Усяго два жабінкаўцы атрымалі высокае званне “Герой Сацыялістычнай Працы”. Абодва: і Андрэй Трафімук, і Фёдар Валасюк — сёлетнія юбіляры. Фёдар Канстанцінавіч першым сярод славутых землякоў ужо ў пачатку студзеня мог бы адзначыць свае 105-я ўгодкі.

Пачынаўся 1921 год. Наш герой прыйшоў на свет у ноч перад Калядамі ў простай сялянскай сям’і, якая жыла на ўзбярэжжы Мухаўца ў вёсцы Багуславічы (сённяшнім Залуззі). Жылі яны з працы на зямлі, да якой Фёдар літаральна прырос душою з самага маленства.
Аднак яму споўнілася ўсяго дваццаць, калі давялося ўзяць у рукі зброю, каб бараніць родны кут ад чужынцаў. Падчас вайны браты Валасюкі звязаліся з партызанамі-фрунзенцамі. Аднойчы хлопцы ледзь пазбеглі гібелі, калі шукалі ў полі зброю, патрэбную народным мсціўцам. Пасля вызвалення, летам 1944 года, Фёдар Канстанцінавіч апрануў шынель і з баямі дайшоў да Варшавы, дзе быў паранены. На гэтым скончыўся яго вайсковы паход. Фёдар Валасюк быў накіраваны на працу ў міліцыю, якой прысвяціў амаль 15 гадоў сумленнай і няпростай службы, калі даводзілася ў пасляваенны час у Брэсце і Кобрыне супрацьстаяць нават узброеным бандытам.

У лістападзе 1958 года ў біяграфіі Фёдара Валасюка адбыліся карэнныя змены. Ён зноў вярнуўся да працы на зямлі. Мабыць, гэтак яму было наканавана яшчэ з юнацтва. Таму раней ці пазней сялянскі сын павінен быў пачуць спрадвечны покліч дзедаўскага поля. Фёдар Канстанцінавіч узначаліў калгас “XXI з’езд КПСС”. Асаблівую ўвагу ў развіцці сельгаспрадпрыемства новы старшыня з першых дзён звярнуў на жывёлагадоўлю і меліярацыю. І не памыліўся. Яго намаганні неўзабаве прынеслі плён. Як вынік – дзейнасць Фёдара Валасюка была заўважана і ацэнена на самым высокім узроўні.
22 сакавіка 1966 года за дасягнутыя поспехі ў развіцці жывёлагадоўлі, павелічэнні вытворчасці мяса і малака яму было прысвоена высокае званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і Молат”. Зорка Героя без усялякага перабольшвання была атрымана за добрую працу.
Людзі, што былі побач, і праз гады з цеплынёй гаварылі пра свайго кіраўніка. Імпанавалі яго вялікая працавітасць і мэтанакіраванасць. Ён умеў пачуць простага чалавека, прыслухоўваўся да парад, а таксама стараўся нікому не адмовіць у дапамозе. Пры гэтым старшыня калгаса любіў парадак і дысцыпліну, вызначаўся справядлівасцю і ніколі доўга не трымаў зла. Як кіраўнік гаспадаркі, да таго ж высока ўганараваны, Фёдар Канстанцінавіч разумеў: ён павінен заставацца прыкладам для іншых. Таму вырашыў працягнуць паход па навукі і амаль у пяцьдзясят гадоў, што называецца, без адрыву ад вытворчасці, скончыў сельскагаспадарчы інстытут у Гродна.
Акрамя названых высокіх узнагарод, грудзі чалавека, які вызначыўся на ратным полі і на фронце, упрыгожвалі ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга і Айчыннай вайны I ступені, шматлікія медалі, сярэбраны і два бронзавыя ганаровыя знакі, атрыманыя ў 1969, 1974, 1976 гадах на Выставах дасягненняў народнай гаспадаркі СССР у Маскве.
І ў кожным значным поспеху мужа адчувалася дапамога з боку каханай жонкі Марыі. Яны стварыліся сям’ю ў суровую ваенную пару, нарадзілі цудоўных дочак Надзею і Галіну, верных традыцыям старадаўняга роду. Фёдар і Марыя Валасюкі разам пражылі доўгія дзесяцігоддзі, і гэтыя іх агульныя часы ззялі святлом ўзаемапавагі, ветлівасці і дабрыні. Памяць пра Фёдара Канстанцінавіча, які пайшоў у іншы свет 23 чэрвеня 2000 года, увекавечана мемарыяльнай дошкай у вёсцы Пескі на Кобрыншчыне.
Анатоль РОСТАЎ
Фота з архіва аўтара
Поделиться ссылкой:
Popularity: 2%
