Сярод шматлікіх знакамітых асоб, што паходзілі з нашага краю, пачэснае месца займае военачальнік Маркіян Якаўлевіч Германовіч (1895 – 1937), якому ў лістападзе споўнілася б 130 гадоў. Імя выхадца з палескіх Дзяменічаў было авеяна славай на палях грамадзянскай вайны. А калі адгучалі яе апошнія баі, ён нямала паспрыяў для станаўлення і развіцця арміі маладой Савецкай дзяржавы.

У родным сяле і ў Жабінцы ёсць вуліцы, названыя ў гонар Маркіяна Якаўлевіча. Данінай памяці стаў вялізны валун, размешчаны ў цэнтры вёскі Дзяменічы (на здымку), з надпісам “Землякі камкору Германовічу”. На помніку – штык і два ордэны Баявога Чырвонага Сцяга. Іх Маркіян Якаўлевіч атрымаў за свае ратныя справы.
Першая высокая ўзнагарода ўпрыгожыла яго грудзі ў 1920 годзе. Германовічу споўнілася ўсяго чвэрць веку, а ён ужо паспеў вызначыцца на палях Першай сусветнай вайны, дзе менш чым за год вырас у чыне ад прапаршчыка да штабс-капітана. Калі ж у Петраградзе адбылася рэвалюцыя, нараджэнец палескай вёскі вырашыў стаць на яе абарону, удзельнічаў у змаганні супраць англійскіх інтэрвентаў і белагвардзейцаў, а за баі пад Псковам атрымаў вышэйшы на той час вайсковы ордэн.

Аднак найбольш свае баявыя здольнасці Маркіян Германовіч праявіў на Паўднёвым фронце. Асабліва дзёрзкім, нечаканым для ворага, аказаўся пераход па забалочаным возеры Сіваш. Гэтыя месцы адкрывалі шлях у Крым, дзе знаходзіліся белыя войскі “чорнага барона” Урангеля. Перадавыя атрады чырвонаармейцаў, узначаленыя камдывам Маркіянам Германовічам, пад шалёным агнём праціўніка прарваліся на паўвостраў. А калі чырвоны камандарм Аўгуст Корк папрасіў Германовіча прадставіць для ўзнагароды лепшых байцоў, Маркіян на гэта адказаў:
– Таварыш камандуючы арміяй, героем была ўся мая дывізія. Кожны праявіў вернасць прысязе…
Узнагароджаны былі многія, сам камандзір дывізіі за праяўленыя мужнасць і адвагу стаў уладальнікам залатога гадзінніка, а трохі пазней (у 1925 годзе) быў уганараваны і другім ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга.
У лістападзе 1935 года, да свайго 40-годдзя, Маркіян Германовіч атрымаў званне камкора, быў памочнікам камандуючага войскамі Беларускай ваеннай акругі. Служыў таксама ў Туркестане, Маскве і Ленінградзе, узначальваў Ваенную акадэмію механізацыі і матарызацыі Чырвонай Арміі. З яе сцен выйшла шмат палкаводцаў Вялікай Айчыннай вайны. Аднак сам Германовіч не дажыў да яе баёў, быў знішчаны па несправядлівым абвінавачванні ў жудасным 37-м… Праз два дзясяткі гадоў ён быў цалкам рэабілітаваны. Імя славутага земляка вярнулася на радзіму, увасобілася ў помніку, імёнах вуліц, назве піянерскай дружыны ў Хмелеўскай сярэдняй школе, а галоўнае – у памяці, якую зберагаюць жабінкаўцы.
Анатоль РОСТАЎ
Фота аўтара
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
