Штогод 9 снежня ў свеце адзначаецца Мiжнародны дзень памяцi ахвяр злачынства генацыду, ушаноўвання iх годнасцi i прадухiлення гэтага злачынства. На жаль, жабінкаўскі край у час ліхалецця таксама стаў месцам многіх трагедый.

Пра тое сведчаць шматлікія помнікі, якія паўсталі на жабінкаўскай зямлі пасля вызвалення. Непасрэдна ў сённяшнім горадзе-спадарожніку з 1956 года беражліва захоўваецца магіла ахвяр фашызму з выявай жанчыны, што трымае на руках маленькую дзяўчынку, абдымаючы яе за імгненне да смяротнага выстралу. Гэта памятка пра падзеі 27 кастрычніка 1942 года – самую крывавую дату ў гісторыі Жабінкаўшчыны. Той дзень, паводле дадзеных карнікаў, стаў апошнім для паўтысячы “ўсходнікаў” і мясцовых жыхароў, расстраляных на ўскрайку мястэчка. Архіўныя дадзеныя даюць крыху меншую колькасць закатаваных, аднак ахвяры генацыду ўсё роўна вымяраюцца сотнямі. Нездарма, як згадваў у сваёй дакументальнай кнізе “Брэсцкая крэпасць” пісьменнік Сяргей Смірноў, назва “Жабінка” ў вайну выклікала жах, паколькі нашае мястэчка ўвесь час станавілася месцам аблаў і пакаранняў, што праводзілі акупанты і іх памагатыя.
Памяць пра крывава-попельную восень сорак другога года, быццам зарубкі, абазначана зараз таксама помнікамі, узведзенымі ў Жыціні і былым Сцяброве (цяпер гэтая вёска ўваходзіць у гарадскія межы). Пра ліхалецце нагадваюць масавыя пахаванні ахвяр фашызму, размешчаныя на могілках у Азятах, Буснях і Ракітніцы.
Самы вядомы мемарыял, прысвечаны ахвярам вялікай трагедыі, знаходзіцца на месцы колішняга Драмлёва – нашай “вогненнай вёскі”, знішчанай разам са 183 мірнымі жыхарамі 11 верасня 1942 года. Гэтае месца людзі наведваюць не толькі на жалобнае свята Галавасек. Каб аддаць даніну павагі драмлёўцам, сюды на працягу ўсяго года імкнуцца прыехаць жабінкаўцы, госці з іншых рэгіёнаў і нават замежжа.
Пасля таго, як вясной 2021 года Генеральная пракуратура ўзбудзіла справу аб генацыдзе беларускага народа ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і першыя пасляваенныя гады, на Жабінкаўшчыне яшчэ больш пашырылася пошукавая работа. І яна прынесла неўзабаве значны плён.
Як вынік, сёлета ў нашым раёне быў урачыста адкрыты помнік землякам, забітым і спаленым у вёсцы Янопаль, якую ўжо называюць “другім Драмлёва”. Камень-валун, які паўстаў паміж вёскамі Бусні і Багданы, распавядае аб трагедыі, што адбылася 30 верасня 1943 года.
Яшчэ адной памяткай жорсткага ліхалецця, выяўленай літаральна ў бягучым годзе, стала вялікае пахаванне мірных жыхароў, чые жыцці абарваліся восенню 1942 года ў Ацячызне (зараз паселішча ўваходзіць у склад аграгарадка Ленінскі). Няпростыя для ўспрымання экскурсіі ў гэтым месцы летам праводзіла пракуратура раёна. На раскопках, дзе знойдзены рэшткі каля дзвюхсот ахвяр, пракуратурай Жабінкаўскага раёна былі арганізаваны шматлікія наведванні гэтага месца для прадстаўнікоў арганізацый, прадпрыемстваў, моладзі і школьнікаў.
Згадаем таксама, што сёлета, калі Беларусь адзначала 80-я ўгодкі Вялікай Перамогі, свет пабачыла дакументальнае выданне “Генацыд на Жабінкаўшчыне”. Кніга ўтрымлівае мноства карысных сведчанняў пра генацыд беларускага народа, які акупанты здзяйнялі на тэрыторыі нашага раёна ў 1941 – 1944 гадах.
Пра генацыд нагадвае таксама выстава “Памяць жывая” ў Маціевіцкай базавай школе (на здымку), дзе гэтая кніга займае адметнае месца сярод матэрыялаў, прысвечаных падпольшчыкам-камсамольцам з вёскі Карды.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Дзіяны МЕЛЬНІКАВАЙ
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
