але гаспадар двара на тое не пагадзіўся.
У 1897 годзе паводле Першага Усерасійскага перапісу насельніцтва Ацячызны складалася з сядзібы і прыдарожнай будкі № 18, размешчанай на шашы Масква – Варшава. Колькасць жыхароў налічвала паўтары сотні чалавек.
У маі 1905-га на тэрыторыі маёнтка, які належаў Ксаверыю Бельскаму, адкрылася буйнейшая ў нашым краі вінакурня з крамай для продажу спірту. У перыяд росквіту прадпрыемства прыносіла яго ўласнікам прыбытку на суму ў 10 тысяч рублёў.
Снежань 1907 года – адбылося вялікае рабаванне ў Ацячызне: шайка з 18 разбойнікаў нанесла ўладальніку маёнтка значныя грашовыя страты.
У 1908 – 1915 гадах на Ацячызненскай вінакурні быў усталяваны паравы рухавік, што дазволіла выпрацоўваць значную колькасць спірту. Рэкордным стаў перадваенны 1913 год, калі было выпушчана звыш мільёна вёдзер.
У 1910 годзе князь Ксаверый Бельскі з дапамогай французскага архітэктара Франсуа Шэнье, які жыў у Варшаве, правёў у Ацячызне рэканструкцыю парку, які займаў 20 гектараў. У гэты час маёнтак дасягнуў свайго росквіту.
У жніўні 1915 года, падчас Першай сусветнай вайны, калі да нашых земляў наблізілася лінія фронту, кайзераўскія войскі занялі ацячызненскі маёнтак, які быў моцна пашкоджаны нямецкімі салдатамі. У доме знаходзіліся каштоўныя бібліятэка і мастацкая галерея. Між іншым, бясследна зніклі палотны знакамітых нідэрландскіх мастакоў Пітэра Паўля Рубенса і Давіда Тэнірса. Уся каштоўная калекцыя была разрабавана і, хутчэй за ўсё, вывезена ў Германію, дзе яе след знік назаўсёды.
У 1919 годзе пасля смерці Ксаверыя Бельскага ўладальнікам Ацячызны становіцца яго малодшы сын князь Эдвард Ян Бельскі-Гедзімінавіч (прадстаўнік 17-га пакалення старажытнага роду). Князь Эдвард (1878 – 1965) нарадзіўся ў Ацячызне і стаў апошнім яе ўладальнікам. Усе пяцёра дзяцей Эдварда Бельскага ў шлюбе з Францішкай Феліцыяй Камераўскай нарадзіліся ў гэтым маёнтку, у тым ліку сын Раман (1911 – 2000) – апошні мужчынскі нашчадак роду Бельскіх-Гедзімінавічаў.
Восенню 1939 года, калі ў жабінкаўскім краі была ўстаноўлена савецкая ўлада, Сафія і Яніна, малодшыя дочкі князя Эдварда Бельскага, вымушаны былі пакінуць сваю малую радзіму Ацячызну. Неўзабаве маёнтак і спіртзавод аказаліся нацыяналізаванымі.
Кастрычнік 1942 года – масавае знішчэнне на тэрыторыі былога маёнтка Ацячызна мірных жыхароў, у асноўным яўрэйскай нацыянальнасці, расстраляных у ходзе карнай аперацыі “Трохкутнік”. Пахаванне было выяўлена і даследавана летам 2025 года.
Непасрэдна сама вёска Ацячызна ў гады Вялікай Айчыннай вайны таксама часткова была разрабавана і знішчана. Назву гэтага населенага пункта можна прачытаць на адным з сімвалічных “Дрэў жыцця”, размешчаных (з ліпеня 1969 года) у мемарыяльным комплексе “Хатынь” пад Мінскам.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара і з адкрытых інтэрнэт-крыніц
Popularity: 1%
































































































































































































